Эксперымент на жывым чалавеку. Выйшаў першы раман на матэрыяле з жыцця беларускіх айцішнікаў

Што сплялося ў апошняй кнізе Зараславы Камінскай, расказвае Зося Лугавая.

09.07.2024 / 18:39

Гісторыя пачынаецца з таго, што Міра таямніча знікае. Ейны бойфрэнд (і адначасова шэф) Марк не хоча розгаласу, бо дзяўчына — твар рэкламнай кампаніі, таму звяртаецца да прыватнага дэтэктыва, а не ў міліцыю. Да таго ж, Міра пакідае падказкі для сваёй найлепшай, са школьных гадоў, сяброўкі Таі, і сяброўка пачынае яе шукаць. Ёй дапамагае былы хлопец Ваня.

Гэта тое, што адбываецца ў нашым свеце, але ёсць яшчэ загадкавы «той бок». Там ёсць паселішча накшталт вёскі з ладам жыцця, падобным да таго, што быў гадоў са 150 таму. На «тым баку» дзяўчына Мара, з выгляду вельмі падобная да Міры, спрабуе выратаваць свайго каханка Міхася, які змагаецца з невядомай хваробай. Мары дапамагае вядзьмарка Белагаловая і дасведчаная суседка Мар’яна, але той свет поўны небяспекі: як ад людзей, так і ад чароўных істот, як, напрыклад, крыксы, малочныя ведзьмы, улішыцы. Мара там чужынка, таму вымушаная вывучаць тамтэйшы лад жыцця, робячы багата памылак. 

Спробы вось такога фэнтэзі на падмурку беларускай міфалогіі — не рэдкая з’ява ў беларускай літаратуры. Варта ўзгадаць хаця б нядаўні цыкл Валера Гапеева пра Вольнераў. Але даволі часта ўсё гэтае традыцыйнае выглядае даволі штучным, і ў яго не ўдаецца паверыць. Тут не так. Зараслава Камінская і добра ведае, і напраўду любіць тое, пра што піша. Таму і млынар, які згаварыўся з нячыстай сілай, бо інакш ты млын ані збудуеш, ані зберажэш, — выглядае вельмі натуральна. І Мар’яна, якая вучыць Мару, як абараніць кароў ад малочных ведзьмаў, выклікае павагу сваёй упэўненай дасведчанасцю. І маладая маці Адэля, чыё дзіця ледзь да смерці не замучалі крыксы, выклікае шчырае спачуванне… 

«— Табе шкада ведзьму?

— Усё жывое жыць хоча. Яны такія самыя гаротныя, як і мы, гэтаксама кахаюць, бядуюць, шчасця шукаюць. А што са злыднямі звязаліся, душу сваю прадалі — дык ім і на гэтым свеце пакутваць, і на тым яшчэ».

Акрамя дэтэктыўнай гісторыі і загадкавай прасторы «па-той-бок», у кнізе знаходзіцца месца ўспамінам пра дзяцінства мяжы канца 80-х — пачатку 90-х гадоў. І тут самы час прыгадаць папярэднюю кнігу Зараславы, «Калядны стол», пабудаваную менавіта на ўспамінах і сямейных традыцыях. Ужо тады падчас чытання я адзначыла для сябе талент пісьменніцы да прыгадвання і ўменне сваімі ўспамінамі абуджаць уласныя ўспаміны чытачоў. Вось і гэтым разам, калі Тая прыгадвала сваё дзяцінства, часам дрыжыкі беглі па скуры — да таго гэтыя ўспаміны нагадвалі мне мае ўласныя.

Тая прыязджае ў родны горад, у бацькоўскую кватэру, дзе яе ніхто не чакае: бацькі чатыры гады таму загінулі ў аўтамабільнай аварыі. Яна не знаходзіць сілы ані штосьці змяніць у кватэры, ані прадаць яе. Кожная рэч там выклікае ўспаміны і рэфлексіі.

«…пыльны хрустальны графін, насамрэч, — гэта не проста графін, а застылы час. Крышталізаваныя чатыры гадзіны, якія бацька правёў у чарзе, каб яго набыць, і ў якія мог бы, напрыклад, пагуляць са мной. Белы з золатам сервіз — сем гадзін, бронзавая люстра — дванаццаць, збор твораў Чэхава — трыццаць дзве гадзіны. Шафа, то-бок секцыя, — кошт двухтыднёвага сямейнага адпачынку на моры, які так і не адбыўся».

Яшчэ адна тэма, да якой аўтарка час ад часу вяртаецца на працягу ўсёй кнігі, — стаўленне да традыцыйнай культуры. Кажа яна пра гэта не шмат, але вельмі трапна, актуальна і балюча. 

«… яны думаюць, што брыдкія лялькі з саломы — гэта іх вынаходка, ха-ха, як добра, агляд мастацкай самадзейнасці, во як мы прыдумалі, скульптуры з падручных матэрыялаў. Але гэта было да іх, і было напоўнена сэнсам. А што зараз? Быццам бы яны баяцца памяці і вытоптваюць яе, бы траву, а памяць жыве ў іх, вырываецца з іх падсвядомасці, і таму яны робяць страшных лялек, у якіх няма ні сэнсу, ні прыгажосці»

Героі раз-пораз вяртаюцца да разваг, чаму мы замест таго, каб зберагаць і вывучаць тое, што маем, імкнемся яго перарабіць, спрасціць, а то і проста знішчыць. Чытаеш — і бачыш саламяных зайцоў з мядзведзямі, зуброў з фанеры, расфарбаваныя камяні і плакаты з заклікамі берагчы маці-прыроду, што стаяць уздоўж беларускіх дарог. А таксама — сотні занядбаных храмаў і палацаў па ўсёй краіне, якія пакрысе разбураюцца пад дажджамі і снягамі. 

«…як калісьці пакрывалі тынкам фрэскі ў цэрквах, зараз яны пакрываюць фарбай камяні… гэта ў іх падсвядомае: змагацца з незразумелым, з тым, што большае за іх і што ім не падпарадкоўваецца. З мінулым, з прыродай. З тым, чаго яны баяцца. Пафарбаваны валун — зразумелы валун, бяспечны валун».

У кнігі лёгкі стыль, ненавязлівы гумар і шмат жыццёвых рэалій: як менскіх, так і раённага значэння. Родны горад Таі і Міры не называецца, але ў тэксце ёсць падказкі, якія не дазволяць памыліцца: Сафійскі сабор, Дзвіна, Палата.

Пры гэтым кніга прасякнутая любоўю і павагай да ўсяго свайго: да вялікага і шумнага Мінска, да жыцця ў беларускіх райцэнтрах, да беларускай прыроды і — найперш і найбольш — да традыцыйнай беларускай культуры. Але адчуваецца, што пра камп’ютарныя гульні і працу ў SMM аўтарка таксама ведае не па чутках (Міра і Тая працуюць у кампаніі, якая стварае камп’ютарныя гульні, і гэта адзін з важных складнікаў сюжэта. Як і нагода для жартаў: «Так, мне пашчасціла. Бо мэта ці не кожнага гуманітарыя, у якога ёсць пачуцце самазахавання, — «вайці в ай-ці». І так, каб не выйці».) Усё гэта робіць твор ледзь не ўніверсальным, бо ён можа спадабацца як аматарам дэтэктываў, так і прыхільнікам фэнтэзі на традыцыйным падмурку, і тым, хто любіць сучасныя тэхналогіі. 

Яшчэ адна адметная рыса кнігі — яркія жаночыя вобразы. Іх тут цэлы россып: шчырая і надзейная Тая, загадкавая і эгаістычная Міра, рамантычная настаўніца-пенсіянерка Алена Мікалаеўна, поўная жыццёвай энергіі Мар’яна, моцная сваёй вядзьмарскай сілай Белагаловая і г.д.

І тэма традыцыйных беларускіх лялек, якая раскрываецца вельмі грунтоўна і вакол яе будуецца інтрыга. Адна з галоўных гераіняў ледзь не са школьных гадоў збірае магічныя беларускія лялькі і мае сапраўдную калекцыю: штосьці знаходзіла ў старых вясковых хатах, штосьці — на анлайн-барахолках, штосьці рабіла сама на падставе музейных экзэмпляраў.

«Спадарожніца ж была адной з маіх любімых лялек. Яе бралі з сабою, калі выпраўляліся ў далёкі шлях, як напамін пра сям’ю, як адзіную памочніцу ў чужым краі. Мяккі мяшочак, набіты травою: галава перавязаная блакітнай хусцінкай, да ручак чырвонымі ніткамі прыматаная белая торбачка. У торбачцы — дробка зямлі, роднай зямлі, каб з самага далёкага кутка прывяла дадому»

Спадарожніца, Багатуха, Куватка, Асуджаная, Дзесяціручка, Жаданніца, Траўніца, Манілка, Неразлучнікі і спавівашкі — пра гэтых і іншых лялек расказвае Зараслава Камінская вуснамі сваіх гераінь на старонках кнігі. Лялькі ў кнізе — актыўныя ўдзельніцы падзеяў, яны ствараюць сваеасаблівую атмасферу, насычаюць яе таямнічасцю. 

Ледзь не адзіны недахоп рамана — не самая ўдалая вёрстка. Але мне вельмі хочацца, каб, нягледзячы на гэта, кніга знайшла шлях да чытачоў, стала папулярнай і любімай. А таксама спадзяюся, улічваючы папярэднія поспехі Зараславы («Русалкі клічуць», за якую яна атрымала прэмію «Дэбют». Другая кніга — «Калядны стол. Некулінарная кніга» — узяла прэмію Цёткі ў 2020 годзе), што і гэтым разам — не абыдзецца без прэмій. 

Зараслава Камінская, «Па-той-бок. Старыя лялькі, новыя гульні». Выдавец Раман Цымбераў, 2023 год.

Кінг занадта любіць сваіх герояў, каб штосьці скарачаць

Таямніца Падляшша і яго беларускасці

«Соня, стой» — ашаламляльны беларускі young-adult

«Ці помніш ты». Гэтая кніга можа пераадкрыць для вас беларускі свет

Певень ці пятух, валошка ці васілёк, ровар ці веласіпед, шашок ці тхор? І сотні іншых цікавых прыкладаў

Nashaniva.com