«Мы толькі што пачулі дзвюх неймаверных жанчын». Джо Байдэн адгукнуўся на выступы Святланы Ціханоўскай і Наталлі Пінчук

«Мы толькі што пачулі дзвюх неймаверных жанчын, якія робяць неймаверную справу адносна Беларусі. Яны заслугоўваюць, як і ўсе жанчыны, быць прадстаўленымі», — цытуе словы амерыканскага прэзідэнта амбасада ЗША ў Беларусі.

30.03.2023 / 21:10

На Другім саміце за дэмакратыю, які праходзіць у Вашынгтоне пад патранатам прэзідэнта ЗША, прадстаўніцы Беларусі Святлана Ціханоўская і Наталля Пінчук выступілі па чарзе ў анлайн-фармаце:

«Самая цяжкая навука, якую мы засвоілі за гэтыя гады, — гэта тое, што свабода ніколі не даецца бясплатна, яна прыходзіць з патрабаваннямі. І незалежнасць таксама не гарантаваная назаўжды.

Гэтыя каштоўнасці патрабуюць мужнасці, адказнасці і самаахвярнасці. Ім патрэбныя людзі, гатовыя ставіць інтарэсы іншых на першае месца», — сказала ў сваім выступленні Святлана Ціханоўская.

Наталля Пінчук, у сваю чаргу, заявіла, што перамены ў Беларусі — задача саміх беларусаў.

«Мы пачалі гэтую барацьбу, мы яе скончым. Але шлях мірнага, негвалтоўнага супраціву, які мы выбралі, будзе паспяховым толькі пры моцнай міжнароднай падтрымцы і салідарнасці».

Ціханоўская ж у сувязі з гэтым адзначыла, што «беларусы ўжо зрабілі свой выбар — выбар свабоднай еўрапейскай дэмакратычнай і стабільнай будучыні». Яна заклікала міжнародную супольнасць дапамагчы беларусам абараніць свой выбар і вярнуць сабе краіну.

Чытайце таксама:

Кангрэс ЗША рыхтуе новы закон аб дэмакратыі ў Беларусі — Кавалеўскі

Ціханоўская ў Сенаце ЗША: Трэба гарантаваць, што ў пасляваенных дамоўленасцях не будзе месца асаблівым інтарэсам Расіі ў Беларусі

Жонка Бяляцкага: «Алесь варты Беларусі». У Вільні прэзентавалі кнігі пра яго

Nashaniva.com