Астапеня: «Калі вы раззлуеце дзеда, то чаго дасягнеце? Задача — кожны дзень развіваць Беларусь»

абмяркоўвайце!

У інтэрв'ю ютуб-каналу «ЧаснОК-LIVE» сацыёлаг Рыгор Астапеня расказаў, чым дэмакратычны рух можа дапамагчы Беларусі замест таго, каб проста «злаваць дзеда».

31.03.2024 / 08:00

Рыгор Астапеня. Скрын відэа chestnok_live / YouTube

Астапеня лічыць, што сёння дэмакратычны рух не можа перамагчы Аляксандра Лукашэнку і гэта «проста трэба прызнаць». Аднак ён не бачыць прычын, каб апускаць рукі. Ёсць шмат рэчаў, якія можна зрабіць.

«Сэнс не ў тым, што ты змагаешся з рэжымам, а ў тым, што развіваеш Беларусь. Твая задача — пастаянна, кожны дзень развіваць Беларусь. Каб больш людзей цябе глядзела на ютуб-канале, каб больш людзей ведала пра дэмакратычныя каштоўнасці, беларускую мову і гэтак далей».

Такім чынам, адзначае Астапеня, грамадства становіцца «больш разумным і сучасным».

«Калі вы раззлуеце дзеда, то чаго дасягнеце? У чым мэта? Што адбываецца пасля таго, што вы [гэта] зрабілі?»— задаецца пытаннем Астапеня і заўважае:

«Трэці год шырокіх эканамічных санкцый. Нічога не адбываецца. Мы бачым, што сістэма перабудавалася. Усе адаптаваліся, усё працягваецца далей. Пры тым, што санкцыі б'юць па дэмакратычным руху».

На погляд Астапені, беларусы ўнутры краіны не любяць санкцыі, бо яны замест рэжыму б'юць непасрэдна па іх: «Аляксандр Лукашэнка не лётае «Белавія», не ездзіць электрычкай у Вільню і на памежныя пераходы паміж Польшчай і Беларуссю. То-бок для чаго гэта ўсё робіцца?

Мы бярэм інструмент, якім на самой справе не валодаем, махаем ім. Але рэжым не адчувае ніякага страху, бо ён не б'е па ім. І пры гэтым атрымліваем адмоўнае стаўленне беларусаў да ўведзеных санкцый».

Чытайце яшчэ:

«Не злаваць дзеда». Рыгор Астапеня прапанаваў новую стратэгію дэмакратычным сілам

Якую Беларусь хочуць беларусы? Аналіз апытанняў дае цікавую карціну

«Мы павінны здацца Лукашэнку?» Латушка адказаў Астапеню

Nashaniva.com