Пяць вядомых беларускіх мам расказалі, што б хацелі ведаць да нараджэння дзіцяці
Да Дня маці, што адзначаецца 14 кастрычніка, «Наша Ніва» пагутарыла з пяццю вядомымі беларускімі матулямі. Ім усім мы задалі адно пытанне: што б вы хацелі ведаць да нараджэння дзіцяці?
14.10.2023 / 11:24
«Патрэбны час, каб асэнсаваць, што ты ўжо ніколі не будзеш ранейшай»
Наста Кудасава, паэтка:
— Добра было б ведаць загадзя, што жыццё ўжо больш ніколі не будзе ранейшым. Я заўсёды вельмі марыла стаць мамай і не шкадую, канешне, пра гэта ні хвіліны. Але я чамусьці наіўна ўяўляла, што пасля нараджэння дзіцяці вельмі хутка вярнуся да звычайнага ладу жыцця, звыклай фізічнай і эмацыянальнай формы, і ўсё будзе, як і было заўжды, толькі ўжо разам з дзіцём.
Наста Кудасава. Фота: budzma.org
Пагатоў цяпер так модна ў інфармацыйнай прасторы — паказваць стройных і паспяховых мам, якія ўсё паспяваюць і дома, і на працы, і выпраменьваюць спрэс пазітыў і бадзёрасць. Але з'яўленне дзіцяці — гэта не проста плюс адна асоба ў доме. Гэта поўная перабудова твайго свету, рытму і каштоўнасцяў. І напачатку гэта прыняць бывае цяжка, патрэбны час, каб асэнсаваць, што ты ўжо ніколі не будзеш ранейшай.
Гэта някепска насамрэч, цяпер мне ўжо і не хочацца быць ранейшай, але тады гэта было нечаканым. Думаю, шмат якіх памылак у маім першым мацярынстве я магла пазбегнуць, калі б ведала загадзя, што мне спатрэбіцца быць настолькі моцнай і самаахвярнай.
«Варта ставіцца да сябе адэкватна і часам дазваляць сабе слабасці, мы не мусім быць увесь час моцнымі»
Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні:
— Пра мацярынства я ведала шмат, яно было для мяне свядомым выбарам. Але ёсць рэчы, якія важна разумець і пра што мала кажуць у сродках масавай інфармацыі. Перадусім гэта тое, што мацярынства мусіць быць свядомым выбарам жанчыны, і яно не замяняе нам увесь свет.
Аліна Коўшык. Фота: прэсавая служба Святланы Ціханоўскай
Вельмі важна не забываць заставацца сабой і рэалізоўваць сябе, бо чым больш ты шчаслівы і споўнены чалавек, тым больш ты можаш даць сваім дзецям. Думаю, што нам, маці, вельмі патрэбная падтрымка, а не абмежаванні, бо спалучэнне нас у розных якасцях даецца нам нялёгка. Трэба разбураць міф аб тым, што можа быць баланс, калі ты і дом утрымліваеш, і працуеш, і гадуеш дзяцей.
Варта ставіцца да сябе адэкватна і часам дазваляць сабе слабасці, мы не мусім быць увесь час моцнымі. Калі я стомленая, я дазваляю сабе казаць, што мне патрэбен адпачынак, не чапайце мяне, калі ласка. Калі была маленькая, чула пра гэта вершык, які добра памятаю: «Мама спит, она устала».
Калі людзі стаміліся і мы даём ім адпачываць, калі клапоцімся пра іх у гэтыя моманты слабасці, гэта вельмі важна, гэта акурат выдатная праява любові. Быць слабай — гэта азначае, што мы не павінны рабіць усё ідэальна. Мне здаецца, трэба агулам забыцца на думку аб ідэальнай маме ці ідэальнай жанчыне. Ніхто з нас не ідэальны, але мы ўсе цудоўныя.
Таму трэба даваць столькі, колькі мы можам, але і не забываць пра сябе, памятаць, што трэба дбаць пра сябе і пакідаць для сябе трошкі часу, каб можна было папаўняць нашу крыніцу энергіі, якой мы потым з задавальненнем дзелімся з нашымі блізкімі. Гэта можа быць час у адзіноце, нейкае захапленне ці хобі, тое, што мы вельмі любім рабіць, але на што звычайна не пакідаем сабе часу, бо інтарэсы іншых людзей, нашых дзяцей становяцца перад нашымі інтарэсамі. Не кажу, што трэба стаць эгаісткай, але варта хоць трошкі дбаць пра сябе, бо, калі мы перастаём пра сябе клапаціцца, мы ўпадаем у іншую крайнасць. Гэты клопат — маё пажаданне ўсім беларускам: сённяшнім і будучым мамам, а таксама тым, хто свядома робіць іншы выбар.
Вучу свайго сына таму, каб ён шанаваў тое, што атрымлівае ад нас, ад бацькоў, бо гэта наша добрая воля і мы нашым дзецям насамрэч нічога не павінныя. Тое, што мы для іх робім, мы робім ад вялікай любові. Думаю, што найлепшыя рэчы, якія мы ствараем у жыцці, увогуле ідуць ад той вялікай любові, якая ёсць у нас.
«Змяніла б лёс свайго дзіцяці»
Ганна Канавалава, маці палітзняволенай Антаніны Канавалавай:
Ганна Канавалава. Фота: Facebook
— Для мяне больш важна, што б я хацела змяніць, калі б ведала, што мяне чакае ў будучыні, што мая дачка ў 2020 годзе сядзе ў турму. Канешне, [змяніла б] лёс свайго дзіцяці, [уберагла б] ад турмы. Прыклала б усе сілы, каб гэтага не здарылася.
«Трэба ведаць, што тваё дзіця мае свае межы, у якія нельга праломвацца»
Святлана Курс, пісьменніца:
— Перад тым, як нарадзіць сына, хацела б ведаць, што трэба быць вельмі добрым чалавекам і выправіць тыя грахі і недасканаласці, якія ў цябе ёсць, бо гэта непазбежна пераходзіць на тваё дзіця. Таму я б пазбавілася гэтых самых грахоў і недасканаласцяў і яшчэ болей пачытала б пра псіхалогію чалавека, асабліва маладога чалавека, каб быць лепшай маці. На жаль, у мяне гэтага не атрымалася і даводзілася ўсё выпраўляць, пакуль мой сын рос, шмат з чым працаваць і нават каяцца перад сынам, што я не была такой добрай маці, якой магла б быць, каб сапраўды занялася тэорыяй выхавання і ўсур’ёз успрымала ідэі выхавання. Але калі чалавек прызнае свае памылкі і стараецца іх паправіць, у выніку дзеці ў стане шмат чаго дараваць і зразумець, ужо дарослае дзіця можа адпрацаваць гэта разам са сваёй маці.
Святлана Курс. Фота: Facebook
Калі чалавек вырас у [эмацыйна] халоднай сям’і, у сям’і са сваякамі-алкаголікамі або там, дзе дзяцей трактуюць як паветра, ён будзе здольны гэтую траўму перанесці на сваіх дзяцей. Ёсць даследаванні пра гэта, напрыклад, халакостныя і ваенныя траўмы перадаюцца на людзей у чацвёртым пакаленні, як і гвалт у сям’і, і ўсе гэтыя пакаленні будуць атручаныя алкагалізмам, гвалтам ці гістарычнымі ўспамінамі гэтай сям’і. Трэба проста мінімізаваць свайму дзіцяці гэтыя перажыванні.
Яшчэ я б прытрымлівалася здаровага ладу жыцця, бо змучанасць маці часта праяўляецца праз раздражненне. Яна можа злавацца на дзіця, можа быць сумнай, стомленай, і гэта ўсё нешчасліва адбіваецца на дзіцяці. Ну і трэба ведаць, што тваё дзіця мае свае межы, у якія нельга праломвацца нават тады, калі яно зусім маленькае. Ведаць, што яно мае самыя далікатныя пачуцці, якія нельга раніць.
Гэта ўсё, можа, і банальныя рэчы, але мы падчас свайго штодзённага жыцця на іх забываемся. Магчыма, я і ведала пра іх у тэорыі, але недаацэньвала.
Як кажуць, калі дзіця вырасце, яно ўсё роўна пойдзе да псіхааналітыка ці псіхіятра і паскардзіцца на ўсе дзіцячыя траўмы, якія яму нанеслі бацькі. Гэта непазбежна, і мы можам мінімізаваць гэтую пакалечанасць. І на сябе не трэба занадта наракаць, бо траўмы нам перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
«Беражы сваю галаву»
Крысціна Дробыш, тэлевядучая, актрыса, кіраўніца праекта агучкі кніг «Кніжны воз»:
— Калі ты станеш мамай, любая падтрымка, пачынаючы ад таго, каб працерці пыл, памыць падлогу ці проста даць табе паспаць, будзе настолькі ж важная, як дыхаць і есці, гэта неабходнасць. Усё, да чаго ты рыхтуешся перад родамі — што ў цябе мусіць быць сабраная торба, ты мусіш мець падгузнікі і гэтак далей. А тое, што ты перастанеш спаць, есці, увогуле забудзеш, хто ты — да гэтага ніхто не рыхтуе.
Хацелася б ведаць да нараджэння дзіцяці, што цябе можа знесці псіхалагічна, нават псіхічна. Ні з дактароў, ні з блізкіх ніхто мне не сказаў: «Беражы сваю галаву, бо ты можаш паехаць». А я гэта на сабе адчула, і вельмі моцна.
Крысціна Дробыш. Фота: уласны архіў
Я не чакала. Больш за тое, гэта вывела на адчуванне, што ты нейкая хворая: бо ўсё ж нармальна, ніхто пра гэта не казаў, значыць, ва ўсіх усё было файна, а ты едзеш галавой і заўсёды плачаш. Гэта вельмі страшны псіхалагічны стан. І праз тое, што ніхто пра такое не кажа, ты пачуваешся яшчэ горш, прыходзіш да думкі, што ты благая маці.
Мне здаецца, гэта вельмі важна прагаворваць нават не на ўзроўні сацсетак, а на ўзроўні дактароў. Маўляў, у цябе тыдзень будуць ліцца месячныя пасля родаў, і, магчыма, цябе будзе зносіць, вось якое гэтаму ёсць тлумачэнне: напрыклад, вытворчасць таго ж гармону пралакціну, які называюць гармонам стрэсу.
Яшчэ да нараджэння дзіцяці я зразумела, што маё жыццё мне больш ніколі не будзе належаць, і яшчэ тады гэта мяне загнала ў дэпрэсію. Але я бачу, што сярод маіх знаёмых ёсць людзі, якія не ўсведамляюць: цяпер, калі ты маеш дзіця, тваё жыццё ніколі не будзе іншым. У цябе ўмоўна вырвуць кавалачак, і ён будзе бегаць побач з табой, і ты будзеш побач з гэтым кавалачкам усё жыццё.
Самае галоўнае для мяне — пасля нараджэння дзіцяці ты мусіш у любой сітуацыі пакідаць месца для сябе, іначай ты звар’яцееш. Шмат пра што перад родамі раскажуць дактары, але пра псіхалагічнае і псіхічнае здароўе ў Беларусі ніхто не папярэджвае. Мне давялося вырашаць усе гэтыя пытанні самастойна, пасля родаў, праз цяжкі эмацыйны стан, праз псіхолагаў.
Ёсць вядзенне цяжарнасці: у першым трыместры ты становішся на ўлік і далей цябе вядзе гінеколаг, ты здаеш аналізы і п’еш розныя прэпараты. Я б да гэтага ўсяго далучыла псіхалагічную падтрымку, калі ў дзіцяці два бацькі, то з імі абаімі. Псіхолаг мусіць быць, бо падчас цяжарнасці, падчас родаў і пасля іх церпіць не толькі цела жанчыны, але і ейная галава і нервы.
«Паплачу — і адпускае». Дзве беларускія маці — пра свой дэкрэт
«Я павінна рабіць гэта бясплатна? Не, адназначна». Сурагатная маці пра жыццё, хэйт і стэрэатыпы