Грамадства44

У Стоўбцах раскапалі падмуркі касцёла, знішчанага саветамі. Плануюць аднавіць

Мясцовая парафія ўжо некалькі гадоў крок за крокам падбіраецца да адбудовы велічнага помніка барока. Цяпер справа выйшла, відаць, на фінішную прамую. 

Сцены сутарэнняў касцёла з праёмамі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Фотаздымкі з раскопак у цэнтры Стоўбцаў апублікаваў тэлеграм-канал «Спадчына».

На іх бачны вялікі раскоп, як мяркуецца, на месцы бакавой капліцы касцёла, у якой быў пахаваны святар Фабіян Малішоўскі. Ад былога храма захаваліся значныя, на ўсю вышыню фрагменты сутарэнняў, у якіх бачныя праёмы.

У раскопах былі выяўлены фрагменты багатага ўнутранай аздобы. А цэглу, выяўленую ў раскопах, складаюць у кубы, каб пасля, відаць, выкарыстаць паўторна. Па ўсім відаць, што гэтыя археалагічныя работы папярэднічаюць аднаўленню святыні. 

Цэлую цэглу складуюць у кубы. Фрагменты дэкору збіраюць асобна. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Раней стаўбцоўскія каталікі ўжо прэзентавалі свае праектныя напрацоўкі па адбудове капліцы, дзе калісьці змяшчалася труна з целам Фабіяна Малішоўскага. У кастрычніку 2023 года ім для гэтага перадалі ў карыстанне зямельны ўчастак, дзе калісьці стаяў старадаўні касцёл.

Раскопкі на тэрыторыі капліцы касцёла, у якой быў пахаваны святар Фабіян Малішоўскі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У канцы 2022 года парэшткі святара былі ўрачыста перазахаваныя ў новым гарадскім касцёле. Яго парэшткі былі выяўленыя ў час папярэдніх раскопак у касцёле. Іх прыналежнасць да Фабіяна Малішоўскага пацвердзілі эксперты Следчага камітэта.

Праект адбудовы капліцы касцёла. Фота: фэйсбук парафіі Св. Казіміра ў Стоўбцах.

Дамініканская святыня

Дамініканцы былі паселеныя ў Стоўбцах яшчэ ў першай палове XVII стагоддзя. Будаўніцтвам жа мураванага касцёла Святога Казіміра з 1640 года кіраваў прыёр дамініканскай місіі Фабіян Малішоўскі, які пасля сваёй смерці быў пахаваны ў бакавой капліцы святыні.

Кляштар дамініканцаў быў, як і большасць у краі, скасаваны пасля паўстання 1830—1831 гадоў. Але касцёл працягваў дзейнічаць як парафіяльны. У гэты час, у 1838—1839 гадах з боку Рынкавай плошчы і была пабудаваная трохпралётная брама-званіца. На ёй размяшчаліся тры званы, якія важылі 15, 10 і 5 пудоў.

Арыгінальны выгляд касцёла на гравюрах XVIII стагоддзя, прысвечаных асобе Фабіяна Малішоўскага. Фота: Wikimedia Commons
Перабудаваны ў праваслаўную царкву храм з брамай-званіцай у пачатку XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

У адрозненне ад касцёла, які ў каталікоў забралі пасля паўстання 1863 года і да непазнавальнасці перабудавалі ў праваслаўную царкву Святой Марыі Магдалены, брама асаблівых зменаў не зведала.

У 1920-х гадах званіца была разбураная, а на яе месцы пабудаваныя гандлёвыя рады, якія захоўваліся да апошняга часу. Пры паляках царква была зноў перабудавана ў касцёл, але пра гістарычнасць яго выгляду можна спрачацца — надзейныя графічныя крыніцы, якія б паказвалі касцёл да расійскай перабудовы, на сёння не выяўленыя. 

Багата аздобленыя лепкай інтэр'еры касцёла ў Стоўбцах у міжваенны час. Фота: Wikimedia Commons
Галоўны алтар касцёла, труна з целам Фабіяна Малішоўскага і аздабленне ўнутранага боку купала капліцы ў міжваенны час. Фота: Wikimedia Commons

Цела айца Фабіяна, якога католікі лічылі святым, пасля перабудовы касцёла пад царкву было перапахавана ў 1867 годзе на могілках. Але пасля палякі вярнулі яго на пачэснае месца ў капліцы касцёла, а дамініканцы дамагаліся яго кананізацыі.

У час Другой сусветнай вайны храм пацярпеў нязначна, але быў знішчаны савецкімі ўладамі ў рамках хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі.

На шляху да аднаўлення

Выгляд храма пасля перабудовы палякамі з царквы назад у касцёл. На пярэднім плане гандлёвыя рады, знесеныя да «Дажынак». Фота: Wikimedia Commons

У 2022 годзе горад прымаў абласныя «Дажынкі», вядомыя сваім радыкальным (і часта спрэчным) падыходам да ўпарадкавання гарадоў. Не пазбеглі гэтага і Стоўбцы. Быў знесены стары мадэрнісцкі тэатр, перабудаваныя нешматлікія даваенныя камяніцы, а таксама былі знішчаныя міжваенныя гандлёвыя рады. 

Але нечакана на іх месцы пачалі адбудоўваць браму-званіцу. На яе завяршэнне пайшоў амаль год. Над яе ўваходам размешчаная выява Маці Божай Снежнай, якая калісьці ўшаноўвалася ў горадзе. 

Адноўленая брама з выявай Маці Божай Снежнай. Фота: Catholic.by

Архітэктары, аднак, адзначаюць, што хоць пры адбудове прытрымліваліся гістарычнага выгляду, але дэталіроўка збудавання досыць грубая і недакладная, што пакідае ўражанне «пенапластава-фанернай бутафорыі».

Прычына ў тым, што тэрыторыя былога касцёла, нягледзячы на тое, што актывісты падавалі адпаведныя прапановы згодна з заканадаўствам, дагэтуль не прызнаная гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Такі статус, напрыклад, маюць падмуркі касцёла Святога Тамаша Аквінскага ў Мінску.

Месца раскопа на старым плане храма. 

Без гэтага статусу пры аднаўленні гістарычных будынкаў прысутнасць навуковага кіраўніка і ўзгадненне праекта са спецыялістамі Міністэрства культуры не патрабуецца. У выніку атрымліваецца агулам падобна да гістарычнага аб'екта, але вельмі недакладна ў дэталях, а таму такое аднаўленне нельга лічыць навуковым. 

Паводле інфармацыі Беларускага расследавальніцкага цэнтра, стаўбцоўскі ксёндз Ігар Лашук мае цесныя фінансавыя сувязі з бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым, якога часам называюць «кашальком» сям'і Лукашэнкаў. Але сам Лашук у сваіх допісах тлумачыў, што ў сённяшніх умовах іншага выйсця для каталіцкай грамады папросту не застаецца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • CV
    22.08.2024
    Жвір , толькі там з натуральнага каменю, а ў нас з тынку і гіпсу
  • Жвір
    22.08.2024
    CV, на тых старых фота бачна, што ўсе фігуркі там з камяню, ніякага гіпсу. Бальшавікі адмыслова зьнішчалі самае прыгожае й вытанчанае, каб на яго фоне не выглядаць зусім нікчэмнымі ды ўбогімі. А яшчэ заўважце, у той час у Беларусі не было перыферыйных раёнаў, нават маленькія гарадкі былі асобнымі цэнтрамі культуры.
  • CV
    23.08.2024
    Жвір, у нас камень быў вельмі рэдка, скульптура выключна драўляная ці ляпная, проста ўмелі рабіць добрую імітацыю, якую цяжка адрозніць неспецыялісту ад мармуру ці граніту.

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны1

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Усе навіны →
Усе навіны

Дарослы мінчук ездзіў па школьным бясплатным праязным. Зараз заплаціць салідны штраф2

Беларускаму баскетболу настойліва параілі не мець спраў з легендарным трэнерам Анатолем Буяльскім

Лаўрэата прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» судзяць за сэксуальны гвалт1

У Грузіі камандзіры сілавікоў масава сыходзяць у адстаўку — сышоў і начальнік дэпартамента, які плануе разгоны5

«Давайце дамаўляцца». Ці пойдзе Трамп на здзелку з Мадурам, раз ціск выніку не меў?1

Стала вядома, чым зараз займаецца былы міністр замежных спраў Украіны Кулеба

Некалькі дзён таму ў цэнтры Мінска заўважылі пацукоў. Цяпер ім шукаюць дом, бо могуць загінуць

Прэзідэнт Літвы: Узровень пагроз у краіне расце па паскоранай траекторыі 4

Суд у Маскве над Суздальцавым за паклёп на Лукашэнку зрабілі закрытым2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны1

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Галоўнае
Усе навіны →