«Час сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч увайшоў у сто найлепшых кніг XXI стагоддзя па версіі The New York Times
Эпас «Час сэканд хэнд» беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч трапіў у рэйтынг The New York Times Book Review «100 найлепшых кніг XXI стагоддзя». Твор увайшоў у спіс выбітных кніг першай чвэрці бягучага веку, складзены па выніках галасавання 503 пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў, публіцыстаў, рэдактараў, выдаўцоў, перакладчыкаў, піша Reform.news.
10.07.2024 / 16:49
Фота: amazon.com
Кніга Алексіевіч — на 72-м месцы рэйтынгу.
«Час сэканд хэнд», які часам жанрава акрэсліваюць як «трагічны эпас савецкага народа», прадстаўлены ў рэйтынгу The New York Times наступным чынам:
«З усіх грандыёзных няўдалых эксперыментаў XX стагоддзя нешматлікія скончыліся больш бясслаўна, чым амбіцыйная імперыя, вядомая на працягу няпоўных сямі дзесяцігоддзяў як СССР. Гібель мары пра камунізм адлюстроўваецца ў вуснай гісторыі лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алексіевіч і яе бясстрашным партрэце людзей, якія перажылі савецкую дзяржаву (ці не перажылі) — былыя зняволеныя, чыноўнікі Камуністычнай партыі, звычайныя грамадзяне ўсіх масцяў — гэта чытво, якое захапляе і адкрывае вочы».
Спіс «найбольш уплывовых кніг эпохі» фарміраваўся праз апытанне сотняў празаікаў, пісьменнікаў, публіцыстаў, навукоўцаў, рэдактараў кніг, журналістаў, крытыкаў, выдаўцоў, паэтаў, перакладчыкаў, прадаўцоў кніг, бібліятэкараў ды іншых літаратурных карыфеяў.
Рэспандэнтам дазвалялася вызначаць «10 найлепшых кніг», сыходзячы са свайго меркавання. Для некаторых гэта азначала проста «ўлюбёныя кнігі»; для іншых — кнігі, якія чыталі і будуць чытаць некалькі пакаленняў. Адзінае правіла — твор мусіць быць апублікаваны ў Злучаных Штатах на англійскай мове не раней за 1 студзеня 2000 года.
У апытанні прынялі ўдзел: Стывен Кінг, Боні Гармус, Клаўдыя Рэнкін, Джэймс Патэрсан, Сара Джэсіка Паркер, Карл Уве Кнаўсгаард, Элін Хільдэрбранд, Томас Чатэртан Уільямс, Раксана Гей, Марлон Джэймс, Сара Маклін, Мін Джын Лі, Джонатан Летэм і Джэна Буш Хагер ды іншыя творцы.
Пазнаёміцца з актуальным рэйтынгам можна тут.
Святлана Алексіевіч: Чаму мы аказаліся ў руках самай прымітыўнай дыктатуры, складана адказаць
Алексіевіч пра прарочую размову ў 2019 годзе: Мы з вамі будзем неўзабаве ўцякаць адсюль