Падлічылі, якія колеры ў адзенні часцей за ўсё выбіраюць беларусы — рэйтынг папулярнасці
«Куфар» правяла аналіз запытаў беларусаў і беларусак адносна колеру пры набыцці адзення. Вынікі дастаткова чаканыя.
09.12.2023 / 11:26
У той час, як колерам 2023 года быў мікс малінавага і ярка чырвонага, а для 2024 года інстытут колеру Pantone абраў Peach Fuzz ці пяшчотна-персікавы, беларусы працягваюць аддаваць перавагу чорнаму і беламу.
Аб гэтым сведчыць аналіз запытаў на Куфары. Усяго было апрацавана звыш 9 мільёнаў запытаў. З іх на мужчын прыпадае кожны трэці.
У палітры для выбару адзення на сайце прысутнічаюць адзінаццаць колераў. Акрамя класічных чорнага і белага, і такіх зразумелых як шэры, карычневы, сіні, блакітны, зялёны, чырвоны, можна выбраць бэжавы, ружовы і хакі.
Як паказаў аналіз, у тройку любімых колераў для жанчын увайшлі чорны, белы і бэжавы. Мужчыны аказаліся салідарнымі з жанчынамі толькі ў першых двух колерах. На трэцім месцы ў іх апынуўся сіні. У жанчын ён толькі на шостым месцы.
Прадстаўнікі абодвух палоў аказаліся салідарнымі і ў выбары колеру, які заняў чацвёртае месца. Ім стаў шэры.
Але нельга сказаць, што мужчыны застаюцца кансерватыўнымі. Бэжавы колер у іх апынуўся на пятым месцы і абышоў па папулярнасці хакі (шостае месца). Блакітны, карычневы і зялёны колеры ў мужчын карысталіся аднолькавай папулярнасцю. А вось радзей за ўсё моцная палова выбірала чырвоны і ружовы колеры.
Жанчыны традыцыйна праявілі сімпатыю да больш пастэльнай гамы колераў, аддаўшы больш сімпатыі блакітнаму, шэраму і ружоваму.
Чырвоны колер у жанчын, як і ў мужчын, апынуўся на перадапошнім месцы. Ну а на апошнім традыцыйна «мужчынскі» колер — хакі.
Чытайце яшчэ:
Модныя промахі, якія псуюць выгляд нават самых прыгожых мужчын. Паказваем на прыкладах беларусаў
Бяры прыклад! Дзесяць стылёвых беларусаў, вобразамі якіх можна натхняцца