Выйшаў зборнік артыкулаў пра Максіма Багдановіча
23.10.2024 / 22:59
У выдавецтве Рамана Цымберава выйшла навінка багдановічазнаўства — кніга супрацоўніцы музея Ірыны Мышкавец «Рэ/экспазіцыя. Штрыхі да біяграфіі Максіма Багдановіча». Зборнік артыкулаў уключае матэрыялы, прысвечаныя асабістаму і творчаму шляху класіка беларускай літаратуры, а таксама яго блізкім, родным, калегам, сябрам, піша Bellit.info.
Матэрыялы зборніка — вынік пошукавай і навукова-даследчай дзейнасці супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і будуць цікавыя даследчыкам, навукоўцам, аматарам творчасці паэта.
«Ідэя кнігі не мая, я ніколі б не рашылася на такі смелы крок. Дзякуй Міхаілу Бараноўскаму, майму ідэйнаму натхняльніку, і рухавіку! Дзякуй маім калегам, былым і сённяшнім, якія крытычна ставіліся да маіх опусаў ці, наадварот, падтрымлівалі ад пачатку і да канца (дзякуй, дарагая Аленка і мой першы дырэктар музея, Мікола Трус!). Я ўдзячна сваім сябрам, сярод якіх ёсць музейшчыкі, настаўнікі, гісторыкі, архівісты, юрысты і менеджары, якія падтрымлівалі, дапамагалі, супакойвалі, суцяшалі, падбадзёрвалі і падштурхоўвалі, вучылі і накіроўвалі», — пракаментавала выхад кнігі аўтарка.