На мяжы магчымасцей: бірманскі пітон цалкам праглынуў аленя ФОТА

Для таго каб праглынуць белахвостага аленя, пітону давялося расцягнуць рот да максімальна магчымай шырыні.

25.10.2024 / 13:56

Самка бірманскага пітона есць белахвостага аленя ў паўднёва-заходняй Фларыдзе. Фота: Ian Bartoszek / Conservancy of Southwest Florida

Пра адзін з рэдкіх выпадкаў назірання за бірманскім пітонам у нацыянальным парку Эверглейдс у Паўднёвай Фларыдзе расказалі супрацоўнікі прыродаахоўнай арганізацыі.

Бірманскія пітоны ў гэтай мясцовасці лічацца інвазіўным відам. Яны былі завезены ў сярэдзіне мінулага стагоддзя і да 1990-х гадоў пачалі актыўна размнажацца і паляваць на мясцовыя віды жывёл, ва ўмовах, калі няма натуральных драпежнікаў, якія маглі б кантраляваць іх папуляцыю.

Мяркуецца, што ў Фларыдзе жывуць сотні тысяч пітонаў, якія нанеслі значную шкоду экасістэме, знішчыўшы некаторыя віды млекакормячых.

Хоць бірманскія пітоны вядомыя сваёй здольнасцю паглынаць буйную здабычу, у тым ліку аленяў і нават алігатараў, непасрэдна назіраць іх за гэтым заняткам навукоўцам атрымліваецца рэдка. Гэта абмяжоўвае аб’ём ведаў пра харчовыя звычкі гэтых змей і іх уплыў на экасістэму.

Нядаўна навукоўцы назіралі за самкай пітона даўжынёй 4,5 метра і вагой 52 кілаграмы, якая паглынула цэлага белахвостага аленя (Odocoileus virginianus), вага якога (35 кг) складала 67% масы самой змяі.

Бірманскі пітон з самым вялікім дыяметрам пашчы. Справа — 22 см (8,7 цалі). Злева — 26 см (10,2 цалі). Фота: Bruce Jayne / University of Cincinnati.

Згодна з даследаваннем, апублікаваным у часопісе Reptiles & Amphibians, каб праглынуць аленя, пашча змяі расцягнулася да 26 сантыметраў. Раней максімумам лічыліся 22 сантыметры. Каманда мяркуе, што гэта значна пашырае спіс жывёл, якія могуць стаць ахвярамі бірманскіх пітонаў.

Навукоўцы тлумачаць, што будова сківіц дазваляе пітонам расцягваць іх значна шырэй, чым у змей аналагічнага памеру, бо пярэдняя частка сківіц не зрастаецца.

Біёлаг Ян Бартошэк, які ўдзельнічае ў вывучэнні гэтых змей, распавёў, што назіраць такое відовішча ўжывую было захапляльна і «па-сапраўднаму першабытна».

Каб адсачыць самку пітона, навукоўцы выкарыстоўвалі самца па імені Ронін, абсталяванага спецыяльным трэкерам-радыёметкай. Такі падыход дапамагае даследчыкам знаходзіць самак, якіх выдаляюць з прыроды да таго, як яны паспеюць адкласці яйкі. Гэта з'яўляецца часткай праграмы па кантролі колькасці папуляцыі пітонаў, якія штогод могуць адкладаць дзясяткі яек.

У Бангладэш адна гіганцкая змяя праглынула іншую гіганцкую гадзіну

У Інданезіі гіганцкі пітон праглынуў жанчыну

Бабры атакавалі цэнтр Мінска

Харызматычны драпежнік нашых лясоў. Таямніцы беларускай рысі

Nashaniva.com