Грамадства3737

Былы афіцэр унутраных войск: Я быў камандзірам групы, якая перасаджвала бульбу ў рэзідэнцыі Лукашэнкі

Максім Дзенісевіч звольніўся з унутраных войск восенню 2020 года. Ён распавёў «Нашай Ніве» пра тое, чым яму прыходзілася займацца на працы, колькі чалавек ахоўвае Лукашэнку, а таксама пра мару навучыць беларусаў замежжа трымаць у руках зброю.

Фота з асабістага архіву Максіма

Як вы сталі афіцэрам унутраных войск?

— Колькі я сябе памятаю, заўжды хацеў быць вайскоўцам. Мабыць, справа ў тым, што на мяне вельмі ўплывалі бацькі. Я нарадзіўся ў вёсцы каля Нясвіжа і бацькі заўсёды казалі: «Вось, будзеш першым афіцэрам у вёсцы». І я падумаў, што трэба паспрабаваць.

У нейкі момант у мяне быў выбар — паступаць у Акадэмію МУС ці ў Вайсковую акадэмію. Прааналізаваўшы ўсе факультэты, я заўважыў, што яскрава выдзяляецца менавіта факультэт унутраных войск у Вайсковай акадэміі, бо ён каля 10 год па ўсіх паказчыках лічыўся найлепшым — і па спорце, і па навучанні. Таму вырашыў ісці туды.

У чым заключалася вашая праца ва ўнутраных войсках? Чым яны ўвогуле займаюцца ў час, калі ў краіне няма выбараў?

— Што тычыцца задач, гэта ахова грамадскага парадку, усё, што звязана з асуджанымі — канваіраванне, ахова і гэтак далей, — ахова асабліва важных аб'ектаў і грузаў.

А на практыцы гэта ад капання бульбы ў рэзідэнцыі Лукашэнкі да аховы БелАЭС.

Вайсковая часць 3310, дзе я служыў, удзельнічала амаль ва ўсіх мерапрыемствах, калі трэба была ахоўваць Лукашэнку. Унутраныя войскі ачапляюць месцы, дзе ён з’яўляецца.

Фота з асабістага архіву Максіма

— Пра бульбу не жарт?

— Так. Я ўдзельнічаў у такіх мерапрыемствах, быў камандзірам групы. Не атрымалася нармальна пасадзіць бульбу ў рэзідэнцыі — выклікаюць ваеннаслужачых унутраных войск. Аднойчы, напрыклад, мы прыехалі, а некаторыя клубні ляжалі амаль на сонцы — трэба было запхаць іх у зямлю. Вось такая «суперзадача». Калі раптам вам цікава, якія гатункі бульбы саджаюць у рэзідэнцыі, то гэта «Мастак» і «Палац».

Колькі прыкладна чалавек трэба, каб арганізаваць ахову Лукашэнкі, калі ён кудысьці едзе?

— Ахоўваюць яго не толькі ўнутраныя войскі, а ў першую чаргу служба бяспекі прэзідэнта. Колькасць задзейнічаных людзей каласальная.

Але ўсё залежыць ад таго, якое мерапрыемства. Летам, напрыклад, у Лукашэнка ёсць хобі — сесці ў трактар і паехаць касіць траву. Але ніхто ж не ведае, стрэльне яму сёння касіць траву ці не. І таму кожны дзень (бо жаданне такое з'яўлялася дастаткова часта) вайскоўцы з часткі 3310 выязджалі на той маршрут і цалкам ачаплялі раён, дзе Лукашэнка любіць касіць траву. Называюць мерапрыемства «касьба» — яно лічыцца адным з самых простых, таму задзейнічана мінімальная колькасць людзей. Мінімум 30 чалавек з унутраных войск, плюс недзе стаіць бусік з АМАПам, плюс служба бяспекі прэзідэнта са зброяй нясе варту, плюс ДАІ.

А калі Лукашэнка, напрыклад, едзе з рэзідэнцыі ў аэрапорт, што бывае даволі часта, то задзейнічана, мне падаецца, каля тысячы чалавек. Ахоўваецца ўвесь маршрут — масты, эстакады, трубы, дарогі…

Я ўжо не кажу, што бывае, калі ён едзе ў нейкую іншую вобласць — там нават 100% ПВА ў гэты момант падключана. У гэтым плане ў Лукашэнкі ўсё толькі развіваецца — з кожным годам трэба ўсё больш людзей для яго аховы.

Фота з асабістага архіву Максіма

— Самы вялікі маразм, з якім вы сутыкаліся ў беларускім войску.

— Ён усюды, гэты маразм. Беларускае войска абсалютна небаяздольнае. І гэта прычына таго, што я хвалююся, што Беларусь можа цалкам страціць незалежнасць.

У войску ўсё накіраванае на нейкую гаспадарчую працу, а не баявую падрыхтоўку. Але ж ты павінен заўжды пісаць план-канспект для правядзення заняткаў, яго правяраюць. У тэорыі ты, калі з’яўляешся камандзірам, павінен з ранку да вечары кожны дзень праводзіць для сваіх падначаленых заняткі па баявой падрыхтоўцы. У 95% заняткі ніхто не праводзіць, але канспект правяраюць. Не будзе яго — атрымаеш вымову. А які сэнс пісаць нейкі план, калі вайскоўцы будуць у выніку бульбу ў зямлю пхаць?!

Вось, напрыклад, якая сітуацыя была ў мяне, калі я выпускаўся з факультэта. У мяне быў даволі высокі сярэдні бал. Але нейкаму афіцэру стрэльнула ў галаву: «Падраўняй газон нажніцамі для валасоў». І што зробіш? Стрыжэш, вядома. Самае цікавае, калі гэта пабачыць іншы афіцэр, ён нават не здзівіцца. Некаторыя нават не пасмяюцца з бязглуздзіцы, бо для іх такое норма.

@nashaniva Як афіцэр унутраных войск перасаджваў бульбу ў Лукашэнкі #нашаніва #навіны #беларусь #всрб #армиябеларуси #новостибеларуси ♬ Funny Guy - Parry Music

Маразм усюды. Смешны выпадак быў у 2019 годзе. Мяне тады выклікалі і сказалі: «Ты адказваеш за ўсе КПП, трэба зрабіць лаўкі для наведнікаў, а па цэнтры, напрыклад, клумбу, каб было прыгожа». У мяне спачатку была шалёная ідэя зрабіць гармату з вялікай «Пагоняй». Але зразумеў, што выразаць Пагоню будзе цяжка. Таму знайшоў зваршчыка і папрасіў зрабіць гармату, а на ёй «Калюмны» бела-чырвоныя.

Потым мяне выклікалі як камандзіра ўзводу. Я падумаў, што, мабыць, у нацыяналізме абвінавацяць. Прыходжу, там стаіць палкоўнік: «Што гэта за х*ня? Мы што, артылерысты?!» Усё, што яго цікавіла, — чаму паставілі зброю, якую не выкарыстоўваюць унутраныя войскі.

Самае смешнае, што я нядаўна бачыў фоты адтуль — і здаецца ўсё засталося на сваім месцы.

Фота з асабістага архіву Максіма

— Давайце перанясёмся ў 2020 год. Што адбывалася перад выбарамі? Як увогуле рыхтуюць да гэтага ўнутраныя войскі?

— Звычайна перад любымі выбарамі праводзяцца вучэнні па вайсковым зладжванні. Унутраныя войскі трэніруюцца разам з АМАПам і іншымі падраздзяленнямі.

Але вернемся да таго, што я казаў раней — беларускае войска абсалютна небаяздольнае. Калі б на іншым баку былі б радыкальна настроеныя хлопцы, мне падаецца, яны б проста змялі ланцугі вайскоўцаў.

Бо на вучэннях ніхто не ўжывае супраць вайскоўцаў рэальную сілу — максімум можна падысці і пагладзіць гэты шчыт, забараняецца нават біць па ім рукой ці нагой.

Калі б у 2020 годзе народ паказаў сілу — асабліва ў першыя тры дні — то здабыў бы перамогу, я перакананы ў гэтым. Першыя тры дні ў сілавым блоку была каласальная паніка, ніхто не разумеў, што рабіць. Сілавікі сапраўды баяліся, бо не разумелі, што будзе далей. У камандзіраў трэсліся рукі, яны нават не маглі інфармацыю нармальна перадаваць.

Не павінна было быць такога, што ты бяжыш за адным чалавекам, а пужаецца тысяча. Не робіцца так. Я для сябе зразумеў, што, калі не будзе сілавога супраціву, то нішто не зменіцца.

— Казалі, быццам бы за некалькі месяцаў да выбараў у вайскоўцаў забралі сродкі сувязі і яны жылі ў інфармацыйным вакууме…

— Гэта, мабыць, нейкая спроба абяліць войска. Што датычыцца сродкаў сувязі, то яны былі ва ўсіх афіцэраў і кантрактнікаў дакладна — яны былі нават падчас выканання той ці іншай задачы. Мы мелі такі самы доступ да навін, як і астатнія — вось калі ў жніўні глушылі інтэрнэт, дык і ў нас яго не было. Вось у тыя дні да нас даходзілі нейкія чуткі.

Памятаю, як мы сядзелі ў сталоўцы, а да нас прыходзілі палкоўнікі, якія расказвалі пра забойства Тарайкоўскага: «Вы ведаеце, што забілі пратэстоўца, які дастаў зброю, пасля чаго яго застрэлілі? Калі б ён у нас цэліўся, дык мы б таксама выкарысталі б зброю».

А так я яшчэ за некалькі месяцаў да выбараў размаўляў з афіцэрам, дык ён мне расказваў пра Ціханоўскага, колькі ў яго прыхільнікаў, і сцвярджаў: «Нешта цікавае будзе».

Фота з асабістага архіву Максіма

— А ў вас у 2020 было прадчуванне таго, што нешта адбудзецца?

— Так. Я напісаў рапарт аб звальненні яшчэ ў канцы ліпеня — разумеў, што нічога добрага не будзе. Але звычайна звальненне займае шмат часу. Патрэбны рапарты, што ты дрэнна нясеш сваю службу. Пасля камісія вырашае, ці адпусціць цябе. Звычайна працэс займае 3-4 месяцы.

— Памятаеце той момант, калі з’явілася жаданне звольніцца?

— Першы раз — калі я трапіў ва ўнутраныя войскі. Але звольніцца сапраўды складана. Кадраў не хапае, ты павінен угаворваць афіцэраў, каб на цябе рабілі рапарты. А потым трэба камісію пераканаць у тым, што трэба дазволіць табе сысці.

Галоўнае, канешне, што трымае — фінансы. Бо калі ты звальняешся, ты вымушаны заплаціць грошы — чым менш ты праслужыў, тым большую суму вінен дзяржаве. У мяне першапачаткова гэта сума была $20 тысяч.

Зразумела, што большасць гэту суму не пацягне. Я лёгка магу растлумачыць, чаму людзі не звальняюцца. Спачатку ты служыш па кантракце 5 гадоў. Усе думаюць: «Вось даслужу і звольнюся» — так мне казалі 99% знаёмых (большая частка з іх і па сёння служыць). Потым табе кажуць: «Ну падпішы хаця б на 3-5 гадоў кантракт. Ты ўжо ў чарзе на кватэру другі па спісе. Давай, калі ты заключыш кантракт, мы табе яшчэ каля $7 тысяч дамо». І людзі падпісваюць. Праходзяць гэтыя 5 гадоў — і ўжо пачынаюць думаюць, што можна і да пенсіі пачакаць. Сістэма матывацыі добра распрацавана. Слабыя людзі, якія не маюць прынцыпаў, на гэта клююць. Сілавікі зарабляюць у некалькі разоў больш за сярэднестатыстычнага беларуса. Плюс праца такая, што думаць асабліва не трэба. Складанага рабіць — таксама. Дастаткова гучна спяваць гімн і казаць пра любоў да Лукашэнкі — і вось ты ўжо сярод найлепшых.

— Што вы памятаеце пра 9—11 жніўня?

— Як гэта выглядала механічна: мы прыязджалі на пазіцыю прыкладна гадзіне а 10-11-й раніцы і сядзелі ў МАЗах, ВАЗах і гэтак далей да самага вечара — чакалі пратэстоўцаў. Я пакуль сядзеў, то польскую мову вывучаў.

Вечарам пачынаеш працаваць — выконваеш тую ці іншую задачу. Пасля чаго вяртаешся ў частку позна ноччу, спіш літаральна некалькі гадзін і потым зноў едзеш на пазіцыю. Далей графік крыху скарэкціравалі — прыязджаць сталі пазней, з'язджаць таксама.

Фота з асабістага архіву Максіма

— Дык чаму калі вы хацелі звольніцца да выбараў, то пайшлі разганяць пратэсты?

— Цікава было, што будзе адбывацца. Магу сказаць, што 11 жніўня ўсіх затрыманых, якіх перадалі мне, я адпусціў — спадзяюся, некалькі душ уратаваў.

Звольніцца атрымалася прыкладна пасля паўтара месяца пасля таго, як падаў рапарт. Я хацеў усімі сродкамі паскорыць гэты працэс. Ёсць адзін дзейсны метад націснуць на кіраўніцтва — калі нехта прыходзіць п’яны, гэта наносіць вялікую рэпутацыйную шкоду часці, праблемы потым ва ўсіх. Таму калі я падышоў і сказаў, што як мага хутчэй хачу з’ехаць у Польшчу, адзін з камандзіраў мне сказаў: «Ты толькі не пі, мы цябе адпусцім».

— Як чалавек, які знаходзіўся літаральна з іншага боку барыкад, ці не думалі вы зрабіць нешта, што дапамагло б беларускаму народу? Вы маглі б, напрыклад, аддаць загад сваім падначаленым не ўдзельнічаць у разгоне можа, гэта б натхніла іншых сілавікоў?

— Думаў, шмат думаў, але адказу, як дапамагчы, для сябе не знайшоў. Развівалася ўсё вельмі вяла і павольна. Шмат афіцэраў запісвала відэа і рабіла допісы аб тым, што звальняюцца і не падтрымліваюць дзеянні ўлады — вынік нулявы. Я разумеў, што я далёка не генерал і мае адкрытыя дзеянні ніяк не паўплываюць на развіццё падзей. Наадварот, страчу маіх падначаленых, якія поўнасцю падтрымлівалі мае погляды.

— Існуе, мабыць два галоўныя міфы пра разгоны. Першы — што было шмат расійскіх вайскоўцаў. Другі — што сілавікоў накачвалі наркотыкамі. Што вы думаеце на гэты конт?

— Мне складана сказаць дакладна. 9 жніўня мы працавалі разам з АМАПам. І вось калі на правым флангу ў мяне стаяў АМАП, там выйшаў камандзір і сказаў: «Мы павінны іх забіваць. Бо ці мы іх, ці яны нас». А насупраць іх стаялі нейкія бабуля з дзядулем, а яшчэ праз сто метраў асноўны натоўп. Але людзі не выглядалі як тыя, хто хоча забіваць. Я тады адчуў агрэсію да яго, падумаў: «Як ты, беларус, можаш так ставіцца да свайго ж народа, каму ты служыш?!». Таму я чамусьці для сябе вызначыў, што гэта расіянін.

Пазней я трохі аналізаваў гэту тэму. Чуў, што ў Маладзечне гатэль у тыя дні жніўня быў цалкам забіты расіянамі. Глядзеў некаторыя чат-рулеткі, дзе расійскія вайскоўцы сцвярджалі, ці што прыязджалі ў 2020, ці гатовыя былі прыехаць.

Але галоўны аргумент за гэту тэорыю — мне падаецца, усіх сілавікоў Беларусі не хапіла б, каб перакрыць цалкам Мінск. Не кажу нават пра іншыя гарады. Таму я ўпэўнены, расіяне так ці інакш дапамагалі.

Пра наркотыкі — асабіста я гэтага ніколі не бачыў. Але прыкладна ў сярэдзіне жніўня мяне не было на працы — я тады ажаніўся. Маіх афіцэраў адправілі выконваць задачы разам з АМАПам. І вось калі я вярнуўся ў воінскую часць, да мяне падышоў адзін з падначаленых і сказаў: «Таварыш старшы лейтэнант, мы бачылі, што амапаўцы нешта ўжываюць». Я спытаў, што дакладна, і пачуў: «Адзін нюхаў, другі глытаў нейкія таблеткі, трэці за губу штосьці кідаў». Але сам я сведкам не быў, таму не магу пацвердзіць ці абвергнуць.

Фота з асабістага архіву Максіма

— Вы ажаніліся ў жніўні 2020. А як вашая жонка ставілася да вашай працы?

— Кепска. Навіны ў першыя дні яна глядзела толькі па тэлебачанні, бо інтэрнэту не было. Памятаю, што 11 жніўня яна патэлефанавала мне і спытала: «Што адбываецца?». Я адмовіўся гэта абмяркоўваць па тэлефоне. Але калі мы нарэшце сустрэліся, яна казала, што ёй шкада людзей, пыталася, як мы можам іх разганяць.

— Ці праўда, што ў беларускім войску шмат хто марыць аб аб’яднанні з Расіяй?

— Так, на жаль. Вялікая праблема ў тым, што шмат беларускіх вайскоўцаў вучыліся ў Расіі. Менавіта таму ў арміі столькі рускамірцаў, якія кажуць, што ўкраінцы — нацысты, а расіяне — нашы браты.

— Як вы лічыце, ці магчымы ўдзел беларускай арміі ў вайне ва Украіне?

— Гэта залежыць ад сітуацыі на фронце. Лічу, што беларусаў адправяць ваяваць тады, калі ў Украіны будзе каласальны поспех. Мне падаецца, што ў гэтым выпадку Беларусь адразу ўступіць, бо не будзе іншага выбару.

— І гэты загад будзе выкананы?

— Мне цяжка сказаць, бо я ўжо 4 гады не жыву ў тых умовах. Ведаю, што зараз прапаганда актыўна працуе. Сапраўды ў людзей мала доступу для альтэрнатыўнай інфармацыі. Калі мне пішуць афіцэры, якія займаюць нейтральную пазіцыю, я пытаюся: «Вы чулі што-небудзь пра Беларускі добраахвотніцкі корпус? А пра спецпадраздзяленне «Атам»? А колькі беларусаў ваюе зараз на баку Украіны?». І яны такія: «Не, не чулі». Добра, што хоць пра полк Каліноўскага ведаюць. Таму мне складана нешта прагназаваць.

— Чым вы займаецеся ў Польшчы?

— Цяпер займаюся фарміраваннем свайго стралковага клубу. Да гэтага быў галоўным інструктарам у «Белполе», сфарміраваў спецпадраздзяленне «Атам» — выязджаў ва Украіну, прабыў там прыкладна 4 месяцы.

Зрабіць стралковую школу даволі складаная справа, бо ЦРУ ці нейкія замежныя спецслужбы мне не дапамагаюць, а Еўрапарламент грошы не дае. Усё за ўласныя грошы. Здаў ужо шмат экзаменаў, з’яўляюся ліцэнзаваным інструктарам па стральбе, а таксама афіцыйным польскім спартоўцам па стральбе. Плюс прыйшлося прайсці шмат псіхалагічных тэстаў. Занёс ужо ўсе неабходныя дакументы і чакаю дазвол.

Атрымаў шмат прапаноў ад розных еўрапейскіх ахоўных прадпрыемстваў, каб я прыйшоў да іх на працу інструктарам. Але я вырашыў засяродзіцца на сваім праекце. Мая галоўная задача — каб большасць беларусаў замежжа ўмелі трымаць зброю.

— Праўда, што былыя аднакурснікі просяць вас знайсці працу ў Еўропе?

— Так, і шмат. Самае смешнае, што пішуць у асноўным тыя, хто мяне найбольш актыўна абражаў у розных чатах, калі я звольніўся — мне ж даслалі скрыншоты. Яны раней крычалі: «Мы за Лукашэнку! Пойдзем у АМАП, будзем там працаваць і развівацца!». А зараз пішуць мне: «Дапамажы знайсці працу ў Еўропе». Добра, што пакуль грошай не просяць — але б я не здзівіўся, каб папрасілі заплаціць за візу ці нешта яшчэ.

Фота з асабістага архіву Максіма

— Вы зараз вырашылі балаціравацца ў Каардынацыйную раду. Чаму?

— Па-першае, я бачу ў гэтым сваё развіццё. Па-другое, у мяне ёсць праграма, якую я хачу рэалізаваць. Гэта праграма Дамініка Іераніма Радзівіла для вышэйшых ваенных і паліцэйскіх устаноў. Хачу, каб у нас былі нацыянальнаарыентаваныя беларусацантрычныя афіцэры. Мне баліць гэта тэма. Я разумею, што лукашэнкаўская ўлада трымаецца толькі на нашым страху, таму мы павінны стаць сілай, каб у будучыні вярнуць сваю Беларусь.

— Нядаўна Следчы камітэт паведаміў, што распачаў крымінальныя справы супраць усіх 257 чалавек, які балаціруюцца ў Каардынацыйную раду. Ці спужала вас гэтая навіна?

— Для мяне ўсе гэтыя навіны выглядаюць камічна і агідна. Нават ужо агрэсію яны перасталі выклікаць.

Фота з асабістага архіву Максіма

Што бы вы зараз хацелі сказаць сваім былым аднавайскоўцам, якія да гэтага часу застаюцца ў арміі?

— Хлопцы, заставайцеся на сваіх месцах. Тут трэба адштурхоўвацца ад таго, што ў кожнага свой лёс. Ёсць людзі, якія не парушалі закон у 2020 — я з імі ў добрых адносінах, яны даюць мне інфармацыю і актыўна супрацоўнічаюць з дэмакратычнымі сіламі. Хочацца, каб яны працягвалі заставацца сабою і рабіць тое, што зараз робяць. Асабліва ад мяне ім пашана. Ну а тыя, хто запэцкаўся крывёй, усё роўна ўжо не адмыюцца.

Каментары37

  • Жыве Беларусь
    24.05.2024
    Добра, што выбраўся і выбраў волю!
  • Светлана
    24.05.2024
    Скажу одно. Такого человека, я хочу видеть в КС
  • Усё правільна кажа Пазьняк
    24.05.2024
    Хто такi пазьняк, у жніўні 2020га Зянон Пазьняк заклікаў войскі развярнуць танкі на рэзідэнцыю Лукашэнкі і даць яму некалькі хвілін на выхад. Але войскі не пайшлі на гэты крок. А ў пратэстоўцаў на маршах зброі не было. Супраць узброенага АМАПа.

    Армія не перайшла на бок народа і не адчыніла арсеналы, не раздала зброю народу, як гэта было ў іншых краінах.

    Пуцін падрыхтаваў атрады Росгвардыі для задушэння беларускіх пратэстаў.

    Сам народ быў настроены на мірны пратэст і некаторыя невероятные нават здавалі міліцыі актыўных пратэстоўцаў, у якіх былі нажы і гэтак далей.

    Так што ўсё правільна казаў Зянон Пазьняк у тых абставінах.

    Народ быў не падрыхтаваны да ўзброенага выступу супраць рэжыму.

    Сёння Пазьняк заклікае набываць вайсковы досвед. Напрыклад, далучацца да палка Каліноўскага і набываць неабходныя баявыя навыкі. Без якіх немагчыма перамагчы ўзброеную хунту Лукпшэнкі, якую яшчэ і падтрымлівае крамлёўская хунта.

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Літвы па пляжным футболе адмовілася гуляць з беларусамі19

У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі загадчыка канцылярыі Гомельскай епархіі1

Гэта прыкра, але хутка зноў пахаладае4

Жанчына тры гады атрымлівала пенсію за памерлага мужа — на яе завялі крымінальную справу4

Віктар Ганчарэнка ўзначаліць расійскі «Ніжні Ноўгарад». Якім будзе яго заробак?4

Беспілотнікі нанеслі ўдар па складзе боепрыпасаў у Карачаве Бранскай вобласці Расіі2

У расійскім Тальяці 13-гадовая дзяўчынка зарэзала малалетніх сясцёр17

Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію ў гадавіну нападу на Ізраіль. Алексіевіч падтрымала іх58

«Нас адкінулі ў сакавік 2022 года». Z-блогеры ў шаленстве ад блакіроўкі Discord5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Галоўнае
Усе навіны →