«Гэта была памылка». Чыноўнік НАТА папрасіў прабачэння за свае словы аб патрэбе адмовы Украіны ад тэрыторый

Кіраўнік апарату генеральнага сакратара НАТА Стыян Енсэн папрасіў прабачэння за свае ранейшыя словы, што Украіна нібыта можа атрымаць права сяброўства ў Альянсе ў абмен на адмову ад акупаваных Расіяй тэрыторый. Ён сказаў гэта ў каментары таму ж нарвежскаму парталу VG, на якім з'явілася і папярэдняе паведамленне, піша «Еўрапейская праўда».

16.08.2023 / 19:49

Стыян Енсэн. Фота: НАТА 

Енсэн адзначыў, што ягоная заява была «часткай больш шырокай дыскусіі аб магчымых будучых сцэнарыях ва Украіне, і мне не варта было казаць пра гэта такім чынам».

«Гэта была памылка», — дадаў чыноўнік Альянсу.

Ён адзначыў, што ўчарашняя заява аб «сяброўстве ў абмен на тэрыторыі» мае патрэбу ва ўдакладненні пасля таго, як яна выклікала рэзананс у медыя.

«Калі — і я падкрэсліў калі — вы даходзіце да пункта, калі можаце весці перамовы, ваенная сітуацыя на полі бою, тое, хто што кантралюе, будзе іграць абсалютна цэнтральную ролю і абавязкова будзе мець вырашальны ўплыў на тое, які выгляд будзе мець магчымы вынік гэтай вайны».

Менавіта таму, дадаў чыноўнік Альянсу, «вельмі важна, што мы падтрымліваем Украіну тым, у чым яна мае патрэбу».

Акрамя таго, кіраўнік апарату Енса Столтэнберга згадаў і пра неабходнасць надання Кіеву «гарантый бяспекі», каб папярэдзіць паўтарэнне падзей 2014 і 2022 гадоў — агрэсіі з боку Расіі. Асобна Енсэн падкрэсліў, што менавіта Украіна павінна вырашыць, на якіх умовах яна будзе гатовая пачаць перамовы з Масквой і пра што будзе весці гэтыя перамовы.

Чытайце таксама:

Польшча траціць на войска больш за іншыя краiны НАТА

НАТА не бачыць пагрозы з боку ПВК «Вагнер» у Беларусі

«Бяссілле перад артылерыяй — самае цяжкае пачуццё». Z-ваенкары прызнаюць, што расійская армія не дае рады артылерыі НАТА

«Сёння мы адчуваем сябе як Заходні Берлін у часы халоднай вайны». Літва заклікала Нямеччыну паспяшацца з размяшчэннем чатырох тысяч салдат

Nashaniva.com