«Нашы пошукі мураванкі мелі і ўтылітарную мэту». Археолаг расказаў пра сёлетняе сенсацыйнае адкрыццё на Крэўскім замку
Сёлетні археалагічны сезон у Крэве многія ўжо назвалі сенсацыйным. І сапраўды, добра вядомы нам хрэстаматыйны вобраз самага старадаўняга мураванага замка Беларусі, верагодна, давядзецца істотна адкарэктаваць, сцвярджае ў інтэрв'ю газеце «Культура» навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч.
Гэтым летам навукоўцы выявілі, што насамрэч кастэль, хутчэй за ўсё, меў не дзве вежы, а тры. Аднак пра трэцюю даўно забыліся — стагоддзяў з шэсць таму. Ды яна не знікла бясследна…
— Літаральна год таму мы з вамі ўжо падрабязна размаўлялі пра археалагічныя даследаванні Крэва. І вось экстраардынарная нагода для новага інтэрв’ю…
— Гэта сапраўды фенаменальная неспадзяванка, такіх вынікаў нашай сёлетняй экспедыцыі мы не чакалі. Уся вядомая нам іканаграфія Крэва, уключаючы двухсотгадовыя выданні, адлюстроўвае паўночна-ўсходні кут як разбураны. То-бок зруйнавалі яго вельмі даўно, і нават продкі не ведалі, як ён выглядаў у Сярэднявеччы. Аднак сёлетнія даследаванні — гэта важны крок, які з часам запоўніць белую пляму.
— Але чаму тады вы абралі для раскопак менавіта гэты ўчастак?
— Мы прадчувалі, што сёе-тое там знойдзем. У 2020 годзе непадалёк на сцяне былі выяўленыя сляды цаглянай муроўкі. Гэта адразу насцярожыла: асноўны будаўнічы матэрыял у замку — камень, а цэгла выкарыстоўвалася толькі для важных канструкцыйных элементаў. Вось першы знак таго, што ў згаданым куце ёсць шанец натрапіць на нешта цікавае.
А ўжо летась спецыялісты з геафака БДУ абследавалі замкавы двор з дапамогай геарадара. Гэтая прылада арыентаваная на пошук анамалій у тоўшчы зямлі. І хаця, па словах адмыслоўцаў, такой анамаліяй можна назваць усю тэрыторыю замка, спрэс заваленую камянямі, паўночна-ўсходні кут падаўся спецыялістам асаблівым. «Тут нешта можа быць», — сказалі тады яны.
— А ці здагадваліся вы, што менавіта?
— Так, натуральна! Сёлета мы ставілі мэту адшукаць сляды мураванкі — каменнай пабудовы ўнутры замка. Многія ўяўляюць, нібы замак-кастэль — гэта чатырохкутнік, які атачае пусты двор, куды збягалася мясцовае насельніцтва падчас нападу ворагаў. Канешне, замкі ў цяжкую часіну прымалі люд з ваколіц, але цяпер мы з пэўнасцю можам сцвярджаць, што дзядзінцы ніколі не пуставалі — унутры было нямала пабудоў.
Прызнаюся, нашы пошукі мураванкі мелі не толькі навуковую, але і ўтылітарную мэту. Рэч у тым, што ў музея сёння няма памяшкання для розных аддзелаў і службаў. Гэта, канешне ж, стварае некаторыя праблемы. Не так даўно падобная камяніца была адноўленая ў аднатыпным Медніцкім замку. Там адкрылі касы, прыбіральні, лекцыйную залу… Усё патрэбнае. Мясцовыя ўлады падтрымалі ідэю рэканструяваць будынак і ў Крэве, калі для гэтага знойдзецца гістарычны грунт.
Таму, зрабіўшы належныя падлікі, мы заклалі разведвальную траншэю. І што б вы думалі — натрапілі акурат на сцяну! Пабачылі грунтоўны падмурак на вапнавай рошчыне. Сталі разбірацца, наколькі ён шырокі. Заклалі дадатковы квадрат — і выявілася, што шырыня падмурка вялізная, каля двух метраў.
Акрамя таго — мы выявілі нервюрную цэглу, з якой стваралі рэбры гатычных скляпенняў. Гэта вельмі складаная і рэдкая для таго часу тэхналогія, што ўзнікла ў нашых краях, пэўна, дзякуючы ганзейскім майстрам. Так, у Малой вежы замка скляпенняў не было, а тут на іх не паскупіліся. Стала зразумела, што мы адшукалі зусім не падмурак нейкай гаспадарчай пабудовы. Адсюль і выснова — хутчэй за ўсё, гэта невядомая раней вежа, якая мела не апошняе для замка значэнне.
Наогул, сёлетняя знаходка прымушае перагледзець нашы ўяўленні пра замкі кастэльнага тыпу. Раней здавалася, што гэта прымітыўныя чатырохкутнікі з дзвюма вежамі, але высвятляецца, што Крэўская фартэцыя была больш амбітнай і тэхнічна дасканалай, а яе стварэнне вымагала нямала рэсурсаў і майстроў.
— Чаму ж гэтая вежа знікла, не застаўшыся ў памяці?
— Выкажу наступную гіпотэзу: у 1433 годзе, у разгар грамадзянскай вайны за трон ВКЛ, войска князя Свідрыгайлы прарвалася ў замак менавіта ў гэтым месцы. Вежу настолькі разбурылі, што яна больш не аднаўлялася. Праём, вядома, заклалі, але вежу і браму (якая, напэўна, таксама была) ужо не адбудоўвалі.
— Няўжо з XV стагоддзя пра існаванне той вежы ніхто нават не здагадваўся?
— Не зусім так. Яшчэ да вайны архітэктар Абуховіч зрабіў графічную рэканструкцыю Крэўскага замка, і там трэцяя вежа пазначаная. Я лічыў гэта поўнай фантазіяй, хаця, калі ўдумацца, пэўную падставу яна магла мець. У канцы 1920-х гадоў кансервавалі руіны замка, прыбіралі завалы — і, напэўна, пабачылі тыя рэшткі муроў, якія да нашага часу ўжо не дайшлі. Цягам нацысцкай акупацыі аб’ект даследавалі літоўскія архітэктары (немцы ўключылі Крэва ў генеральную акругу Літва) і таксама адзначылі на плане пункцірам нейкую пабудову.
Але ўжо ў 1970-я ніякіх слядоў трэцяй вежы не праглядалася. Што нядзіўна: замак несупынна разбураецца. І тут варта нагадаць, што ўлюбёныя «рамантычныя руіны» многіх — гэта вялікая ілюзія. Немагчыма зберагчы помнік спадчыны, проста нічога не робячы.
Усходні бок двара я ўпершыню ўбачыў ужо тады, калі ён быў цалкам завалены будаўнічым друзам. Яго верхнюю частку сёлета давялося здымаць каўшом экскаватара — зразумела, пад пільным археалагічным наглядам. Рыдлёўка ў такіх выпадках не дапаможа.
— Які лёс чакае вашу сёлетнюю знаходку?
— Перш-наперш яна ставіць перад намі новыя задачы. Трэба поўнасцю ўскрываць той кут. Таму мы ўжо рыхтуемся да раскопак у наступным сезоне. Гэтую ідэю падтрымлівае і Белрэстаўрацыя, якая вядзе работы на аб’екце, і мясцовыя ўлады Смаргоншчыны, якім ён належыць.
Што наконт перспектывы? Весці гаворку пра рэканструкцыю вежы наўрад ці магчыма: хто ведае, як яна выглядала? Можна хіба выказаць гіпотэзы — ды змясціць іх на адмысловы стэнд. Разам з музеефікаванымі падмуркамі гэта будзе яшчэ адзін цікавы экспанат таго музея, у які з цягам часу ператворыцца Крэўскі замак.
Падчас раскопак на месцы старога Менска знайшлі манету, якой 1250 гадоў
Археалагічны комплекс на Менцы абяцаюць зрабіць новым брэндам Беларусі
У найбліжэйшы час пачнуць складаць археалагічныя карты ўсіх раёнаў Беларусі — Лакіза
Першы этап рэстаўрацыі абарончага храма ў Мураванцы амаль скончаны. Далей возьмуцца за гатычныя інтэр'еры
Каментары