Як змянілася сітуацыя на мяжы пасля закрыцця Літвой двух пунктаў пропуску

Літоўскі бок з 18 жніўня спынілі працу два з шасці аўтадарожных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Паглядзелі, як гэта паўплывала на чэргі.

18.08.2023 / 22:09

Што азначае мінус два пункты пропуску?

Пасля закрыцця пунктаў пропуску «Відзы» — «Цверач» і «Лоша» — «Шумск» на беларуска-літоўскай мяжы застаюцца дзейнымі толькі 4 аўтадарожныя пункты пропуску.

Пункт пропуску «Лоша» быў прыстасаваны для руху легкавога транспарту. Сутачная норма пропуску складала 250 легкавых аўто.

Праз «Відзы» маглі ехаць не толькі легкавікі, але і пустыя грузавікі. Праўда, прапускная здольнасць гэтага пункту пропуску была значна меншая — 144 легкавікі і 96 грузавікоў.

Як паказвае афіцыйная статыстыка ад беларускага Дзяржаўнага памежнага камітэта, абодва пункты карысталіся попытам. І самае цікавае, што часцяком праз «Лошу» і «Відзы» праязджала больш аўто, чым было прапісана па нормах.

Так, напрыклад, у апошнія суткі працы там аформілі 254 і 155 легкавікоў. А праз «Відзы» праехала яшчэ і 96 пустых грузавых аўто.

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал «Пограничный комитет Беларуси». 

Сітуацыя, калі праз вышэйназваныя пункты пропуску праязджала больш аўто за норму, узнікала даволі часта. У пазамінулую пятніцу праз «Лошу» праехала 252 аўто, а праз «Відзы» 181.

Цяпер увесь гэты трафік будзе размеркаваны па 4 іншых пунктах.

Як гэта паўплывала на чэргі?

Праз закрыццё двух пунтаў пропуску заўважна павялічыліся чэргі ў «Каменным логу». 

Цягам усёй пятніцы 18 жніўня толькі каля 6-й раніцы ў чарзе на выезд з Беларусі было менш за 100 легкавікоў. 

Па стане на 20:00 выезду чакалі больш за 120 аўто. Такіх вялікіх чэргаў не было ні ў адну пятніцу цягам усяго лета. 

 

Фота: скрыншот з gpk.gov.by

Больш напружанай, чым раней, сітуацыя з чэргамі выглядае і ў «Катлоўцы». У гэтую пятніцу там таксама назіраюцца самыя вялікія чэргі ў параўнанні з іншымі пятніцамі лета 2023 года.

Фота: скрыншот з gpk.gov.by

Колькасць аўто, якія чакаюць у чарзе на выезд у «Каменным логу» і «Катлоўцы», у параўнанні з іншымі пятніцамі вырасла ў 1,5-2 разы.

А вось на чэргі ў пунктах пропуску «Беняконі» і «Прывалка», якія знаходзяцца даволі далёка ад закрытых «Лошы» і «Відзаў», мяркуючы па статыстыцы, гэтая сітуацыя пакуль ніяк не паўплывала.

Храналогія, як закрываліся межы з ЕС

Некаторыя пункты пропуску на межах Беларусі і ЕС пачалі закрываць яшчэ вясной 2020 года. Пункты пропуску «Пясчатка-Палоўцы» і «Дамачава-Кукурыкі» застаюцца закрытымі ўжо больш за тры гады. Іх агульная прапускная здольнасць складала 1300 легкавікоў у суткі. Але тады іх закрывалі не з-за палітычных прычын, а праз пандэмію COVID-19. Закрытымі ж надалей яны засталіся ўжо хутчэй менавіта праз прычыны палітычныя.

Справакаваны беларускімі ўладамі крызіс з мігрантамі і сітуацыя, якая склалася ў міжнародным мультыфункцыянальным пункце пропуску «Брузгі», прывяла да таго, што польскі бок прыняў рашэнне спыніць працу гэтага памежнага пункту з 21 лістапада 2021 года. Прапускная здольнасць «Брузгоў» складала 1600 легкавых і 580 грузавых аўто ў суткі. 

Пазней, 10 лютага 2023 года, у адказ на прысуд Андрэю Пачобуту, палякі закрылі пункт пропуску «Бераставіца» — «Баброўнікі». Пасля чаго з некалі шасці пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы засталося функцыянаваць толькі два. Абодва знаходзяцца ў Брэсцкай вобласці. «Брэст» прызначаны толькі для руху легкавога транспарту, а «Казловічы» — для грузавога.

Цяпер, як бачым, і Літва пайшла шляхам закрыцця часткі пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. На беларуска-латвійскім участку, як і раней, працуюць два пункты пропуску «Урбаны» і «Грыгароўшчына». 

На 28 жніўня запланавана сустрэча, у якой возьмуць удзел міністры Польшчы, Латвіі і Літвы. На ёй будзе абмяркоўвацца пытанне магчымасці поўнага закрыцця межаў з Беларуссю.

Чытайце таксама: 

Стала вядома, колькі чалавек праходзіла праз закрытыя Літвою памежныя пункты

Краіны Балтыі і Польшча абмяркуюць пытанне закрыцця мяжы з Беларуссю ўжо ў гэтым месяцы

Літоўскі дэпутат пра закрыццё двух памежных пераходаў: Гэта сігнал Лукашэнку

Прэзідэнт Польшчы расказаў, што павінен зрабіць Мінск для паляпшэння адносін з Варшавай

Даніла Луцкевіч