«Нас пакаралі, бо мы спявалі». Гурт Irdorath прэзентаваў песню «Зорамі», напісаную ў калоніі
«Песня «Зорамі» была напісаная ў калоніі. Такія, як мы, неаднаразова спявалі яе ціха і ўпотай, са слязамі на вачах. Песня дала надзею і веру ў сябе ў гэтым халодным акіяне несправядлівасці. Так, мы выбраліся адтуль, але многія яшчэ там, і мы ўсе не павінны гэтага забываць», — так прадстаўляе свой новы твор гурт, удзельнікі якога прайшлі праз лукашэнкаўскія катоўні.
«Многія з вас ведаюць нашу гісторыю. Пасля нашага вызвалення з турмы шмат розных журналістаў спрабавалі паразмаўляць з намі пра апошнія два гады, але мы палічылі, што простымі словамі нельга выказаць тое, што мы хацелі сказаць.
Такім чынам, мы абралі мастацтва як найбольш поўную форму самавыяўлення. У гэтым творы ёсць усё, што можна сказаць пра гэтую змрочную гісторыю. Гэта і завяршэнне цёмнага, і пачатак новага, светлага раздзела!» — сцвярджаюць музыкі.
Яны дзякуюць усім, хто іх увесь гэты час падтрымліваў, і заяўляюць наступную мэту — як мага хутчэй вярнуць Irdorath на сцэну!
Музыкаў Irdorath затрымалі 2 жніўня 2021 года.
Пазней іх прызналі вінаватымі па артыкуле 342 КК («Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Уладзімір і Надзея Калачы атрымалі па 2 гады калоніі, Антон Шніп, Пётр і Юлія Марчанкі — па 1,5 года калоніі.
Пасля вызвалення, адседзеўшы ўвесь тэрмін, музыкі выехалі за мяжу і абвясцілі збор грошай на аднаўленне дзейнасці.
«Сума збору — €10 500. Сродкі патрэбныя на рэабілітацыю пасля калоніі і адаптацыю ў новай краіне. Але большая частка пойдзе на адраджэнне нашых творчых праектаў — мы хочам аднавіць музычныя інструменты і абсталяванне, каб працягваць натхняць беларусаў», — пісалі музыкі.
Каментары
P.S.: Калі калісці будуць па-сапраўднаму экранізаваныя "Дзікае паляванне караля Стаха" альбо "Каласы пад сярпом тваім" - з "Zorami" атрымаўся б выдатны саўндтрэкам.
А ребятам - ОГРОМНОЕ СПАСИБО.. поздравляю с красивой работой...