У Мінкульце расказалі пра далейшыя планы рэстаўрацыі і ўзнаўлення Крэўскага і Гальшанскага замкаў
Міністр культуры Анатоль Маркевіч падчас выязнога пасяджэння калегіі Міністэрства культуры паведаміў, што на ўзнаўленне Крэўскага замка выдзяляюцца сур’ёзныя фінансавыя сродкі. «Ужо ўкладзена больш за 5,5 мільёна рублёў», — сказаў ён, як заўважыў Reform.by.
27.10.2023 / 18:13
Крэўскі замак у сваёй архітэктуры спалучае розныя эпохі. Яскравы прыклад на здымку: сярэднявечная Малая брама і агнявая пазіцыя нямецкага бункера часоў Першай сусветнай вайны. Фота: Марыя Барташ
У наступным годзе выйдуць на завяршальны этап па абнаўленні перыметра замка. Пасля гэтага ў планах рэстаўрацыя Княжацкай вежы і яе музеефікацыя. У яе асноўнай экспазіцыі будуць прадстаўлены артэфакты, знойдзеныя тут падчас раскопак.
Начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава паведаміла, што да канца гэтага года будзе завершана кансервацыя з рэстаўрацыяй паўднёва-заходняй сцяны замка. На гэты момант завершаны каменны мур, які выканалі работнікі ААТ «Белрэстаўрацыя», наперадзе дахавыя работы. Наступным этапам будзе аднаўленне паўднёва-ўсходняй сцяны.
Цяпер ідзе назапашванне экспанатаў, якія будуць прадстаўлены ў экспазіцыі Княжацкай вежы пасля завяршэння яе рэстаўрацыі. «Частка з іх пяройдзе з фондаў Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, дзе сёння Крэўскаму замку прысвечана асобная зала, частка экспанатаў — з раскопак 20-гадовай даўніны, перададзеных Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, — дапоўніла Таццяна Ражава. — Сёлета археолагі таксама рабілі раскопкі на тэрыторыі замка, знойдзены фрагменты посуду, ядры, наканечнікі стрэл».
На Гальшанскім замку вядуцца работы па кансервацыі з фрагментарнай рэстаўрацыяй і выкарыстаннем руін былога замка Сапегаў з фрагментамі абарончых збудаванняў у рамках дзяржпраграмы «Культура Беларусі». На паўночна-ўсходнім корпусе завяршаюцца работы па рэстаўрацыі цаглянага муру сцен, кансервацыі знадворных сцен, на паўночна-заходнім корпусе завяршаюцца супрацьаварыйныя і кансервацыйныя працы.
У маі 2021 года было завершана ўзнаўленне Паўночнай вежы, у якой дзейнічае музейная экспазіцыя.
Чытайце таксама: