«Мой шлях даўжынёю ў 24 гады ў UFC падышоў да завяршэння». Легендарны беларускі баец Андрэй Арлоўскі абвясціў пра завяршэнне кар'еры
Пра гэта 45-гадовы баец змяшаных адзінаборстваў з Беларусі распавёў у сваіх сацсетках.
Арлоўскі прызнаўся, што завяршае свой амаль чвэрцьвекавы шлях у баях без правілаў, паведамляе беларуская «Камсамолка».
— Мой шлях даўжынёю ў 24 гады ў UFC падышоў да лагічнага завяршэння, але гэта толькі канец аднаго раздзела ў маёй кнізе, у маёй ММА-кар'еры, а так яшчэ ўсё наперадзе! — зрабіў заяву спартовец.
Яшчэ Арлоўскі падзяліўся з падпісантамі навінамі пра тое, што адпраўляецца з сям'ёй у адпачынак, пасля якога вернецца з новай інфармацыяй.
Ураджэнец Бабруйска пачынаў свой спартыўны шлях у баявым самба. Яго трэнерам быў заслужаны майстар спорту СССР, заслужаны работнік фізкультуры і спорту Беларусі Антон Новік.
Дэбют Арлоўскага ў прафесійных ММА адбыўся ў красавіку 1999-га, на жаль, з паразы ад расіяніна Вячаслава Дацыка. А ўжо ў UFC беларус упершыню выступіў у 2000-м, а праз пяць гадоў бабруйчанін заваяваў тытул чэмпіёна UFC у цяжкай вазе.
Пасля гэтага двойчы Арлоўскаму ўдавалася абараніць свой чэмпіёнскі пояс. Сярод вядомых супернікаў Арлоўскага: амерыканцы Цім Сільвіа і Рой Нэльсан, бразілец Антоніу Сілва, расеец Фёдар Емяльяненка і іншыя.
За сваю байцоўскую кар'еру Арлоўскі правёў 60 баёў, у якіх атрымаў 34 перамогі, пацярпеў 24 паразы, і яшчэ два баі палічылі, што не адбыліся.
Каментары
Ну, жадаю поспехаў і паменьш траўмаў, хоць і лічу гэты "спорт" бязглуздзіцай.