Шрайбман дае каментары толькі тым расійскім медыя, якія гатовыя за гэта данаціць Украіне
«Даданая вартасць ад маёй прысутнасці ў расійскіх медыя для мяне асабіста не відавочна. Таму ў пэўны момант я паставіў фільтр».
02.09.2024 / 08:17
Арцём Шрайбман. Скрын відэа: chasiki_ / YouTube
У новым выпуску ток-шоу «Гадзіннічак цікае» аналітык Арцём Шрайбман расказаў, як абмежаваў сваё супрацоўніцтва з расійскімі медыя.
Па словах Шрайбмана, для яго важна прысутнасць у беларускіх медыя, каб праз іх яго пачула беларуская аўдыторыя:
«Я не хачу паўтараць адно і тое ж на некалькіх пляцоўках, у тым ліку на расійскіх. [Бо] тады беларуская аўдыторыя з-за гэтага магла пачаць меней глядзець тыя беларускія прадукты, на якіх я кажу тое ж самае, адказваючы на тыя [ж] пытанні, бо колькасць пытанняў абмежаваная».
Як прызнаецца Шрайбман, прыкладна праз паўгода пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ён зразумеў, што даданая вартасць ад яго прысутнасці ў расійскіх медыя для яго асабіста не відавочна, і «паставіў фільтр»:
«Я не разумею, навошта мне гэта. Губляецца час, іх шмат. Яны заўсёды задаюць стандартныя пытанні. Таму я ў пэўны момант паставіў фільтр — калі вы гатовыя данаціць трошкі на Украіну за пэўны мой каментар нейкую суму — мне не трэба даваць, давайце адразу туды, — я з задавальненнем».
Аналітык прызнаецца, што на яго прапанову было вельмі шмат адмоваў:
«Спачатку я пытаў на УСУ. Але зразумеў, што гэта проста немагчыма. Тады я вырашыў, хаця б дапамажыце бежанцам ці яшчэ камусьці, нейкія гуманітарныя мэты. Калі былі актуальныя генератары, збіралі на генератары. Былі медыя, якія пагаджаліся, а самыя вялікія медыя адмовіліся. «Медуза», «Дождж», Варламаў — усе адмовіліся».
«Мне гэта не так дорага, каб я біўся за гэта. Калі спатрэблюся — зробім добрую справу, дапаможам камусьці ва Украіне», — заўважае Шрайбман.
Шрайбман і Астапеня падарылі Сугак беленькага сабачку
Якімі будуць выбары 2025 года? Разважаюць Вячорка, Латушка і Шрайбман