Серыял «Джэнтэльмены» ад Гая Рычы. Якая роля дасталася нашчадку беларускага карніка Серафіновіча?

Адным з найбольш папулярных серыялаў вясны на Netflix стаў спін-оф фільма «Джэнтэльмены». Паглядзелі, што ў ім такога, і даведаліся, якая роля дасталася ўнуку беларускага паліцая Серафіновіча, якога сёння пасмяротна судзяць у Беларусі за ваенныя злачынствы.

10.04.2024 / 08:00

Ад спадчынніка герцагскага тытула і маёнтка да кураняці — не кожны такое можа вытрымаць. Вось і Фрэдзі не змог. Кадр з серыяла

Гай Рычы ў новым сваім творы паказаў, што ў яго рукі на ўсе штукі — тут ён выступіў і рэжысёрам, і прадзюсарам, і сцэнарыстам. Ягоны аднайменны фільм «Джэнтльмены», які выйшаў на экранах кінатэатраў у 2019 годзе, быў надзвычай свежым, драйвовым і дасціпным. Баявік з выдатным акцёрскім складам у камедыйна-іранічным ключы распавядаў пра небяспечны свет наркабізнэсу ў Вялікабрытаніі, дзе арыстакратычны лоск сядзіб змяняўся на кантрасныя забягалаўкі з вулічнымі адмарозкамі.

Тады фільм скарыў гледачоў па ўсім свеце, а ягоныя візуальныя вобразы, як, напрыклад, спартыўныя касцюмы ў клетку, сталі модным трэндам — у адным з такіх з’явіўся нават Лукашэнка.

Постар серыяла

Фільм быў задуманы задоўга да таго, як Гай Рычы прыступіў да працы над ім. Паводле ягоных слоў, пэўны час ён думаў зняць яго як серыял, але пасля аддаў перавагу поўнаму метру. Поспех фільма, як заўсёды бывае ў індустрыі, пацягнуў за сабой працяг. Гэтым разам ужо сапраўды ў выглядзе серыяла.

Спін-оф працягвае ўсю тую ж тэму небяспечнага свету наркотыкаў і крыміналу, але ўжо паказвае яе з боку арыстакратаў, якія дазваляюць злачынцам выкарыстоўваць свае маёнткі, якія больш не прыносяць прыбытку, пад фермы па вырошчванні канопляў. 

Сямейства Хорніманаў на пахаванні герцага. Кадр з серыяла

У адзін з такіх маёнткаў вяртаецца са службы на турэцка-сірыйскай мяжы ў міратворчым кантынгенце ААН Эдзі Хорніман (Тэа Джэймс). Вяртанне яго выклікана тым, што бацька знаходзіцца на смяротным ложы, а значыць трэба не толькі развітацца з дарагім чалавекам, але і пачуць, што ж яму дастанецца ў спадчыну паводле тастамента. Паводле спадчыннага права ўвесь маёнтак і тытул герцага Холстэда мусілі б дастацца старэйшаму брату Фрэдзі (Дэніел Інгс), а ён з сястрой Чарлі задаволіліся б фінансавым забеспячэннем ці дарагімі падарункамі. 

Але стары герцаг унёс карэктывы ў планы старэйшага сына, адпісаўшы ўсё Эдзі. Фрэдзі ў шаленстве, бо вінны 8 мільёнаў фунтаў наркагандляру Томі Дыксану, які яго цяпер заб'е. Каб выратаваць шалапутнага брата, Эдзі хоча прадаць маёнтак амерыканскаму інвестару Стэнлі Джонстану (Джанкарла Эспазіта). 

Уладарная Сьюзен Глас усяму навучылася ў свайго бацькі, які цяпер знаходзіцца ў турме на казённых харчах. Кадр з серыяла

Аднак на парозе з’яўляецца Сьюзен Глас (Кая Скадэларыя), якая адкрывае яму праўду, што разам з тытулам і маёнткам ён атрымаў у спадчыну бацькавы справы — вялікую ферму па вырошчванні канопляў. Сьюзен абяцае дапамагчы Хорніманам, каб не давялося зварочваць наркабізнэс і шукаць іншае месца. Дый і саскочыць з дамоў, заключаных з бацькам Сьюзен, крымінальным аўтарытэтам Бобі Гласам (Рэй Уінстан), не менш небяспечна.

Пітэр Серафіновіч у ролі бандыта Томі Дыксана. Кадр з серыяла

Спробы разгрэбці сітуацыю з Томі Дыксанам атрымліваюць нечаканае завяршэнне, калі той патрабуе, акрамя грошай, каб вінаваты Фрэдзі ў касцюме вялікага кураняці прыніжаўся на камеру. 

Менавіта роля Томі Дыксана, нястрыманага і брутальнага бандзюка, брата рэлігійнага кіраўніка ліверпульскага клана, дасталася Пітэру Серафіновічу, чые продкі паходзяць з Беларусі. Але ганарыцца тут няма чым. Дзед Пітэра, Сымон Серафіновіч, у часы вайны служыў у паліцыі ў Міры, дзе адзначыўся ўдзелам у знішчэнні тысяч мясцовых яўрэяў. Пасля разам з немцамі бег на захад, дзе праз польскую армію Андэрса трапіў у Вялікабрытанію.

Пітэр Серафіновіч (крайні злева) разам з бацькам на пахаванні дзеда Сымона Серафіновіча, беларускага карніка з Міра. 15 жніўня 1997. Фота: David Cheskin — PA Images/PA Images via Getty Images 

Пра злачынствы Сымона Серафіновіча і няўдалыя спробы прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ў паваеннай Вялікабрытаніі «Наша Ніва» падрабязна распавядала ў нядаўнім артыкуле

У Серафіновіча эпізадычная роля, якая служыць завязкай і рухавіком для ўсяго серыяла, але з ёй ён спраўляецца выдатна, у гэтым яму дапамагаюць і грубыя рысы твару, і незвычайна нізкі голас. 

Па твары маладога герцага Холстэда цяжка здагадацца, глядзіць ён з пагардай, злосцю або расслаблены і задаволены. Кадр з серыяла

Спраўляецца нашмат лепш, чым выканаўца галоўнай ролі Эдзі Хорнімана — Тэа Джэймс, раней вядомы па серыі падлеткавых фільмаў «Дывергент». Яго строгі, пазбаўлены эмоцый твар — гэта не гульня, як у іншых калег па стужцы, а проста фізіялагічная асаблівасць, якая пасуе для модных часопісаў, але не вельмі для кінематографа. Так, акцёры з каменным тварам і раней дамагаліся поспеху сваёй брутальнасцю, але з’яўленне такога ў галоўнага героя ў лёгкім камедыйным серыяле выглядае не лепшым выбарам. 

У наркагандляроў літаральна нічога святога: за тару пойдзе і Дзева Марыя. Кадр з серыяла

Камічнага ў серыяле сапраўды шмат, у першую чаргу гэта гіпербалізаваныя вобразы, якія працуюць на кантрасце, але той вастрыні жартаў, якімі запомніўся фільм «Джэнтльмены», тут і блізка няма. Шмат сатыры вышэйшага свету і арыстакратыі, блюзнерства, адсылак да папулярнай культуры і да культавых майстроў. 

Мільярдэр Стэнлі Джонстан, дарагія касцюмы, алкаголь, абцягнутыя скурай крэслы ў лямпавых гістарычных інтэр'ерах — што яшчэ трэба для поспеху? Кадр з серыяла

Камічны часам нават выбар акцёраў. Так, напрыклад, Джанкарла Эспазіта, які выканаў ролю вытанчанага мільярдэра Стэнлі Джонстана, які хоча выкупіць маёнтак Холстэд, раней ужо выконваў ролю наркагандляра ў звышпапулярным серыяле «Разысціся ваўсю», а акрамя таго вядомы як персанаж мема «Мы не аднолькавыя». 

Агулам серыял — гэта сіткам, дзе ў кожнай з васьмі серый з’яўляюцца свае праблемы, вырашэннем якіх і занятыя галоўныя героі. Асноўныя персанажы і месца дзеяння не змяняюцца, як калейдаскоп змяняюцца толькі злачынцы, з якім даводзіцца мець справу — косаўскі албанец, ірландскія падарожнікі-кантрабандысты, шалёная лацінаамерыканка з мачэтэ ды паехаўшы галавой сусед-нацыст. 

Адстрэленае яечка Гітлера. Кадр з серыяла

Увесь гэты бруд папераменна чаргуецца з чапурыстымі манерамі арыстакратаў, багатымі інтэр’ерамі загарадных сядзіб з арыгінальнымі палотнамі Гейнсбара на сценах. Галоўныя героі таксама прапісаныя досыць яркімі, запамінальнымі, хоць і стэрэтыпныя — але ж на тое і існуе камедыя, каб эксплуатаваць знаёмыя стэрэатыпы. 

У выніку атрымалася грымучая сумець серыяла «Карона» пра брытанскую каралеўскую сям’ю, серыяла «Бессаромнікі» пра бесталковых маргіналаў ды эстэтыкі сталічнага барбершопа з барадатымі дзядзькамі, кубінскімі цыгарамі, дарагім алкаголем і скуранымі падшыванымі крэсламі.

Сучасныя злачынцы і гістарычныя інтэр'еры — аснова серыяльнай эстэтыкі. Кадр з серыяла

Акрамя агульнай эстэтыкі і перанятай сюжэтнай канвы, з арыгінальным фільмам серыял мала што звязвае і ягонага ўзроўню не дасягае. Тут няма свежых аўтарскіх ідэй, няма іскрамётнага гумару, няма выдатнай акцёрскай гульні — усяго таго, чым быў славуты фільм Гая Рычы. 

Фільм «Джэнтльмены» быў заблытаным клубком невялікіх гісторый, дзе кожная цягнула за сабой наступную, серыял — прамая нітка, на якую навешаны неабавязковыя гісторыі. 

Арыгінальны фільм па ўсіх параметрах пераўзыходзіць серыял, захаваўся хіба што візуальны складнік. Кадр з фільма «Джэнтльмены»

Тыя, хто хацеў зноў пагрузіцца ў прыхарошаны злачынны свет, абсалютна фэнтэзійны, але досыць пераканаўчы, застануцца цалкам задаволеныя, іншых гледачоў хутчэй чакае расчараванне ад перабольшаных чаканняў. 

«Джэнтльмены» цалкам могуць задаволіць патрэбу заняць пару вечароў праглядам якасна знятага серыяла — карцінка тут выдатная, сакавітая, прадуманая да дробязяў, гэтага не адабраць, — але на большае ён не прэтэндуе.

Выйшаў серыял «Задача трох целаў» па творах найвядомейшага фантаста сучаснасці. Што ў ім?

Стала вядома, якія праграмы закрые «Белсат»

«Дзюна: частка другая» — блакбастар, ідэальны да скрыгату ў зубах

Новы «Джокер», «Небаракі» і другі «Гладыятар»: топ-10 фільмаў, якія выйдуць у 2024-м

Ф. Раўбіч