У Варшаве іншаземцы стаялі начамі ў чарзе, каб зарэгістраваць аўтамабіль. Беларус спазніўся на адзін дзень і страціў грошы
Беларус Яўген набыў у Польшчы матацыкл і хацеў паставіць яго на ўлік. Некалькі разоў спрабаваў і займаў чаргу, але кожны раз яму не ўдавалася атрымаць запаветны нумарок. Улетку для іншаземцаў дзейнічаў асобны механізм рэгістрацыі, і чэргі тады даводзілася займаць з ночы. У выніку Яўген здолеў зарэгістраваць матацыкл толькі на дзень пазней, чым таго патрабаваў закон. І атрымаў штраф. Пра казус расказала Gazeta Wyborcza, заўважыў Most.
03.10.2024 / 19:53
Фота ілюстрацыйнае
Да 26 жніўня ў Варшаве для іншаземцаў дзейнічала адмысловая працэдура пастаноўкі транспартных сродкаў на ўлік. У адрозненне ад грамадзян краіны, эмігранты павінны былі звяртацца не ў раённыя аддзелы ўпраўлення адміністрацыі і грамадзянскіх спраў, а ў агульную для сталіцы адміністрацыю.
Офіс не спраўляўся з плынню ахвотных, таму там узнікалі велізарныя чэргі — займаць месца даводзілася з ночы. Як заўсёды ў падобных выпадках, каля офіса з'явілася група прадпрымальных людзей, якая займала чаргу, а потым перапрадавала яе.
Беларусы скардзіліся на праблему — і працэдуру ўдасканалілі. З 26 жніўня іншаземцы ставяць транспартныя сродкі на ўлік па месцы рэгістрацыі. На рэгістрацыю транспартнага сродку закон адводзіць толькі 30 дзён з моманту куплі. Таму былі і тыя, хто не паспеў своечасова. Яўген — адзін з іх.
Ён купіў матацыкл 1 чэрвеня, а ў адміністрацыю здолеў прабіцца толькі 2 ліпеня. Спазніўся на адзін дзень. Мужчына спрабаваў выкарыстаць усе магчымасці, каб вырашыць праблему ў тэрмін. Але і гэта не выратавала ад штрафу ў памеры 500 злотых.
«У мяне апусціліся рукі»
Яўген ужо сем гадоў жыве і працуе ў Польшчы. Ён заняты поўны працоўны дзень, таму доўга чакаць у чарзе і тым больш дзяжурыць у ёй начамі не мог. Не дачакаўшыся нумарка ў жывой чарзе, ён спрабаваў запісацца на прыём анлайн, але ўсе даты былі разабраныя.
Калі тэрмін падыходзіў да канца, 27 чэрвеня, ён напісаў ва ўпраўленне ліст з просьбай аб дапамозе. Але там адказалі толькі агульнымі фразамі: маўляў, плынь зваротаў ад іншаземцаў вырасла, а адміністрацыя прымае меры, каб палегчыць рэгістрацыю транспарту. Беларус падзякаваў за інфармацыю, але напісаў, што яна ніяк не вырашае яго праблему.
Тады Яўгена запрасілі на сустрэчу, але прызначылі яе толькі на 2 ліпеня, на дзень пазней за апошні дзень, адведзены для рэгістрацыі.
«На наступны дзень той самы ужанд (упраўленне), у якім я быў, прыняў меры, каб аштрафаваць мяне за затрымку на адзін дзень. У мяне апусціліся рукі», — расказаў Яўген.
«Я дзейнічаў з найлепшымі намерамі, а са мной абышліся як з ашуканцам»
Спачатку беларус падумаў, што гэта памылка, бо ён цэлы месяц спрабаваў прабіцца ў акно для рэгістрацыі. Але аказалася, што памылкі тут няма: фармальна мужчына не паспеў.
«Я дзейнічаў з найлепшымі намерамі, а са мной абышліся як з ашуканцам», — здзіўляецца Яўген.
Чыноўнікі кажуць, што ўсе талоны, якія былі ўзятыя ў аўтамаце ў той дзень, былі абслужаныя. А ўсе працоўныя месцы, прызначаныя для рэгістрацыі аўтатранспарту, былі адкрытыя. Да таго ж у лісце Яўген не паведаміў, што тэрмін рэгістрацыі ягонага аўтамабіля заканчваецца 1 ліпеня.
На мяжы з Польшчай кіроўцам легкавікоў можа стаць значна лягчэй
Замена пасведчання кіроўцы ў Беларусі. Што трэба ведаць
Беларусам даводзіцца начаваць на вуліцы, каб падацца на міжнародную абарону — хто вінаваты?
Беларускія спецслужбы купілі на імя Рамана Пратасевіча два аўтамабілі ў Польшчы. Нашто?