Памёр Яўген Гучок

На 84-м годзе жыцця не стала беларускага пісьменніка, краязнаўцы, выдаўца, грамадска-палітычнага дзеяча Яўгена Гучка. 

04.01.2024 / 11:57

Яўген Гучок нарадзіўся 4 лістапада 1940 года ў горадзе Слуцку ў рабочай сям'і.

Пасля вучобы ў слуцкай сярэдняй школе № 9 працаваў у геалагічным атрадзе, на мэблевай фабрыцы. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1968), а крыху пазней — і аспірантуру пры ім. Вучыўся ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце.

Працаваў настаўнікам, а з 1971 года на працягу трыццаці гадоў — рэдактарам і вядучым рэдактарам у выдавецтве «Народная асвета». Быў правадзейным сябрам геаграфічнага таварыства СССР, з 1984 года — сябрам Менскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба «Спадчына».

У свой час удзельнічаў у арганізацыі грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», а таксама Беларускага народнага фронту «Адраджэнне». Занесены ў Кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».

Першыя вершы Яўгена Гучка былі змешчаны ў 1959 годзе ў слуцкай раённай газеце «За сацыялістычную Радзіму». З таго часу выйшлі з друку яго кнігі паэзіі, прозы і публіцыстыкі «Блакітныя чмялі», «Паэма дзяцінства» (абедзве 1983), «Сэрцам і думкай» (1994), «Формула травы» (1997, 2002 — другое выданне), «На патрэбу душы» (2004), «Necropolis» (2009), «Ах, Родчанка!» (2011), «Беларусь у Магдэбургскім праве» (2013), «Альгерд Абуховіч. Зачараваны беларускім словам» (2014) і іншыя.

Чытайце таксама:

Памёр Генадзь Буралкін

Памерла Ірына Ражко

Памёр Марцэлі Косман, аўтар «Гісторыі Беларусі» на польскай мове

Nashaniva.com