Як шматдзетных і інвалідаў падстаўляюць на дзясяткі тысяч даляраў пры пакупцы аўто
У медыя ўсё часцей з'яўляецца інфармацыя пра праблемы з падатковай у людзей з інваліднасцю і шматдзетных, якія прадаюць сваё права размытніць аўтамабіль па льготнай стаўцы. Разабраліся, як схема лёгкага заробку абарочваецца вялікай праблемай.
25.05.2023 / 10:27
Каму льготы выходзяць бокам?
Чатыры гады таму, вясною 2019-га, з'явіўся загад №140, які дазваляе некаторым катэгорыям грамадзян увозіць аўтамабілі і іншую тэхніку з аплатай 50% пошліны. Размытненая з выкарыстаннем ільготы тэхніка не мае ніякіх абцяжаранняў па адчужэнні, таму такі транспарт часцяком толькі фармальна належыць ільготніку, які па факце проста прадае сваё права на льготу за пэўную ўзнагароду. Увезеныя па такой схеме аўто можна прадаваць у тым ліку і ў Расію, дзе новаму ўласніку не трэба даплачваць розніцу ў мыце.
Першыя тры гады існавання загаду падобная схема працавала без асаблівых праблем.
Але летась сітуацыя змянілася, бо санкцыі, уведзеныя ў адказ на поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, прывялі да вялікіх праблем у аўтамабільнай галіне. Амаль усе сусветныя аўтавытворцы спынілі вытворчасці і пастаўкі новых аўто ў Расію.
Праз дэфіцыт аўто ў дылераў беларускія і расійскія аўтааматары былі вымушаныя пераключыцца на куплю аўто з Еўропы і ЗША. Прычым не толькі патрыманых, але і новых. Велізарная колькасць такіх аўто ідзе праз Беларусь з выкарыстаннем ільготнікаў.
Статыстыка кажа, што летась фізічныя асобы імпартавалі ў Беларусь больш за 80 тысяч аўто, калі ў 2021 годзе такіх было каля 35 тысяч. У 2022 годзе змянілася не толькі колькасць аўто, але і структура рынку.
У Беларусь пачалі масава ўвозіць дарагія люксавыя аўтамабілі, канчатковым уласнікам каторых часцей за ўсё станавіліся пакупнікі з РФ. У дадатак праз нашу краіну пачалі ўвозіць даволі шмат абсалютна новых аўтамабіляў, чаго раней не назіралася.
Якраз праз куплю даражэзных і новых аўто часцей за ўсё з'яўляюцца праблемы ў ільготнікаў.
Рэч у тым, што пры размытненні новых аўто трэба плаціць мыт у памеры 48% ад кошту. А калі гаворка ідзе пра афармленне на льготнікаў, то з улікам 50% зніжкі па 140-м загадзе атрымліваецца 24%.
Вынікае, што калі такім чынам размытніваюць аўто коштам 50 тысяч еўра, то пры дапамозе шматдзетных або інвалідаў шэры імпарцёр эканоміць 12 тысяч еўра, а калі размова ідзе пра аўто коштам 100 тысяч, то эканомія адпаведна будзе ўжо 24 тысячы еўра. Але ў Беларусь завозяць і больш дарагія аўто, таму эканомія на мыце можа складаць дзясяткі тысяч еўра.
Купляюць дарагі аўтамабіль замест таннага
Безумоўна, частка дарагіх аўто калі і размытненая па 140-м загадзе, то на льготнікаў, якія маюць дастаткова вялікі афіцыйны даход, каб дазволіць сабе пракруціць такую здзелку без праблем з падатковай у будучыні. Але паколькі такіх людзей няшмат, то прадаўцы дарагіх аўто ідуць на хітрасці.
Пры афармленні даверанасці льготніку кажуць, што на яго імя будзе размытнены патрыманы аўтамабіль коштам 10-20 тысяч еўра, а па факце ад яго імя купляюць і ўвозяць у Беларусь новы аўтамабіль.
«Натуральна, што так робяць далёка не ўсе перагоншчыкі, але хапае і тых, хто падстаўляе даверлівых ільготнікаў. Звычайна так робяць пасярэднікі, якія працуюць у пары з расійскімі заказчыкамі», — тлумачыць перагоншчык.
Скрыншот з сайта vk.com
Льготнікаў падобныя дзялкі шукаюць не па знаёмых, а ў адмысловых пабліках і чатах ва «УКантакце» і тэлеграме.
«Адэкватныя перагоншчыкі звычайна шчыра кажуць «вешалкам», аўтамабіль за які кошт яны будуць увозіць, удакладняюць, які ў чалавека заробак, ці можа ён сабе дазволіць набыць дарагі аўтамабіль, каб потым не было праблем з падатковай.
У асноўным так працуюць людзі, якія даўно ў бізнэсе, маюць галаву на плячах і разумеюць, якія могуць быць наступствы. Але цяпер такі час, што машынамі пачалі займацца шмат новых выпадковых людзей, якія трапілі ў бізнэс толькі таму, што летась моцна вырас попыт на такія паслугі», — кажа мужчына.
Суразмоўца сцвярджае, што калі гаворка ідзе пра імпарт новых машын, то ўзнагарода льготнікаў у залежнасці ад кошту аўто вымяраецца некалькімі тысячамі даляраў.
«За аўто, старэйшыя за 3 гады, плаціць тысячы льготніку сэнсу няма — там эканомія не такая вялікая, бо мыт трэба плаціць ад аб'ёму рухавіка, а не ад кошту. Бывае нават, што дарагія патрыманыя машыны, напрыклад, з абʼёмам два літры, размытніваюць па поўным тарыфе, бо кліент не хоча звязвацца з купляй па такой схеме. Але з новымі аўто так не працуе, там розніца ў стаўках велізарная, таму там ільготнік за дапамогу можа атрымаць 2-3 тысячы даляраў, а часам і болей.
Але гэта калі гаворка ідзе пра адэкватных гульцоў бізнэсу, а не тых, хто гатовы падстаўляць людзей дзеля нажывы. Такія могуць агучыць кліенту з РФ, што яны набылі льготу, напрыклад, за 3 тысячы, а самі паабяцаюць ільготніку, што прывязуць танны аўтамабіль і заплацяць яму за гэта 300-500 даляраў», — распавядае суразмоўца.
Скрыншот з сайта vk.com
Льготнікі таксама падманваюць
Аўтабізнэсовец адзначае, што перагоншчыкі часам і самі трапляюць у складаную сітуацыю праз ільготнікаў, якія прадаюць льготы часцей, чым раз на год.
«Такія выпадкі бываюць, бо сярод ільготнікаў, якія прапануюць свае паслугі праз тыя ж чаты і паблікі, таксама сустракаюцца ашуканцы. Калі такое здараецца, то перагоншчык пападае на грошы, бо яму трэба або плаціць 100% мыту, або рабіць рээкспарт і вывозіць аўто назад у ЕС».
Аднак, нягледзячы на ўсе рызыкі і складанасці для абодвух бакоў, наш суразмоўца ўпэўнены, што гэтая схема будзе працаваць, пакуль будзе існаваць магчымасць увозіць аўто з 50% зніжкай на мыт.
«Размытнены па поўным тарыфе аўтамабіль будзе проста неканкурэнтназдольным па цане ў параўнанні з увезенымі пад 140-ы загад», — лічыць суразмоўца.
Ці ўсіх, хто прадаў ільготу, чакаюць праблемы?
З такім пытаннем мы звярнуліся да дзейнага падаткавіка, які прызнаўся, што калі чалавек падыходзіць да справы разумна, то ніякіх праблем з падатковымі органамі ў яго быць не павінна.
«Першае, на што звяртае ўвагу падатковая, — суадносіны даходаў і выдаткаў. Калі падчас камеральнай праверкі мы бачым, што даходы чалавека яўна не супадаюць з ягонымі выдаткамі, то патрабуем даказаць, адкуль у яго грошы.
Калі даказаць не атрымліваецца, то чалавек мусіць заплаціць падатак у памеры 26%. Такая стаўка прымяняецца ў дачыненні да даходаў, вылічаных падатковым органам, сыходзячы з сум перавышэння расходаў над даходамі.
А калі бачна, што чалавек мае стабільны афіцыйны заробак, які дазваляе яму набыць дарагі аўтамабіль, то і пытання да яго не ўзнікне. І тут для нас няма розніцы, што гэта быў за аўтамабіль — толькі прывезены з-за мяжы або набыты ў Беларусі», — тлумачыць інспектар.
Жыхары якой вобласці маюць больш аўтамабіляў ва ўласнасці
У Беларусі назвалі цэны на самую дарагую мадэль «Джылі»
У Беларусі расце колькасць аўто ў продажы. Чаму так адбываецца? Тлумачаць гульцы рынку