ЗША таемна папярэдзілі Іран аб падрыхтоўцы тэракту на могілках, але той дазволіў яму здарыцца
Выданне The Wall Street Journal даведалася ў афіцыйных асобаў ЗША, што амерыканская выведка загадзя папярэдзіла Іран аб намерах тэрарыстаў ІДІЛ здзейсніць у краіне вялікі тэракт, але іранцы не сталі яго прадухіляць. Іран пракаментаваў сітуацыю.
28.01.2024 / 12:23
Маці аднаго з загінулых падчас тэрактаў на могілках у Іране, дзе пахаваны іранскі генерал Касэм Сулеймані. Фота: Vahid Salemi / AP
Як паведамляе WSJ, ЗША праз непублічныя каналы апавясцілі Іран, што яму пагражае маштабны тэракт падчас цырымоніі, прысвечанай памяці генерала Касэма Сулеймані.
У выніку тэракт усё роўна адбыўся і прывёў да гібелі 84 чалавек, што пакінула адміністрацыю ЗША збянтэжанай бяздзеяннем загадзя папярэджаных уладаў Ірана.
«Інфармацыя, якую мы перадалі Ірану, была досыць канкрэтнай ў плане месцазнаходжання будучага тэракта і досыць своечасовай, каб яна магла аказацца карыснай для Тэгерана ў сарванні нападу 3 студзеня, альбо прынамсі ў зніжэнні колькасці ахвяр.
Нам не зразумела, чаму Іран ёй не скарыстаўся», — заявілі амерыканскія чыноўнікі выданню WSJ.
У сваю чаргу афіцыйныя асобы Ірана напрамую не каментавалі артыкул The Wall Street Journal, аднак адзначылі, што не атрымлівалі ніякіх папярэджанняў ад амерыканцаў, «а калі б падобнае і адбылося, то гэта было б усяго толькі спробай ЗША засцерагчы сябе ад дзеянняў Ірана ў адказ».
Іран сапраўды пасля выкарыстаў тэракт як падставу для ракетнай атакі па інфраструктуры ЗША ў Іраку, а затым і для нанясення ўдараў па «аб'ектах тэрарыстаў» у Пакістане, на што той таксама адказаў ракетным ударам па Іране.
Як падкрэслілі некаторыя дзейныя і былыя афіцыйныя асобы ЗША, папярэджанне Ірана захоўвалася ў строгай таямніцы з-за асцярог раскрыцця непублічных каналаў сувязі з гэтай краінай і магчымых рэпутацыйных страт.
Акрамя гэтага, ЗША маглі апавясціць Іран аб нападзе, каб перашкодзіць яму яшчэ больш выкарыстоўваць гэта як нагоду для эскалацыі, а таксама каб стымуляваць дыялог з іранскім рэжымам для яго большай празрыстасці і згаворлівасці, перадае The Wall Street Journal.
Чыноўнікі таксама дадалі, што непрадухіленне тэракту з боку Ірана зрабіла яму «зневажальную» рэкламу на ўвесь свет, бо цяпер ён у вачах іншых дзяржаў і СМІ «не можа абараніць сябе ад тэрарыстаў».
Чытайце таксама:
Асноўныя пагрозы, якія чакаюць свет у 2024-м
Памерла 16-гадовая іранка, якая патрапіла ў кому пасля затрымання за адсутнасць хіджаба
Зяленскі звярнуўся да народа Ірана праз «Шахеды»: Для чаго вам цынічныя забойствы?