Меркаванні33

Местачковы патрыятызм

Беларускае мястэчка, шырока пашыраны колісь тып паселішча — цэлая эпоха ў гісторыі нашай краіны. Гутарка з Інай Соркінай, гісторыкам, аўтаркай кнігі «Мястэчкі Беларусі ў другой палове ХVIII — пачатку ХІХ стст.».

Беларускае мястэчка, шырока пашыраны колісь тып паселішча — цэлая эпоха ў гісторыі нашай краіны. На пытанне, ці было мястэчка па-просту «яшчэ не горадам, але ўжо не вёскай» гісторык Іна Соркіна, аўтарка выдадзенай у Еўрапейскім Гуманітарным універсітэце кнігі «Мястэчкі Беларусі ў другой палове ХVIII — пачатку ХІХ стст.», адказвае, што мястэчка — не толькі пераходны этап паселішча, гэта яшчэ і самадастатковая адметная з'ява грамадскага, пабытовага і культурнага жыцця Беларусі. Гутарка з той, хто выступае супраць перадсуду, што выраз «на местачковы капыл» — гэта кепска.

1. … што той Парыж

«Наша Ніва»: Па якіх архітэктурных прыкметах можна заўважыць, што колісь у тым ці іншым населеным пункце было мястэчка?

Іна Соркіна: Планіроўка і забудова мястэчак мела сваю характэрную структуру і эстэтыку.

Мястэчкі Беларусі запазычылі заходнееўрапейскую горадабудаўнічую аснову. Менавіта гандлёвая плошча з'яўлялася планіровачным ядром забудовы мястэчак, што было характэрна для еўрапейскіх гарадоў ХІІІ—ХV ст.
Для мястэчак былі ўласцівыя і іншыя рысы планіровачнай структуры горада: пляцавая забудова, досыць разгалінаваная сетка вуліц. У перыяд Расійскай імперыі нашыя мястэчкі здолелі захаваць аўтахтоннае архітэктурнае аблічча. Хваля расійскай універсалізацыі не паспела дакаціцца да мястэчак.

«НН»: Што адбылося, якія змены ў этнічным складзе, у побыце, з мястэчкам пасля падзелу Рэч Паспалітай і далучэння яе да Расійскай імперыі у канцы XVIII ст.?

ІС: У перыяд знаходжання нашага краю ў складзе Расійскай імперыі мястэчкі зведалі істотную трансфармацыю. І хоць тэрмін «мястэчка» быў афіцыйна прыняты расійскімі ўладамі, мястэчкі ўяўлялі для іх новую з'яву. Гэтыя паселішчы, якія ў большасці знаходзіліся ва ўласнасці мясцовых абшарнікаў, разам з прыватнаўласніцкімі гарадамі лічыліся «чужымі расійскаму жыццю», і гэта было неспрыяльным для іх развіцця. У часы Расійскай імперыі функцыянаванне мястэчак знаходзілася пад моцным прэсінгам палітыкі царызму. Прававое становішча насельніцтва мястэчак пагоршылася ў выніку ўвядзення абмежавальных законаў адносна габрэяў, запрыгоньвання местачковых мяшчан, выключэння мястэчак з горадаўтваральных працэсаў. Найбольш моцна на жыццё мястэчак і іх насельніцтва паўплывалі мерапрыемствы расійскага ўрада ў дачыненні да габрэяў, у прыватнасці высяленні іх з вёсак у гарадскія паселішчы. Гэта асноўны фактар дынамікі многіх бакоў развіцця мястэчак (дэмаграфічнага, эканамічнага, сацыяльнага, культурнага). Значна закранула мястэчкі і палітыка царскіх уладаў, накіраваная на разбурэнне культурнай інфраструктуры, якая склалася да канца XVIII ст.

У складаных палітычных і сацыяльна-эканамічных умовах местачкоўцам дапамагалі выжываць мясцовыя традыцыі эканамічнай, сацыяльнай і культурнай арганізацыі, самакіравання і дабрачыннасці, узаемасалідарнасці і ўзаемадапамогі.

Варта падкрэсліць, што расійскія ўлады аказаліся бяссільнымі перарабіць беларускія губерні на ўзор расійскіх галоўным чынам таму, што ім не ўдалося вынішчыць спецыфіку і традыцыі мясцовых гарадскіх паселішчаў, уключна з мястэчкамі.

«НН»: Вось цяпер ёсць горад, вёска, пасёлак гарадскога тыпу, а вось мястэчка… Што такое ўвогуле мястэчка?

ІС: Прамаўляеш гэтае слова — і адчуваеш у ім нейкую пяшчоту і цеплыню, якія ідуць з глыбіні вякоў, ад нашых продкаў…

Сярод ненавуковых трактовак мне падабаюцца наступныя: «Мястэчка — месца, дзе можна з паўгадзіны паразмаўляць па тэлефоне, памыліўшыся нумарам». Мястэчка, паводле старабеларускай мовы, памяншальна-ласкавая форма ад слова места, што значыць горад, і азначае гарадок, маленькі горад.

Мястэчкі, як паселішчы пераходнага стану паміж вёскай і горадам, арганічна паядналі ў сабе ўклад вясковага і гарадскога жыцця, побыт селяніна і гараджаніна, што ва многім вызначала іх спецыфіку.
Сацыяльная і этнаканфесійная стракатасць насельніцтва мястэчак пры іх невялікіх памерах і адсутнасці ананімнасці вялікага горада, павольнасць штодзённага жыцця ва ўмовах традыцыйнага грамадства, своеасаблівы эканамічны і культурна-побытавы ўклад гэтых паселішчаў стваралі непаўторную атмасферу сусвету мястэчка, адрозную як ад горада, так і ад вёскі.

Самае важнае гістарычнае значэнне мястэчак, на маю думку, заключаецца ў тым, што гэтыя паселішчы з'яўляліся прыкладам «сужыцця» ў згодзе пад «адным дахам» розных этнасаў, вераў, моваў і культур, своеасаблівай кантактнай зонай паміж імі. Можна сцвярджаць, што і мястэчкі прычыніліся да таго, што Беларусь, паводле трапнага выказвання Паўла Севярынца, зрабілася антыподам Вавілонскай вежы: тут Госпад даў паразумецца мноству моваў. Мястэчка, такім чынам, гэта мікрамадэль усёй Беларусі, наш гістарычны брэнд.

2. У суботу-нядзельку апрануся прыстойна…

«НН»: Чаму выраз «на свой, местачковы розум» ужываецца як абраза, ці сапраўды жыхары мястэчкаў былі толькі крыху культурныя людзі?

ІС:

У Беларусі слова местачковы не мела ніякага адмоўнага, абразлівага сэнсу. Хутчэй за ўсё карані гэтага стэрэатыпу ў непрыязных адносінах да мястэчак і іх жыхароў з боку Расіі.
Магчыма, што спрычыніўся да гэтага і расійскі антысемітызм. «Местачковы розум» дазваляў паспяхова займацца прадпрымальніцтвам. Эканамічная палітра мястэчак была надзвычай разнастайнай. Тут суіснавалі, спалучаліся і узаемадапаўнялі адна адну розныя формы арганізацыі вытворчасці і гандлю.

Кемлівыя жыхары мястэчак развівалі і незаконны гандаль. Квітнела кантрабанда. Праварочваліся складаныя аферы, над якімі «ламалі галовы» мясцовыя ўлады. Жыхароў мястэчак нельга назваць толькі крыху культурнымі людзьмі. Местачкоўцы ўмелі і добра працаваць, і добра, з густам, адпачываць і бавіць вольны час.

«НН»: Якое ж мястэчка без габрэяў…

ІС: Так, сапраўды, спецыфіку мястэчак вызначала таксама канцэнтрацыя ў іх габрэйскага насельніцтва. Мястэчкі ператварыліся ў асяродкі габрэйскай гісторыі і культуры, асноўныя населеныя пункты на ментальнай карце страчанага габрэйскага свету Усходняй Еўропы. У сувязі з гэтым падаецца неабходным увядзенне ў беларускую гістарыяграфію тэрміна «штэтл» (у перакладзе з мовы ідыш «штэтл» і азначае «мястэчка»), пад якім трэба разумець габрэйскую фізічную і духоўную прастору ў беларускім мястэчку. Наяўнасць штэтла — асноўная асаблівасць гісторыі мястэчак Беларусі. Без габрэяў, без штэтла мястэчка страчвае сваю галоўную спецыфіку… Габрэйская прастора ў мястэчку пачала мяняцца ў 20—30-я гады ХХ ст., асабліва істотна ва ўсходнім рэгіёне Беларусі, традыцыйны ўклад жыцця габрэяў мястэчак былой «мяжы аселасці». Аднак габрэйскае мястэчка, як асяродак традыцыйнага ладу жыцця, ідышскай культуры і як сацыя-культурны феномен канчаткова знікла толькі ў гады Галакосту разам са сваімі жыхарамі. Пасля Другой сусветнай вайны былыя мястэчкі ўжо канчаткова ператварыліся ў звычайныя паселішчы з незвычайным гістарычным мінулым.

«НН»: Знакам тым пра 20—30-ыя гг. можна казаць, як пра пачатак канца мястэчка, а вось дзе хутчэй разбуралася мястэчка: у даваенным БССР ці Заходняй Беларусі?

ІС: У 20—30-я гады ХХ ст. мястэчкі ў БССР і іх жыхары зведалі на сабе ўсе эксперыменты бальшавікоў і павароты іх палітыкі. Згубіўшы свае традыцыйныя сацыяльна-эканамічныя і культурныя функцыі, мястэчка спрабуе прыстасавацца да новага жыцця, упісацца ў мадэль якой-небудзь з яго складнікаў — калгас або горад. Аднак страціўшы сваю ранейшую адметнасць, унікальнасць, мястэчка так і не стварыла новага феномену.

Гэтыя паселішчы і іх насельніцтва («дробнабуржуазныя элементы») не ўпісаліся ў структуру новага сацыялістычнага грамадства. Паколькі да канца 1930-х гадоў прыватнікі былі ліквідаваныя, то скасаванне самога паняцця «мястэчка» як асяродка прыватнаўласніцкай псіхалогіі было, на думку ўладаў, лагічным акордам у велічным гімне калектыўнай працы. Паводле указу Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 27 верасня 1938 г. «Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР» мястэчкі як адміністрацыйныя адзінкі былі скасаваныя.

У Заходняй жа Беларусі, якая ў міжваенны час знаходзілася ў складзе Польшчы, мястэчкі працягвалі існаваць і шмат у чым захоўваць сваю спецыфіку да трагічных падзей Другой сусветнай вайны.

3. Тут і не вёска, тут і не горад

«НН: У сучаснай мас-культуры мястэчка знайшло адбітак у слынным «Народным альбоме», дзе выяўляецца заходнебеларускае мястэчка 30-х гадоў. Наколькі, на Вашую думку, гэтая мастацкая рэканструкцыя паспяховая і перадае атмасферу мястэчка?

ІС: «Народны альбом» — трапны музычны зрэз беларускага народнага жыцця (і не толькі местачковага) міжваеннай эпохі. Атмасферу мястэчка добра перадае не толькі змест песняў, але і іх шматмоўнае (беларуская, польская, расейская, ідыш, трасянка) выкананне.

Але «Народны альбом» не адзіны твор, які цудоўна перадае атмасферу штодзённага жыцця мястэчак Заходняй Беларусі:
ёсць ўспаміны Васіля Стомы-Сініцы пра Лужкі (друкавалася ў «Полымі« ў 1998 г.), а таксама раман польска-беларускага пісьменніка Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» аб прыгодах кантрабандыстаў, якія рабілі рэйды праз савецка-польскую мяжу з мястэчка Ракаў у Мінск.

«НН»: Дзе можна яшчэ заспець местачковы дух у Беларусі?

ІС: Гістарычна-культурная спадчына нашых мястэчак, у тым ліку і архітэктура, панесла вялікія страты ў ХХ ст., пры чым не толькі ва ўмовах ваенных часоў, але і ў мірныя гадзіны.

Толькі нямногія былыя мястэчкі могуць пахваліцца захаваннем старадаўняга архітэктурнага выгляду. Гэта найперш: Гальшаны, Лунна, Варняны, Лагішын, Высокае, Чарэя, Смаляны, Давыд-Гарадок, Радунь...
Радунь варта наведаць яшчэ і дзеля гісторыка-краязнаўчага музея, створанага Іванам Фясенкам, а незабыўныя ўражанні ад Ракава (недалёка ад Мінску) ўзмацняе музей братоў Янушкевічаў. І хоць у сучаснай Беларусі аднавіць местачковы сусвет немагчыма, лічу, што вярнуць гарадскім пасёлкам і буйным вёскам іх спрадвечную і незаслужана забытую назву — мястэчка.

«НН»: Кажуць, што беларуская нацыя згубілася па дарозе з вёскі ў горад. А на гэтай карціне займае мястэчка, як яно спрыяла набыццю беларускай тоеснасці?

ІС: У пачатку ХХ ст. мястэчкі побач з іншымі паселішчамі Беларусі ўключыліся ў нацыястваральныя працэсы. Фармаванню беларускай нацыянальнай свядомасці жыхароў мястэчак у значнай ступені спрыяла суседства з іншаэтнічным асяроддзем, найперш габрэяў. Калі побач знаходзіцца «іншы», то паскараецца ўсведамленне сваёй адметнасці. Акрамя таго, іншыя народы падавалі добры прыклад шанавання сваіх нацыянальных традыцый і змагання за свае інтарэсы.

Пра актывізацыю беларускага нацыянальна-культурнага жыцця ў мястэчках, у прыватнасці, сведчыць вялікая колькасць карэспандэнцый з мястэчак на старонках тагачаснай «Нашай Нівы». На прыкладзе некаторых з іх можна прасачыць станоўчыя змены ў развіцці асветы і нацыянальнай свядомасці. Так, карэспандэнт з Воўпы, які падпісаўся, як літвін Міхалюк Бульба, 1 чэрвеня 1909 г. адзначаў: «Народ у нас цёмны: ні кніг, ні газет не чытаюць; самапачуцця народнага няма, і к лепшаму жыццю, праз асвету, не памыкаюцца; па стараму цягнуць ярмо безпраглядна. Беларусы ў нас і каталікі, і праваслаўныя». (НН. 1909. № 25.) Праз паўгода, у студзені 1910 г., з Воўпы пісаў вядомы дзеяч беларускага руху першай паловы ХХ ст., а на той час навучэнец Гродзенскай гімназіі, Павал Аляксюк: «Цяперашні пробашч кс. Аўк-ліс толькі 11 месяцаў, як прыехаў да нас, а ўжо добра працуе для карысці народа: збудаваў шпіталь, цяпер маніцца зрабіць чайную, у каторай людзі маглі-б чытаць газеты і кніжкі ў сваёй роднай мове». (НН. 1910. № 4.) У ліпені 1910 г. П.Аляксюк ужо аптымістычна пісаў: «Грамадзянскае жыццё пачынае па троху шырыцца ў нашай ваколіцы; прасвета прабіваецца ўсюды, а ад яе і народ робіцца больш свядомым. Пьянства пачынае пакрысе зніштожацца. Нацыянальнае беларускае пачуццё шырыцца што раз болей і болей, і ўжо маем такіх людзей, каторыя пазналі, што ня добра і брыдка чурацца сваёй роднай мовы. Беларускія кніжкі і газеты пачынаюць цікавіць грамадзянства». (НН. 1910. № 30.)

* * *

Іна Соркіна — гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Нарадзілася ў Горадні. У 1993 закончыла гістарычны факультэт, у 1996 — аспірантуру ГдзУ. З 1996 працуе на кафедры гісторыі Беларусі гэтага ўніверсітэту. Даследуе гісторыю мястэчак Беларусі, аўтарка некалькі дзясяткаў артыкулаў, апублікаваных у Беларусі і за мяжой.

Каментары3

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў23

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў

Усе навіны →
Усе навіны

Блогер, на якога пісала даносы Вольга Бондарава, апублікаваў сумесны здымак з Колем Лукашэнкам15

Пад Мінскам прадалі ўчастак за рэкордныя грошы

КНДР адказала Лукашэнку: ніякіх запрашэнняў яму не дасылалі, гэта ён дамагаецца сустрэчы30

Time змясціў на вокладку Трампа, які змятае дакументы ў Авальным кабінеце 3

За ўдзел у пратэстах судзяць 29-гадовую настаўніцу сталічнай гімназіі4

Кіраўнік МАРГ распавёў, што гандлю варта ўспомніць з савецкага мінулага11

Паглядзіце, колькі мінчукоў стаяла ў чарзе па ваду на Вадохрышча ФОТЫ11

Беспілотнікі атакавалі Казань. У горадзе чулі выбухі2

Былога прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса спрабуюць арыштаваць за згвалтаванне 15-гадовай актывісткі. Яна нарадзіла ад яго8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў23

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў

Галоўнае
Усе навіны →