«Пакуль усё ціха». Жонка Дзмітрыя Смактуновіча расказала, што цяпер з яе мужам

«Люстэрка» даведалася ў жонкі Дзмітрыя Смактуновіча, якога нядаўна дэпартавалі з Польшчы і з-за нежадання якога ехаць у Беларусь 12 чэрвеня быў заблакаваны памежны пункт пропуску ў Тарэспалі, што цяпер з яе мужам, які ўрэшце перайшоў у Беларусь і там нават даў каментар дзяржСМІ.

14.06.2024 / 17:07

Дзмітрый Смактуновіч на памежным мосце праз Буг. Фота з яго асабістага архіва

Па словах Наталлі Смактуновіч, вярнуўшыся ў Беларусь, Дзмітрый без здарэнняў даехаў дахаты. Пасля выхаду з пункта пропуску яго не дапытвалі і не затрымлівалі.

Жонка з мужам увесь час на сувязі, у тым ліку па відэа, і кажа, што пакуль усё ціха: «Быў момант, што ўчора пад вокнамі доўга стаяў бусік, але потым нічога не было».

У той жа час, маўляў, супрацоўнікі дзяржСМІ спрабуюць атакаваць яго маці, каб выйсці на яго і атрымаць нейкія каментары: «Мабыць, хочуць цяпер ачарніць польскі бок, паказаць, што яго ніхто не затрымаў, што ён прыехаў і спакойна жыве».

Наталля запэўнівае, што ДНЖ у яе мужа скончыўся не два гады таму, хай сабе ён і сам тое казаў прапагандыстам:

«Дазвол на жыхарства ў яго быў да 2024 года. Гэтая дата стаяла на самай картцы. А анулявалі яго, аказваецца, год таму, у траўні 2023-га», — гаворыць жанчына.

Паводле яе слоў, Смактуновіч ужо напісаў прашэнне ў амбасаду Польшчы ў Беларусі, каб разгледзелі ягоную сітуацыю і разабраліся, хто вінаваты. Гэтую заяву ў яго нібыта прынялі. Пры гэтым Наталля настойвае, што сам працэс дэпартацыі быў здзейснены з парушэннямі: мужу не далі разабрацца ў тым, што ён падпісвае.

За сябе жанчына надта не перажывае: яна мае свой бізнэс (агенцтва нянь), таму праблем з дакументамі і фінансамі ў яе быць нібыта не павінна. Адно што толькі, застаўшыся адной з трыма дзецьмі, працаваць давядзецца больш.

Стала вядома, на колькі год дэпартаванаму з Польшчы беларусу забаранілі ўезд у ЕС

Дэпартаваны з Польшчы Дзмітрый Смактуновіч выступіў па тэлебачанні

«Прыйшоў пешшу з Беларусі». Палякі расказалі сваё бачанне гісторыі з беларусам, праз якога закрывалі памежны пункт

Дэпартаваны з Польшчы беларус перайшоў на тэрыторыю РБ. Рух у памежным пункце Тарэспаль аднавіўся

Беларуса, якога дэпартуюць з Польшчы, раней судзілі за перавозку нелегальных мігрантаў

Польскія памежнікі ў пункце пропуску Тарэспаль перакрылі рух у абодва бакі

З Польшчы дэпартуюць беларуса, які не хоча на радзіму. Ён на нейтральнай паласе пад Брэстам

Nashaniva.com