Сезон граната пачаўся. Вось некалькі рэцэптаў з гранатам, пра якія вы не падумалі б
Восень і зіма — сезон граната. Пра яго карысць усім вядома, а вось у якія стравы яго можна дадаць? Ёсць некалькі ідэй.
23.11.2023 / 20:35
Гранат — гэта сакавітыя, салодкія ягады, багатыя на клятчатку, вітаміны і мінералы і нават утрымліваюць трохі бялку. У іх таксама шмат антыаксідантаў і супрацьзапаленчых злучэнняў, такіх як пунікалагін. Фота: Robbie Goodall / Getty Images
Дзякуючы рэчывам у сваім складзе гранат умацоўвае імунітэт і змяншае запаленні, а таксама нейтралізуе мікраарганізмы, што выклікаюць бактэрыяльныя і грыбковыя інфекцыі. Па словах навукоўцаў, гранат здольны яшчэ і паляпшаць памяць ды павялічваць фізічную трываласць.
Гранатавы сок паніжае ціск, таму гіпатонікам яго лепш не ўжываць. З-за высокага ўзроўню кіслотнасці гранатавы сок таксама супрацьпаказаны тым, хто пакутуе на гастрыт або язву.
Радзіма граната — Паўночная Афрыка і Сярэдняя Азія. Цяпер гэтую расліну вырошчваюць і ў іншых краінах, такіх як Іран, Турцыя, Грузія, Арменія, Азербайджан. Адпаведна, большасць рэцэптаў, у якіх выкарыстоўваецца гранат, — з кухняў гэтых рэгіёнаў. Гранат дадаюць у салаты, мясныя стравы і стравы з кускусу або падсалоджваюць соусы, дэсерты і напоі гранатавай патакай і гранатавым сокам.
Салата з вэнджаных баклажанаў, перцу і грэцкіх арэхаў з гранатам
- 4 вялікія баклажаны
- 3 вялікія чырвоныя перцы
- 50 г грэцкіх арэхаў, здробненых
- невялікі пучок пятрушкі, буйна нарэзанай
- 2 вялікія зубкі часнаку, раздушаныя
- 6 сталовых лыжак аліўкавага алею плюс яшчэ для падачы
- сок 1 лімона
- шчопаць молатай карыцы
- 75 мл гранатавай патакі
- 100 г зерняў граната
- хлеб, лаваш ці праснакі для падачы
Як гатаваць:
- Абпаліце і абвугліце баклажаны і перац альбо на грылі, альбо проста на полымі газавай пліты. Абвугліце лупіну, пакуль яна не зацвярдзее і не згарыць цалкам.
- Пакіньце баклажаны астываць на 20 хвілін. Пакладзіце перцы ў харчовы пакет, завяжыце яго і пакіньце настойвацца на 20 хвілін. Пасля гэтага абвугленая лупіна павінна лёгка саслізнуць з перцаў, пакінуўшы толькі падсмажаную мякаць. Нарэжце яе буйнымі кавалкамі і пакладзіце ў вялікую міску.
- Вялікай металічнай лыжкай вычарпайце мякаць баклажанаў і адкіньце яе на сіта, каб зліць лішні сок. Выкіньце абгарэлую лупіну. Мякаць наразаем невялікімі кавалачкамі і дадаём да смажанага перцу. Акуратна перамяшайце, дадайце ў міску грэцкія арэхі, большую частку пятрушкі, часнок, аліўкавы алей, лімонны сок і карыцу з невялікай колькасцю прыпраў і добра перамяшайце да аднастайнасці.
- Падавайце сумесь баклажанаў і перцаў раскладзенай на вялікай талерцы. Паліце гранатавай патакай, пасыпце пятрушкай, якая засталася, і зернямі граната, затым дадайце трохі аліўкавага алею. Падавайце з хлебам/праснакамі.
Гарнір з гранатам і кускусам
Яго можна выкарыстоўваць у якасці начынкі або дадатку да курыцы ці індыка.
- 400 мл агародніннага або курынага булёну
- шчопаць шафрану
- жменя гатовых да ўжывання абрыкосаў, нарэзаных саломкай
- жменя сушаных журавін
- 50 г масла
- 200 г кускусу
- 50 г ачышчаных фісташак, падсмажаных і буйна нарэзаных
- жменя зерняў граната
- невялікі пучок кінзы, нарэзаны
Як гатаваць:
- Давядзіце агароднінны булён да кіпення на патэльні. Дадайце шафран і абрыкосы (і журавіны, калі выкарыстоўваеце) і перамяшайце. Варыць вельмі асцярожна на працягу 2-3 хвілін.
- Пакладзіце кускус, алей і ½ чайнай лыжкі солі ў міску. Уліце кіпячы булён, змяшайце, затым накрыйце харчовай плёнкай. Пакіньце на 5 хвілін, потым узбіце відэльцам і дадайце фісташкі, гранат і кінзу.
Смажаная морква з тахіні і гранатам
- 16 моркавак, тонкіх, не вялікіх, але і не маленькіх, пачышчаных
- аліўкавы алей
- 1 сталовая лыжка насення кмену
- 2 сталовыя лыжкі тахіні (блізкаўсходняя паста з падсмажанага молатага кунжуту)
- 2 чайныя лыжкі кунжутнага алею
- кінза, невялікі пучок, буйна нарэзаны
- жменя зерняў граната
Як гатаваць:
- Нагрэйце духоўку да 190°C. Перамяшайце моркву з 3 сталовымі лыжкамі аліўкавага алею, вялікай колькасцю прыпраў і насеннем кмену. Выкладзіце ў адзін пласт на бляху з антыпрыгарным пакрыццём і запякайце 30 хвілін або да гатоўнасці.
- Дастаньце моркву і паліце яе тахіні і кунжутным алеем, пакуль яна гарачая. Пасыпце кінзой і зернямі граната і падавайце.
Чытайце таксама:
Рэцэпт на выхадныя: новы падыход да звыклай грэчаскай салаты
Просты ёгуртны пірог родам з турэцкай кухні. Рэцэпт і спосаб прыгатавання
Сняданак, дзеля якога хочацца прачнуцца: бліны з сырам і зелянінай