Грамадства55

Палітвязням паказваюць у калоніях кампрамат на дэмакратычныя сілы? Не ўсё так проста

Стваральніца праекта «Палітвязынка», журналістка Яўгенія Доўгая часта расказвае, што адміністрацыі калоній паказваюць зняволеным розныя матэрыялы са свабоды. У дэмакратычных сілах канфлікты, нехта неасцярожна выказаўся пра вязняў ці пра тых, хто напісаў прашэнне аб памілаванні — праз усё гэта, маўляў, на вязняў дадаткова ціснуць. Няўжо гэта новая практыка, якую ўзялі на ўзбраенне сілавікі?

У нядаўнім інтэрв'ю «Нашай Ніве» Яўгенія расказвала пра гэта так:

«Дакладна ведаю, што адной жанчыне там паказалі словы пра адбельвальнікаў рэжыму, і гэта было вялікім ударам. Але чамусьці ніхто не папрасіў прабачэння, людзі жывуць сабе далей і кажуць, што робяць вялікую справу. Ім там, за кратамі, паказваюць гэтыя спрэчкі і выказванні. Яны ніколі гэтага не даруюць, асабліва тыя, хто сеў на вялікія тэрміны і быў лідарам меркаванняў».

Яўгенія мела на ўвазе фрагмент выступу Вячаслава Касінерава, прадстаўніка праваабарончай ініцыятывы Dissidentby. Падчас аднаго са слуханняў Каардынацыйнай рады Касінераў прапанаваў дарыць майку з выявай адбельвальніку людзям, «хто гатовы пакласці сваю галаву і ўсё што магчыма, аддаць Лукашэнку ўсё што заўгодна, каб вызваліць хаця б аднаго чалавека».

Падобным чынам выказваецца і Алана Гебрэмарыям, былая палітзняволеная, а цяпер менеджарка праваабарончай ініцыятывы Politzek.me. На канферэнцыі «Новая Беларусь» дзяўчына казала:

«У калоніях людзям кожны дзень прыносяць раздрукоўкі — паказваюць, якія дыскусіі адбываюцца ў дэмакратычным полі, што людзі думаюць пра памілаванне, прызнанне віны, што іх асуджаюць, гэтых людзей».

Мы спыталі ў Аланы, наколькі распаўсюджаныя такія выпадкі, у якіх калоніях і калі яны былі зафіксаваныя, і ў чым канкрэтна іх сутнасць. Алана папрасіла час, каб удакладніць інфармацыю, і цягам наступных дзён не чытала нашы паведамленні — на момант публікацыі тэксту мы так і не атрымалі адказ.

Магчыма, пра такі ціск нам раскажуць самі былыя палітвязні? Мы запыталіся ў некалькіх экс-палітзняволеных, ці сутыкаліся яны з такімі з'явамі і ці чулі пра такую форму ціску ад іншых вязняў.

Канстанцін Міхальцоў, былы супрацоўнік «Беларуснафты», адседзеў тры гады за спробу абараніць пратэстоўца. Хлопец адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі №15. Думку пра тое, каб у калоніі яму паказвалі нейкія сумнеўныя матэрыялы пра дэмакратычныя сілы, Міхальцоў назваў забаўнай: ён такога не бачыў і не чуў пра такія выпадкі ад іншых вязняў.

Праваабаронца Леанід Судаленка, былы вязень калоніі №3, таксама не чуў пра такое:

«Адзінае, асабліва гаваркія кантралёры маглі казаць: ну што, дамітынгаваліся, каму вы цяпер патрэбныя? А паказваць гэта — не!»

Мінчук Глеб Гатоўка правёў некалькі месяцаў у наваполацкай калоніі №1, а потым два з паловай гады ў крытай турме ў Жодзіна. Ён кажа, што не надта звяртаў увагі на тое, каб яму нешта такое паказвалі, таму можа нешта і не памятаць. З іншага боку, гэта не ратуе ад таго, каб такая інфармацыя трапіла да палітвязня:

«Мне асабіста не паказвалі такое мэтанакіравана, але ў газетах пра гэта пішуць, ну і па БТ, здаецца, таксама кажуць. Можа, нехта і распавядаў штосьці са з'едлівасцю, але то, напэўна, больш было асабістае меркаванне супрацоўніка, а не метад сістэматызаванага ціску».

Віктар Панцялееў трапіў на два з паловай гады ў магілёўскую калонію №15. Ён згадвае, што за кратамі насамрэч бачыў «кампрамат» на дэмакратычныя сілы, гэта было змантаванае відэа:

«Былі падрыхтаваныя відэаролікі, дзе расказвалася — на вас усе забыліся, вы нікому не патрэбныя, апазіцыя дзеліць уладу. Рабілі нарэзку — напрыклад, эпізод са словамі Латушкі, потым эпізод са словамі Ціханоўскай. Пазней я пераглядаў [першапачатковыя] ролікі і чуў, што там казалі зусім іншае, але нам паказвалі нарэзку. Гэта рабілі часта, а калі паўтарыць няпраўду тысячу разоў, яна робіцца праўдай».

Таксама, расказвае Віктар, вязням паказвалі кадры з бел-чырвона-белым сцягам на гей-прайдзе, прытым што ў беларускіх калоніях ствараецца атмасфера негатыўнага стаўлення да аднаполых стасункаў. Але, кажа былы палітвязень, за кратамі не надта верылі ў спробы дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы, бо чулі і іншыя гісторыі:

«Тых, хто вызваліўся, падтрымлівалі, ім дапамагалі выязджаць [з краіны]. Мы ведалі пра гэта, бо зона — такое месца, куды часам інфармацыя прыходзіць хутчэй, чым некуды на волі. Так што мы глядзелі на гэта з заплюшчанымі вачыма — было зразумела, што гэтыя відэа робяцца адмыслова».

«Усе цудоўна ведаюць, якую дзяржаву выбудаваў Лукашэнка — там адна хлусня», — адзначае Віктар.

Мы звярнуліся і да былога палітвязня, які адбываў тэрмін у калоніі №22 («Воўчыя норы»). Паводле яго словаў, яму не паказвалі нічога падобнага да кампрамату на дэмакратычныя сілы, не чуў ён пра такое і ад іншых вязняў. Ён згадвае супрацьлеглы факт.

Мужчына кажа, што ў калоніі багата людзей, якія тлумачаць іншым вязням: прасіць пра памілаванне можна, гэта не сорамна і ніхто за гэта не асудзіць — ні ў калоніі, ні на волі. Некаторых з іх, мяркуе былы вязень, спецыяльна заслалі аператыўнікі, але і звычайныя вязні часцей за ўсё спакойна ставяцца да працэдуры памілавання.

У палітвязняў, якія атачалі суразмоўцу, няма страху, што за выхад па памілаванні іх асудзяць. «Усе ўсё выдатна разумеюць, кожны хоча дахаты, і падпісваць ці не — справа кожнага. Чалавека [ў калоніі] спрабуюць падтрымаць, а не заганяць у кут», — тлумачыць былы вязень.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • быв. политзек
    16.08.2024
    Большинство политических там всё прекрасно понимают и изначально к ЛЮБОЙ информации от администрации относятся в лучшем случае "никак", а чаще всего, как ко лжи и манипуляции.
    а доверчивые идиоты есть везде. ну что ж поделать...
  • Палітвязніца
    16.08.2024
    Яўгенія заўсёды робіць з мухі слана. Выпадкі, аб якіх яны з Аланай кажуць, адзінкавыя на тысячы вязняў.
    Спробы дыскрэдытацыі дэмакратычных сілаў за кратамі наагул вельмі смешныя і няўдалыя. Ніхто не гэта не вядзецца. І "асабліва тыя, хто сеў на вялікія тэрміны і быў лідарам меркаванняў", яны першыя кажуць, што ўсё гэта лухта.
  • Абменны фонд
    17.08.2024
    Я б ім адныя часікі тікают дазволіў і нічога больш не трэба, ну, хіба што яшчэ нн

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС20

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС

Усе навіны →
Усе навіны

Эдуарду Бабарыку споўнілася 35 гадоў1

Мясаеды маюць больш шанцаў знайсці сабе пару — даследаванне4

Падчас мемарыяльных мерапрыемстваў у Аўшвіцы Ціханоўская сустрэлася з Чарльзам Кушнерам9

У Сумах шахед ударыў па шматпавярховіку: чатыры чалавекі загінулі, дзевяць параненых

Злодзей залез у кватэру праз дах, спусціўшыся ў кватэру праз паверх на вяроўцы

Трамп вышле студэнтаў, што падтрымалі напад ХАМАС на Ізраіль11

«Транзіт можа адбыцца толькі пад Колю». Латушка прапануе ўважліва сачыць за кар'ерай малодшага сына Лукашэнкі13

Жыхар Магілёва прадае 20-капеечную манету за 480 рублёў. У чым яе асаблівасць?2

Лідар групоўкі ХТШ Ахмед аль-Шараа абвешчаны часовым прэзідэнтам Сірыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС20

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць