Гісторыя22

У Вільні адкрылася выстава, прысвечаная месцу сталінскіх расстрэлаў пад Оршай. Што адбывалася ў Кабыляках?

Распавядаем, што вядома пра ўрочышча Кабыляцкая гара. 

Стэнды, на якіх распавядаецца гісторыя рэпрэсій у Оршы. Фота: Наша Ніва

Выстава «Кабыляцкая гара. Месца памяці і смутку» адкрылася ў Вільні на Дзень Волі, 25 сакавіка.

Месцам зусім невыпадкова была выбрана сядзіба ў Тускуленах. Савецкія ўлады пасля вайны ператварылі гэты цудоўны комплекс пачатку XIX стагоддзя ў сапраўдную брацкую магілу патрыётаў. Тут да 1947 года былі пахаваныя больш за 600 чалавек, пакараныя смерцю за «здраду Радзіме», сярод якіх і 30 беларусаў. Пад «Радзімай» мелася, вядома, савецкая, а не незалежная Літва.

Масавыя пахаванні ахвяр савецкіх рэпрэсій былі выяўлены толькі ў 1994 годзе, пасля аднаўлення Літвой незалежнасці. У Тускуленах быў створаны вялікі мемарыял з курганам, пад якім перапахавалі парэшткі ахвяр.

Уваход у капліцу-пахавальню ў Тускуленах. Фота: Наша Ніва

Расстрэлы ў Беларусі пачаліся нашмат раней, чым у краінах Балтыі, якія здолелі пасля рэвалюцыі пабудаваць незалежныя дзяржавы. Бязлітасны савецкі тэрор захлынуў краіну яшчэ да вайны, у 1930-я гады. Адным з месцаў, пра якія дакладна вядома, як пра месца масавых забойстваў людзей у той час, з'яўляецца Кабыляцкая гара ў Оршы. 

Сёння ў Тускуленах да літоўскай памяці і смутку дадаўся і беларускі — на вялікіх стэндах прадстаўлена гісторыя рэпрэсій у Беларусі, у тым ліку ў Оршы, а таксама гісторыі асоб і цэлых сем'яў, якія зведалі неабгрунтаваны палітычны пераслед ці былі знішчаны ў лесе ў Кабыляках.

Кабыляцкая гара

Чалавечыя парэшткі ва ўрочышчы Кабылякі ў Аршанскім раёне былі выяўлены ў 1982 годзе падчас будаўніцтва чыгуначнай веткі да завода жалезабетонных вырабаў. Будаўнікі выявілі яму з парэшткамі 50 расстраляных людзей, спачатку пабачыўшы ў гэтым сведчанне злачынства нямецкіх акупантаў.

Нягледзячы на тое, што ў гэты час Савецкім Саюзам кіраваў Юрый Андропаў, былы кіраўнік КДБ, адмаўляць тое, што гэта ахвяры сталінскага тэрору, улады не сталі. Спецыяльна створаная Дзяржаўная камісія, у якую ўвайшлі адказны сакратар Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, пракурор, доктар судова-ўрачэбнай экспертызы, прадстаўнік ваенкамата і міліцыянер, таксама пацвердзіла тое, што ў гэтым месцы ў 1930-я гады масавыя расстрэлы ладзіў менавіта НКУС. 

Ва ўсіх чалавечых чэрапах меліся кулявыя адтуліны ў лобнай частцы. Было вядома, што немцы, як правіла, расстрэльвалі людзей чэргамі з пісталетаў-кулямётаў і асабліва не цэліліся ў галовы. Пра растрэлы ў лесе ў 1937—1939 гадах памяталі і старажылы. 

Вынікі камісіі былі агучаныя за шэсць гадоў да таго, як упершыню публічна была агучана інфармацыя пра Курапаты.

Акт абследавання брацкай магілы на Кабыляцкай гары ад 20 верасня 1982 года. Фота: kobylaki.by 

Ахвяры і каты

Паводле ацэнак даследчыкаў на Кабыляцкай гары расстралялі да пяці тысяч чалавек. Па базах даных удалося адшукаць 1750 чалавек, расстраляных там і ў іншых месцах пад Оршай. Сярод іх 1141 беларус, 505 палякаў, 40 яўрэяў, 15 латышоў, 12 літоўцаў, а таксама ўкраінцы, рускія, немцы і адзін грэк. У дапоўненым па выніках уласных даследаваннях спісе сёння значыцца 1871 імя.

Сюды звазілі людзей з суседніх раёнаў, па кожным з якіх апублікаваны пайменныя спісы.

Адзін з мясцовых леснікоў пераказаў сведчанні свайго калегі Івана Барысенкі, які да вайны быў органах НКУС і вазіў у Оршу расстрэльваць людзей. 

Былы касцёл трынітарыяў у Оршы служыў не толькі аэраклубам у межваенны час, але і месцам, дзе ўтрымлівалі арыштаваных перад расстрэлам. Фота: Wikimedia Commons

У распараджэнні Барысенкі быў «чорны варанок» і шафёр. Машыну падганялі да дзвярэй Саборнага храма і загружалі ў будку 6 чалавек (былы касцёл трынітарыяў, дзе з 1937 года трымалі арыштаваных з-за перагружанасці цэнтральнай турмы).

Унутры будка «чорнага варанка» была падзелена на 6 асобных аддзяленняў, у кожным змяшчаўся адзін чалавек. Такім чынам, за адзін рэйс забіралі 6 чалавек. У Барысенкі была норма — за ноч зрабіць два рэйсы, гэта значыць, расстраляць 12 чалавек. 

Прыязджалі ў лес на Кабыляцкай гары, машыну ставілі так, каб фары высвечвалі выкапаную яму. Выводзілі па адным. На кожнага ішло 2-3 патроны. Барысенка звычайна страляў у патыліцу і, калі чалавек валіўся, рабіў яшчэ адзін стрэл у скроню. Першага выводзілі лёгка: сам ішоў, а з астатнімі было цяжэй. 

Пачуўшы стрэлы і ўсё зразумеўшы, ахвяры пачыналі крычаць, адбівацца і ўсяляк супраціўляцца, не жадаючы выходзіць з машыны. На гэты выпадак у карнікаў была прызапашана доўгая жалезіна з крукам на канцы, нешта накшталт багра. Гэтым крукам выцягвалі чарговую ахвяру з машыны і забівалі. 

Іншы раз, як казаў Барысенка, трапляліся асабліва дужыя і ўпартыя, тады прыходзілася прыстрэльваць проста ў машыне. Барысенка таксама казаў, што пасля гэтага адчуваў сябе нармальна, а шафёр яго дужа перажываў, есці не мог.

Сёння вядомы імёны 25 супрацоўнікаў аршанскага НКУС, якія бралі непасрэдны ўдзел у катаваннях і забойствах, фальсіфікавалі справы супраць невінаватых. 

Барысенка памёр у 1973 годзе, не адказаўшы за свае злачынствы. Але большая частка ўдзельнікаў палітычных рэпрэсій самі ў выніку сталі іх ахвярамі.

Мемарыял

Памятны валун і крыжы, пастаўленыя актывістамі на Кабыляцкай гары пад Оршай. Фота: hajsy.org

На Кабыляцкай гары пад ціскам грамадскасці мясцовыя ўлады паставілі вялікі валун яшчэ ў 1990 годзе. На ім шыльда з радкамі верша Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, но отняли список, и негде узнать». У пачатку 1990-х гадоў у сваякоў рэпрэсаваных і даследчыкаў з’явілася магчымасць атрымаць абмежаваны доступ да спраў у архівах КДБ.

Пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады стаўленне да сталінскіх рэпрэсій рэзка змянілася, іх пачалі ігнараваць і адмаўляць, выдаваць за месцы забойстваў, учыненых нацыстамі. Архівы КДБ закрыліся. Дагэтуль застаюцца невядомымі ні колькасць месцаў масавых расстрэлаў на Беларусі, ні іх месцазнаходжанне. 

Пад адной толькі Оршай такіх месцаў прынамсі два — у лесе на Магілёўскай шашы і на Кабыляцкай гары. Да мемарыялу ў Кабыляках, закладзенага яшчэ савецкімі ўладамі, лукашэнкаўскія ўлады абыякавыя і ніяк не даглядаюць. Вандалы некалькі разоў зрывалі шыльду з помніка. Кабыляцкага гара ператварылася ў стыхійны «народны мемарыял», які ў парадку падтрымлівалі мясцовыя актывісты.

Супольная яўрэйска-каталіцкая малітва на Кабыляцкай гары ў 2018 годзе. 

У 2017 годзе аршанец Ігар Станкевіч, нашчадак рэпрэсаваных, стварыў ініцыятыву «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», каб аб'яднаць разам усіх нашчадкаў расстраляных у Оршы. Яны здолелі дамагчыся ад уладаў, каб на камені ўстанавілі шыльду з надпісам «Месца памяці і смутку» на розных мовах. Нашчадкі ўсталявалі каля 40 таблічак і больш за тузін крыжоў з імёнамі рэпрэсаваных. 

Ініцыятыве ўдалося сабраць 3725 імёнаў, некалькі дзясяткаў гісторый, фотаздымкаў ахвяраў дзяржаўнага тэрору, звязаныя з імі дакументы.

Ахвяры рэпрэсій у памяць пра ахвяр рэпрэсій

З нагоды адкрыцця выстаўкі ў Тускуленскай сядзібе выступілі прадстаўнікі яе арганізатараў. Дырэктарка Цэнтра даследаванняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы распавяла пра комплекс у Тускуленах, Аляксей Ластоўскі з Беларускага інстытута публічнай гісторыі патлумачыў важнасць Дня Волі для беларусаў, Анжаліка Аношка з «Формулы чалавечнасці» і прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова звярнулі ўвагу на паралелі, якія звязваюць часы рэпрэсій з тым, што адбываецца сёння ў Беларусі. 

Ігар Станкевіч і Вольга Гарбунова з кветкамі на ўваходзе ў капліцу-пахавальню ахвяр савецкага тэрору. Фота: Наша Ніва

Ігар Станкевіч з грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» прыгадаў свой уласны досвед з 2020 года і сваіх расстраляных продкаў — і тады, і сёння людзей беспадстаўна вінавацілі ў тым, што яны «польскія шпіёны». 

Пасля выступленняў у Тускуленскай сядзібы ўдзельнікі на чале са Станкевічам і Гарбунова спусціліся ў капліцу-пахавальню, у велічнай зале якой усклалі кветкі ў выглядзе літоўскага і беларускага нацыянальных сцягоў і запалілі свечкі. 

Кветкі ў выглядзе літоўскага і беларускага сцягоў, ускладзеныя ў капліцы ў Тускуленах. Фота: Наша Ніва

У пахавальні створаны вялікі калумбарый, у нішах якога перапахаваныя 717 чалавек, парэшткі якіх выяўлены ў брацкіх магілах на тэрыторыі сядзібы.

У Беларусі сёння ніякага мемарыялу ахвярам рэпрэсій такога маштабу не існуе. Памятныя знакі на месцах масавых расстрэлаў узнікаюць стыхійна па ініцыятыве актывістаў. У цяперашні час нават само ўскладанне кветак да помнікаў рэпрэсаваным можа быць прычынай для палітычнага пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Так
    27.03.2024
    Вось якасны артыкул, а не гэты жоўтапрэсныя маніпуляцыі пра Маска, Усава, Пазняка і Маска, або пахвальны матэрыял марксісту Мандэле.
  • CV
    27.03.2024
    Так, ну і колькі яго прачытаюць у параўнанні з артыкуламі пра Пазняка і Мандэлу?

Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне?11

Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне?

Усе навіны →
Усе навіны

Геймер вярнуўся на форум праз 11 гадоў бана — і так ашаламіў фарумчан, што яны захацелі яго зноў заблочыць

Ва ўнутраных войскаў заўважылі захоплены ўкраінскі бронеаўтамабіль. Як ён мог трапіць у Беларусь?2

У Варшаве падлеткі на жыўца лавілі педафіла, той адбіваўся нажом7

Стала вядома, песня якой амерыканскай суперзоркі стане галоўнай падчас кампаніі Камалы Харыс6

Як працуюць расійскія ботафермы, якія выкарыстоўваюць СhatGPT

У польскай сістэме сацстрахавання зарэгістравана 134 тысячы грамадзян Беларусі1

Прапаганда распаўсюджвае фэйк наконт шкоды ад вакцыны Pfizer19

Сёння ўкраінскія зенітчыкі збілі чарговы расійскі Су-253

Залужны: Адзіным выхадам у вайне можа стаць павелічэнне колькасці чалавечых рэсурсаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне?11

Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне?

Галоўнае
Усе навіны →