«Тэракт», за які асудзілі немца Крыгера, зладзілі беларускія сілавікі — версія Белпола
Белпол правёў уласнае расследаванне і апісвае, што насамрэч магло адбыцца з Крыгерам у Беларусі.
31.07.2024 / 15:56
Рыка Крыгер. Фота: spring96.org
Белпол сумесна з Супольнасцю чыгуначнікаў Беларусі і іншымі партнёрамі сабраў і пераправерыў звесткі па справе грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера.
Белпол прыйшоў да высновы, што «тэракт» зладзілі сілавікі і скарысталіся наіўнасцю Крыгера.
Прыводзім асноўнае з іх версіі.
Белполаўцы звяртаюць увагу, што выбуховае прыстасаванне (яно было ў заплечніку, які Крыгеру загадалі пакласці на рэйкі) спрацавала не на асноўных чыгуначных каляінах, а паміж другаснымі (№4 і №5), якія выкарыстоўваюцца для манеўраў. У выніку былі пашкоджаны дзве шпалы і парушана геаметрыя рэйкі. На аднаўленне было затрачана дзве гадзіны. Кошт склаў 1639 рублёў 66 капеек.
Падрыў адбыўся 5 кастрычніка 2023 года ў 23.22. За паўгадзіны да і паўгадзіны пасля па каляінах №4 і №5 не планавалася руху. Да таго ж у гэты перыяд і наступныя дні не былі запланаваны ніякія вайсковыя перавозкі праз станцыю «Азярышча».
Станцыя Азярышча. Ілюстрацыйнае фота: Wikimedia Commons
Месца падрыву, адзначае Белпол, добра фіксуецца камерамі відэаназірання чыгуначнай станцыі. Для правядзення тэракту можна было выбраць месца за станцыяй, якое не праглядаецца камерамі і дзе ўсяго два чыгуначныя палотны.
Такім чынам, выбух па сваёй магутнасці і часе правядзення ніяк не мог перашкодзіць чыгуначнаму руху праз «Азярышча», не гаворачы пра магчымасць перашкодзіць вайсковым перавозкам ці пасажырскім цягнікам.
Яшчэ адзін важны момант, на які звяртае ўвагу Белпол, — у прапагандысцкім фільме пра Крыгера сцвярджаюць, што ён збіраўся ўступіць у замежны батальён «Вестэрн» (адзінка ў складзе палка Кастуся Каліноўскага) не пазней за 20 верасня 2023. Але аб стварэнні батальёна было абвешчана толькі 25 верасня.
У прапагандысцкім фільме казалі, што немец у Асіповічах здымаў вайсковую тэхніку і тэрыторыю вайсковай часткі 97115.
Рыка Крыгер. Скрыншот БТ
Выклікае пытанне і неабходнасць маршрутызацыі Крыгера Службай бяспекі Украіны (СБУ). Усе аб'екты, што ён фатаграфаваў, ёсць на гугл-картах і актуальных спадарожнікавых здымках, якія даступныя СБУ.
Белполаўцы заўважаюць, што Крыгер не з'яўляецца спецыялістам у вайсковых пытаннях і не мае ніякіх навыкаў абыходжання з выбуховымі прыстасаваннямі. Акрамя гэтага, як замежнік ён выдзяляўся сярод мясцовага насельніцтва, што стварала дадатковую небяспеку. Такія дзеянні са значна меншай рызыкай мог здзейсніць любы мясцовы жыхар.
Што насамрэч адбылося з Крыгерам?
Белполаўцы прыводзяць сваю версію таго, што здарылася з Рыкам Крыгерам.
Жыхар Германіі ў сілу асабістых абставін вырашыў змяніць сваё жыццё і ўступіць у якое-небудзь інтэрнацыянальнае падраздзяленне Узброеных сіл Украіны.
Падчас пошукаў інфармацыі ў інтэрнэце ў верасні 2023 года ён натрапіў на падстаўны акаўнт, які быў пад кантролем сілавікоў Беларусі. З Крыгерам па відэасувязі размаўляў не супрацоўнік СБУ «Мікалай» а супрацоўнік беларускіх спецслужбаў.
Падстаўны супрацоўнік пераканаў Крыгера прыехаць у Беларусь для «праверкі», не раскрываючы яе падрабязнасцей. Для таго, каб паскорыць яго прыезд, а таксама каб пазбегнуць траплення ў поле зроку германскіх спецслужбаў, Крыгер прыляцеў у Беларусь праз Азербайджан. Гэта не патрабавала наяўнасці беларускай візы, бо па прыбыцці ў краіну праз аэрапорт дзейнічае бязвізавы рэжым.
Рыка Крыгер у мінскім аэрапорце. Скрыншот з відэа БТ
Мужчына прыляцеў у Беларусь з квадракоптарам (беспілотнікам) 2 кастрычніка 2023 года. А беларускае заканадаўства з 25 верасня таго ж года забараніла іх увоз на тэрыторыю Беларусі фізічнымі асобамі.
Квадракоптар «шпіёна» каштуе каля 110 еўра, яго батарэі хапае на 9-10 хвілін палёту, а дальнасць палёту — 40 метраў. Такі беспілотнік зусім не годны для шпіёнскай дзейнасці.
Белполаўцы ўпэўненыя, што аперацыя сілавікоў з Рыка Крыгерам — гэта правакацыя.
Заданні па фота— відэаздымках аб'ектаў у Асіповічах неабходны былі для стварэння матэрыяльных доказаў «агентурнай дзейнасці ў інтарэсах СБУ».
Белполаўцы сцвярджаюць, што ў рукзаку, які забраў Крыгер з тайніка і не цікавіўся яго змесцівам, знаходзіўся муляж выбуховай прылады. Пасля мужчына атрымаў заданне пакласці рукзак каля чыгуначных шляхоў, зрабіць фота і адправіць куратару. Ніякіх інструкцый аб устаноўцы самаробнага выбуховага прыстасавання яму не давалі.
Белпол лічыць, што падрыў быў здзейснены самімі сілавікамі. Для кантролю за сітуацыяй у ноч з 5 на 6 кастрычніка 2023 года некаторыя супрацоўнікі кіраўніцтва Беларускай чыгункі знаходзіліся на працоўных месцах, а на шэрагу аб'ектаў чыгункі прысутнічалі афіцэры КДБ. Менавіта па іх указанні чыгуначнае злучэнне па станцыі «Азярышча» пасля таго, як адбыўся выбух, не перакрывалася.
Аляксандр Лукашэнка памілаваў Рыка Крыгера