Фізрук, «змагар» з 23.34, судзімы за крадзеж: дзе працуюць і як выглядаюць мужы топ-чыноўніц?
«Наша Ніва» расказвала чытачам, дзе працуюць і як выглядаюць жонкі беларускіх топ-чыноўнікаў. У большасці сваёй гэта непублічныя людзі, якія рэдка з’яўляюцца ў кадры. Зрэшты, тое самае можна сказаць і пра топ-чыноўніц. Ці бачылі вы мужоў Наталлі Качанавай, Надзеі Ермаковай, Марыяны Шчоткінай? З дапамогай базаў «Белпола» паказваем, як выглядаюць абраннікі тых, хто вызначае жыццё краіны.
Чытайце таксама:
Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў? Першая частка
Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў? Частка другая
Леанід Качанаў — фізрук у вечаровай школе
Муж самай уплывовай жанчыны эпохі лукашэнкаўскага дэкадансу не здолеў даць рады ўніверсітэту — у базах няма запісаў аб вышэйшай адукацыі.
Амаль усё жыццё Леанід Качанаў адпрацаваў фізруком.
Спачатку ў Полацкім гандлёва-тэхналагічным каледжы, потым у дзіцячым лагеры «Лясная казка», потым — у вечаровай школе №1 Наваполацка.
Калі ягоную абранніцу ў 2014-м з Наваполацка выцягнулі ў Мінск, у віцэ-прэм'еры, Леанід Качанаў атрымаў кар'ерны буст — яго прыстроілі ў грамадскае аб'яднанне «Беларускі саюз канькабежцаў».
У гэтай сінекуры муж Качанавай — «вядучы спецыяліст».
Сяргей Шчоткін
Калісьці Марыяна Шчоткіна была міністаркай працы, пасля віцэ-спікерам Савета Рэспублікі, а цяпер уладкавалася ў апарат Саюзнай дзяржавы.
Яе муж Сяргей паходзіць з тых жа краёў, што і яна, — з Мурманскай вобласці Расіі. Знаёмыя сям'і расказвалі, што Сяргей і Марыяна былі аднакласнікамі ў севераморскай школе.
Сяргей Шчоткін свае працоўныя гады правёў у прадстаўніцтвах расійскіх гандлёвых кампаній у Беларусі, займаўся продажамі прадукцыі МАЗ, МТЗ, МЗКТ і іншых заводаў. Ніякай займальнай інфармацыі пра яго ў базах няма.
Андрэй Касцевіч
Муж міністаркі працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, Андрэй Касцевіч — асоба неардынарная.
Гэта топ-менеджар кампаніі ASBIS — вельмі паспяховага беларускага бізнэсу, які не абвінаваціш у набліжанасці да ўлады.
З 1996-га Андрэй займае пасаду старшыні праўлення прадстаўніцтва «Асбіса» ў Беларусі. Саму кампанію на Кіпры зарэгістраваў брат Андрэя, Сяргей Касцевіч.
«Асбіс» — гэта буйны дыстрыб'ютар камп'ютарнай тэхнікі, які працуе па ўсім свеце і мае ўласныя гандлёвыя маркі, напрыклад, Prestigio.
Муж лукашэнкаўскай міністаркі быў саўладальнікам і адным з галоўных спонсараў футбольных «Крумкачоў», а ягоны брат, які не жыве ў Беларусі, падпісваў у 2020-м зварот бізнэсменаў да лукашэнкаўцаў з патрабаваннем спыніць гвалт.
Віктар Міцкевіч
Муж кіраўніцы БЕЛТА і сенатаркі Ірыны Акуловіч, якая пачала мінскую кар'еру ў 2018-м з напісання даносу на Тут.бай.
Пра свайго мужа яна расказвала, што той — карэнны мінчук, і для яго пераезд з жонкай з Магілёва ў Мінск — вяртанне дадому.
Віктар Міцкевіч з 1994 па 2000 працаваў у міліцыі, апошняя пасада — старшы інспектар ДАІ. Звольнілі яго з міліцыі па артыкуле — за парушэнне дысцыпліны, — калі стала вядома, што ён «па змове з групай асоб учыніў крадзёж маёмасці» у адной з гандлёвых кампаній.
Па прысудзе атрымаў тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Выправіўся, да калоніі не даехаў.
Пасля гэтага зрабіць кар'еру не атрымалася — працаваў у ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна Магілёва, з пераездам у Мінск пайшоў кіроўцам у адну з лагістычных кампаній.
Муж кіраўніцы БЕЛТА ёсць у базе «Беспарадкі». Віктар Міцкевіч затрымліваўся ў 2020-м па артыкуле 23.34. Сядзеў у ЦІП.
Леанід Мядзведзеў
Муж кіраўніцы Белстата Інны Мядзведзевай.
Працаваў на сярэдніх кіруючых пасадах на Мінскім падшыпнікавым заводзе да 2008-га. Пасля аказаўся ў «Белаэранавігацыі» на прыемнай пасадзе — начальнікам філіяла па аздараўленні.
Анатоль Любецкі
Цяпер Святлана Любецкая ўзначальвае ў Палаце прадстаўнікоў камісію па заканадаўстве і беспаспяхова спрабуе вылезці з-пад санкцый цывілізаваных краін. Гэта яна спрабавала зразумець, як Аляксандр Лукашэнка бачыць Усебеларускі народны сход і фармулявала змены ў Канстытуцыю. А раней Любецкая працавала ў Вярхоўным судзе.
Былы муж дэпутаткі Анатоль Любецкі разышоўся з ёй у 2007-м. Працаваў у Фондзе інвалідаў вайны Афганістана, цяпер кіруе невялікай СТА.
Дзмітрый Шабуня
Муж суддзі Вікторыі Шабунні, якая пераламала ўжо тысячы лёсаў сумленных людзей, працуе ў «Мінскаптдругрэсурсах» — прадпрыемстве па зборы макулатуры і пластыкавых бутэлек.
У 2004-м Дзмітрый Шабуня, тады дырэктар «Мясапрамсэрвісу», быў асуджаны судом Мінскага раёна на 2 гады абмежавання волі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Пяць месяцаў правёў на хіміі, астатні час з'елі амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне.
І хоць многія нармальныя людзі не лічаць судзімасць па лініі ДФР, а асабліва «за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць», судзімасцю (тым больш цяпер такога артыкула ў Крымінальным кодэксе няма, максімум можна атрымаць адміністратыўку), у сістэме з гэтым складана.
Тое, што маючы судзімага мужа, Шабуня пралезла ў суддзі — рэдкасць. У нейкай форме гэтым можа тлумачыць яе безадмоўнасць у справе незаконнага знявольвання беларусаў.
Міхаіл Цэдзік
Былы муж Лідзіі Ярмошынай. Усяго ў яе было два шлюбы, Цэдзік — другі.
Ён развёўся з Ярмошынай у 2008. Ёй тады было 55.
З 2003-га Цэдзік працаваў слесарам на тэрыторыі рэзідэнцыі «Дразды», заробак атрымліваў у Галоўным гаспадарчым упраўленні Кіраўніцтва справамі. А Ярмошына тады якраз жыла ў дамку ў Драздах.
Год іх шлюбу нам невядомы. І тут магчымыя два варыянты — ці то Ярмошына пазнаёмілася са слесарам, які абслугоўваў яе дом. Ці то дапамагла яму ўладкавацца на працы ў Дразды.
У 2019-м Цэдзік сышоў на пенсію, і ў гэты ж год памёр.
Пётр Ананіч
Муж збітай, як некалі меркавалася, лётчыцы Ліліі Ананіч, якая вылецела з пасады міністра інфармацыі па патрабаванні Наталлі Качанавай. Але перадвыбарчы год даў Ананіч шанец знайсці сябе ў парламенце.
Пётр Ананіч (на фота трэці злева) — навуковец, які пасля развалу СССР пачаў шукаць сябе ў бізнэсе і займацца дробнай камерцыяй. Паўсюль прагарэў, застаўся па вушы ў даўгах і, падобна, да пенсіі ездзіў зарабляць на вахты ў Расію.
Дзяніс Чамаданаў
Муж былой прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай. Цяпер яна галоўны ідэолаг Мінска.
Дзяніс Чамаданаў таксама афіцэр МУС. Пачаў працаваць у органах у 1998 годзе, аператыўнікам Кастрычніцкага РАУС Магілёва. З 2019 намеснік начальніка, начальнік другога ўпраўлення ГУБАЗіК па прадухіленні і раскрыцці злачынстваў, якія носяць замоўны ці арганізаваны характар.
***
У гэты спіс не ўвайшла яшчэ адна заўважная жанчына-чыноўніца. Ірына Дрыга да нядаўняга часу працавала намесніцай міністра культуры. У сферы культуры яна была ці не самай уплывовай асобай за ўсе часы незалежнасці. Яе воляй сотні сумленных людзей, беларусаў, былі звольненыя з працы ці не атрымалі прапановы. Сотні выбітных сцэнараў былі перакрэсленыя і выкінутыя ў сметніцу на карысць трэцяраднага смеццевага кіно, на якое і траціліся бюджэты. Дзясяткі знятых фільмаў ніколі не ўбачылі свет. Але пра мужа Ірыны Дрыгі няма чаго сказаць — яна ніколі не была замужам.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары