Стала вядома, хто заменіць генерала Суравікіна
Пасля зняцця з пасады генерала Сяргея Суравікіна часова выканаўцам абавязкаў галоўнакамандуючага Паветрана-касмічнымі сіламі стаў начальнік Галоўнага штаба ПКС генерал Віктар Афзалаў, піша РИА «Новости».
23.08.2023 / 08:43
Агенцтва адзначае, што Афзалаў ужо да гэтага выконваў абавязкі галоўнакамандуючага ПКС, калі Суравікін камандаваў Абʼяднанай групоўкай войскаў на вайне ва Украіне.
Віктар Афзалаў нарадзіўся 9 чэрвеня 1968 года. Ён скончыў Пушкінскае вышэйшае вайсковае вучылішча радыёэлектронікі супрацьпаветранай абароны ў 1989 годзе, Вайсковы ўніверсітэт СПА — у 2000-м і Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі ў 2010-м.
За час вайсковай карʼеры Афзалаў займаў пасады ад начальніка разліку аддзялення баявога ўпраўлення групы зенітных ракетных дывізіёнаў корпуса СПА да начальніка штаба — першага намесніка камандуючага арміяй ВПС і СПА. У ліпені 2017 года быў прызначаны камандуючым войскам ВПС і СПА Усходняй вайсковай акругі. Летась у снежні ён атрымаў званне генерал-палкоўніка.
Пра тое, што Суравікін вызвалены ад пасады галоўнакамандуючага ПКС, заявіў былы галоўрэд «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў. Крыніцы РБК пацвердзілі гэта, адна з іх дадала, што пасля зняцця з пасады Суравікін перастаў быць намеснікам камандуючага сіламі спецаперацыі.
Чытайце таксама:
Пуцін зняў генерала Суравікіна — Венядзіктаў
У Расіі памёр генерал, які нейкі час камандаваў акупацыйнымі войскамі ва Украіне
Расійскаму генералу Суравікіну загадалі маўчаць і змясцілі пад хатні арышт — Politico
«Кабаева не пацягнула, на жаль». Расійскія шавіністы рыхтуюцца знішчыць тых, хто іх спарадзіў