Прафэсара, палітыка, выбітнага дзеяча беларускага руху Юрыя Хадыкі ня стала раніцай 11 верасьня. Апошнія гады ён жыў у сям’і малодшага сына ў Злучаных штатах Амэрыкі.
Юры Хадыка — беларускі фізык, палітык, прафэсар, актыўны ўдзельнік незалежніцкага руху Беларусі. Апошнія некалькі год жыў у ЗША, у сям’і сына. Юрыю Хадыку было 78 год.
Палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка, калі быў старшынём Партыі БНФ, працаваў разам зь Юрыем Хадыкам, які займаў пасаду намесьніка кіраўніка партыі ад 1989 да 2007 году. Вінцук Вячорка ўзгадвае, што ў савецкія часы дэмакратычная моладзь наведвала лекцыі Хадыкі пра хрысьціянскую культуру і старабеларускае мастацтва:
«У глухія савецкія часы нас, студэнтаў-майстроўцаў, уразіла чутка, што ў Акадэміі навук фізык (!) Юры Хадыка чытае лекцыі пра хрысьціянскую культуру Эўропы і пра старабеларускае мастацтва. Гэта былі незабыўныя глыткі сьвежага паветра — калі сапраўдныя, а ня дзьмутыя эстэтычныя вяршыні сьцьвярджаліся дакладнай аргумэнтацыяй.
І ў палітыцы Юры Віктаравіч прапаноўваў рашэньне з уласьцівай фізыку дакладнасьцю, добрасумленна выслухоўваючы доказы апанэнтаў і добразычліва аргумэнтуючы. Ягоным усячасным прынцыпам было «хто ня вораг, той можа стаць саюзьнікам», ён быў маторам кааліцыйных паразуменьняў дэмакратычных сілаў, бо па-навуковаму разумеў: скансалідаваную дыктатуру адолець можна толькі разам.
Пры гэтым Юры Віктаравіч меў цьвёрдую і маральную беларускую пазыцыю і гатовы быў за яе ахвяраваць сабою, як гэта было падчас галадоўкі 1996 году, калі яго, арганізатара акцыі пратэсту супраць зьнішчэньня незалежнасьці Беларусі, кінулі ў вязьніцу. Некалі на будынку Інстытуту фізыкі Акадэміі навук, дзе быў Хадыкаў кабінэт, ператвораны з канца 1980-х у фронтаўскае выдавецтва і ў сядзібу БНФ, зьявіцца памятны знак. Спачуваю сынам. Сьветлая памяць аднаму з тытанаў новага Беларускага Адраджэньня».
Грамадзкі дзеяч, старшыня Партыі БНФ (2007-2009 гады) Лявон Баршчэўскі быў поруч зь Юрыем Хадыкам ад самага пачатку адраджэнскага руху. Адзначае, што гэта быў чалавек, якога можна было браць за эталён як з пазыцыі грамадзянскага сумленьня, так і прынцыповасьці ў адстойваньні ўласнага меркаваньня:
«Юры Хадыка — гэта ўнікальная асоба. Паводле адукацыі фізык, прычым не абы-які, а ляўрэат прэміі Савету міністраў СССР. Адначасна захапіўся глыбокімі традыцыямі беларускай культуры, гісторыі, паказаўшы сябе абсалютна дасьведчаным мастацтвазнаўцам, культуролягам. Гэта з аднаго боку.
Зь іншага, як толькі павеялі вятры перабудовы, ён актыўна ўключыўся ў грамадзкую дзейнасьць, быў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту. А галоўнае, быў чалавекам, у якім першачарговым крытэрам было сумленьне. Ён мог у нечым памыляцца, мог нешта ня так трактаваць, але разумеў гэта паводле свайго ўласнага сумленьня.
Ягоная гераічная галадоўка 20 гадоў таму, у красавіку-траўні 1996-га, шмат што памяняла ў мазгах людзей, прадэманстраваўшы прыклад таго, як трэба змагацца. Таму гэта вельмі вялікая страта, нам усім Юрыя Хадыкі будзе моцна не хапаць…».
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч пра сьмерць Юрыя Хадыкі даведаўся ад Радыё Свабода. Таму першай справай папрасіў перадаць спачуваньні сям’і калегі-навукоўца, палітыка-патрыёта, проста прыстойнага чалавека:
«Выказваю глыбокае спачуваньне родным, блізкім, сябрам Юрыя Хадыкі. Ён варты таго, каб пра яго ўспомнілі добрым словам…
Магу сказаць, што мы заўсёды нядрэнна адзін аднаго разумелі. Асабіста для мяне яго разуменьне таго ці іншага пытаньня, яго думка былі вельмі важкімі. Мяне вельмі дзівіла, як ён глыбока ўнікаў у беларускую гісторыю, у рэлігійныя справы. Відаць, у гэтым сэнсе проста апярэджваў іншых, бо, шчыра кажучы, ня кожны фізык — прычым добры фізык-тэарэтык — настолькі добра разьбіраецца ў пытаньнях, як кажуць, сівой даўніны. То бок, чалавек тэхнічнага розуму арганічна перабудаваўся на іншую сфэру.
На жаль, апошнія гады ён вымушаны быў жыць у замежжы, тут ягоныя навуковыя заслугі ўжо не патрабаваліся.
Шмат гадоў Юры Хадыка нязьменна выступаў як арганізатар «Чарнобыльскага шляху». Па-першае, як фізык разумеў наступствы той катастрофы, па-другое, як палітык ведаў, чаму ўлады хаваюць праўду пра Чарнобыль. У абодвух выпадках ягоная думка была важкай, аўтарытэтнай, яго выслухоўвалі з увагай і павагай.
Адпаведна, супраць яго і бунтавалі. Са сваёй пазыцыяй ён вельмі перашкаджаў камунякам, і ўрэшце яны загналі яго ў турму. Ну няхай цяпер цешацца, што іх апанэнт адышоў з жыцьця. Але я смуткую, ягоныя сябры смуткуюць….
Гэта надзвычай вялікая для нас страта, мы яго заўсёды будзем памятаць. А Беларусь мусіць быць яму ўдзячная».
Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык згадвае, на якім этапе Юры Хадыка далучыўся да фронтаўцаў і як яму ўдалося за кароткі прамежак часу набыць бясспрэчны аўтарытэт ў дэмакратычным асяродку:
«У біяграфіі Юрыя Хадыкі часам пішуць, што ён быў намесьнікам старшыні Сойму БНФ ад 1988. На самай справе Юры Віктаравіч ня быў у Аргкамітэце, утвораным на гістарычным пасяджэньні ў Чырвоным касьцёле 19 кастрычніка 1988 году. Ён далучыўся да дэмакратычнага руху — публічна — у часе тэлеперадачы вясной 1989-га і ўжо празь некалькі месяцаў на ўстаноўчым зьезьдзе быў абраны намесьнікам старшыні Сойму БНФ Зянона Пазьняка (яшчэ адным намесьнікам быў доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў).
Хадыка належаў да навукоўцаў, зьвязаных з дасьледаваньнямі ў сфэры абароннага комплексу, — забясьпечанай савецкай эліты. І вельмі паказальна, што ён уступіў у Фронт ужо тады, калі было абсалютна зразумела, чаго гэта можа яму каштаваць. То бок, далучыўся да людзей, на якіх прапагандысцкая машына абрынулася з усім яе шматгадовым досьведам палітычнага і маральнага цкаваньня. Гэта быў Выбар.
Цяпер кажуць, што лідэрам БНФ у тыя гады было лягчэй: маўляў, грамадзтва актыўна ўздымалася, сотні і тысячы далучаліся да нацыянальнага дэмакратычнага руху. Але трэба памятаць, што гэтая энэргетыка, гэтая актыўнасьць не зьявіліся самі па сабе, — у іх былі натхняльнікі і арганізатары. Пераважна прадстаўнікі культурніцкай і навуковай інтэлігенцыі — такія, як Юры Хадыка.
У краінах Усходняй Эўропы менавіта яны (а не «крепкие хозяйственники» і афіцэры спэцслужбаў) сталі на чале дзяржаваў і вывелі народы з камуністычнага стойла ў цывілізаваны сьвет. У Беларусі склалася інакш, лёсам Хадыкі пасьля здушэньня апошняй хвалі Адраджэньня было змаганьне, турма, галадоўка, ізноў змаганьне, цяжкая хвароба і фактычна эміграцыя. І ўсё гэта вартае вялікай павагі і памяці. Вечная памяць».
Каментары