Музыка4

«Дзе кот, там і дом». Спявак Башлыкевіч — пра жыццё ў Амстэрдаме, новы альбом і беларускую сат'яграху

Лідар гурта Leibonik Сяргей Башлыкевіч апошнія гады жыве ў Нідэрландах. Працуе інжынерам, а хутка выпусціць новы альбом. У вялікай гутарцы-рэфлексіі музыка расказвае, як перавозіў ката, ці змяніў яго Амстэрдам, а таксама разважае пра нацыянальнае ў сабе, адчуванне дому і беларускую сат'яграху.

Сяргей Башлыкевіч выехаў паўтара года таму. «30 студзеня 2022 года», — з дакладнасцю называе ён дату. «Восенню 2021-га я ўжо шмат часу правёў не ў Беларусі, але потым вярнуўся, каб закрыць справы», — расказвае ён.

«Пупавіна не адрэзаная»

— Яшчэ да 2020-га меў жаданне пажыць нейкі час у іншай краіне, — кажа інжынер і спявак. — Кожны год наведваў новыя краіны, збольшага Азію, і было даволі цікава паспрабаваць кудысьці пераехаць, а ўсё астатняе да гэтага натуральна падштурхнула. У эканамічным плане станавілася цяжэй, хацелася кар’ерных крокаў, значная частка сяброў з’ехала. Ды і агулам у краіне становілася, мякка кажучы, нявесела — не мне на старонках «Нашай Нівы» распавядаць людзям пра кантэкст.

«НН»: Бяспека не была сярод прычын пераезду?

СБ: Перажываў і праз гэта, бо бачыў, што навокал адбываецца, колькі знаёмых і сяброў не паспелі з’ехаць. Але сам я прэсінгу не адчуваў. Выязджаў з краіны акурат перад вайной, у студзені 2022-га мы адыгралі з «Лейбонікам» канцэрт у TNT Rock Club. Разумеў, што пераязджаю на доўгі час, буду ў замежжы працаваць і жыць, але меркаваў, што для мяне будзе магчыма прыязджаць назад раз на паўгода, у Беларусі будзе рабіцца больш бяспечна для мяне і маіх сяброў. 

Праз усё тое, што адбылося далей і адбываецца цяпер у краіне, выглядае, што зараз, можа, і не самы спрыяльны час, каб адведаць радзіму. Гэта праз шмат якія інстаграмныя пасты, праз інтэрв’ю, якія я яшчэ раней надаваў розным сёння «экстрэмісцкім фармаванням», праз «Артыстаў Перамогі», «Годна» і іншыя культурніцкія праекты, якія таксама сталі экстрэмісцкімі. Усё гэта падштурхоўвае да думкі, што можа лепш не спрабаваць [ехаць у Беларусь].

«НН»: Эміграцыя — што гэта за шлях для вас?

СБ: Для мяне гэта арганічная рэч,

не адчуваю сябе эмігрантам, чалавекам асобнай катэгорыі. Так, я з’ехаў з Беларусі, змяніў месца, дзе жыву, і, што больш важна, культурны і эстэтычны кантэкст. Хаця інфармацыйная прастора вакол мяне ўсё роўна застаецца беларускай — чытаю беларускія навіны і кнігі, сустракаюся з беларускімі сябрамі.

У мяне няма адчування, што я з’ехаў некуды ў іншы свет. Хутчэй у мяне шмат змянілася ў працоўным плане, багата новага, але не ўспрымаю сябе як адарванага ад Беларусі.

Раней, калі разглядаў пытанне пераезду, меркаваў, што, можа, было б і цікава з’ехаць у Канаду або ЗША, але гэта быў бы сапраўды адарваны і максімальна мігранцкі досвед: вельмі далёка, іншая часавая зона, шмат зменаў.

Тут я не адчуваю сябе ў эмігранцкім гета, рэгулярна сустракаюся з сябрамі ў Варшаве ці Вільні. Пра дыяспару Польшчы ўвогуле нельга казаць, што гэта дыяспара як нейкая абмежаваная колькасць адных і тых жа людзей, насамрэч гэта шмат у чым Беларусь на выездзе.

З тымі людзьмі, з якімі я сутыкаўся ў Мінску на нейкіх тусічах і канцэртах, я сустракаюся ў Варшаве, ды яшчэ і з новымі. Фармальна я эмігрант, але той, хто прытуляецца да Беларусі, пупавіна не адрэзаная.

«Не хацеў бы растварыцца і стаць проста яшчэ адным чалавекам, які прыехаў аднекуль»

«НН»: Касмапалітызм вам уласцівы? Маю на ўвазе здольнасць быць чалавекам свету, у кожнай краіне адчуваць сябе як на радзіме.

СБ: У нейкай ступені — так. Можа, гэта датычыць не кожнай краіны, розныя культурныя асаблівасці мяне па-рознаму вабяць. Пры гэтым я не хацеў бы растварыцца і стаць проста яшчэ адным чалавекам, які прыехаў аднекуль.

Пасля пераезду яшчэ больш зразумеў: тое, што робіць мяне мной — гэта шмат у чым беларускасць, беларуская культура. Музыка выйшла для мяне на новую ступень важнасці, бо гэта сапраўды тая рэч, праз якую я магу сябе данесці свету. Амстэрдам — вельмі інтэрнацыяльны асяродак, дзе ўсім амаль што па барабане, хто ты і адкуль, і ў такім асяродку музыка робіць мяне мной, дапамагае ўсведамляць самакаштоўнасць.

Я шмат дзе буду адчуваць сябе камфортна, і мне было б цікава паспрабаваць пажыць у розных краінах, каб атрымаць больш рознага досведу. Але мне не хацелася б рабіцца праз гэта менш беларусам і губляць сувязь з Беларуссю.

«НН»: Шмат хто з эмігрантаў кажа, што за мяжой толькі пачаў адкрываць сваю беларускасць. Гэта вам зразумела?

СБ: Думаю, я не адкрыў у сабе больш за тое, чым было раней, хутчэй задумваюся пра тое, каб нічога не згубіць. Але маю багата сяброў і знаёмых, якія на фоне пераезду і падзей 2020 года пачалі шукаць у сабе і навокал нейкую сувязь з Радзімай. Для 2020-га было характэрнае гэтае нацыянальнае абуджэнне ўнутры Беларусі, людзі сталі хадзіць на дваравыя канцэрты і заўважаць: аказваецца, ёсць у нас музыканты, пра якіх мы не ведалі, і яны яшчэ і па-беларуску спяваюць! То-бок па-беларуску — гэта не толькі махровая эстрада і тэлебарометр, на гэтай мове можна і нейкія жывыя песні спяваць. У людзей абудзілася патрэба ў беларускасці. 

Фота: bashlykevich / Instagram

Пасля [масавай] эміграцыі і пачатку вайны з’явілася яшчэ большая хваля росту беларускай ідэнтычнасці. Бачу, што шмат для каго, і для мяне таксама, істотна: калі ты ўжо пераехаў, трэба, каб цябе не лічылі па змоўчанні рускім, таму што ты размаўляеш па-руску ці твая мова з той жа ўсходнеславянскай падгрупы. Людзі спрабуюць у публічнай прасторы размаўляць па-беларуску, каб было відно, што яны — беларусы. Як наступства гэтага жадання з’яўляецца і цяга да культуры. Калі хочаш гутарыць па-беларуску, мусіш спажываць беларускі кантэнт, бо як ты без гэтага пракачаеш мову? 

«НН»: Як вас змяніла эміграцыя?

СБ: Напэўна, яна змяніла мяне ў плане працоўных звычак і стаўлення да працы (Сяргей працуе інжынерам. — «НН»). Нідэрландскі асяродак — гэта вельмі пра work-life balance, для іх гэта частка працоўнай культуры. У маім жыцці такі баланс раней менш прысутнічаў, і ён мне дазваляе зараз лепш зразумець каштоўнасць пэўных пазапрацоўных рэчаў.

Я ні па чым беларускім не сумую, не адчуваю, што прайшло дастаткова часу для гэтага. Безумоўна, апошнія паўтара года для мяне шмат у чым сталі выпрабаваннем, усведамляю, што добра вырас у розных кірунках. Кажучы пра музыку, адчуваю, што навучыўся троху лепш рабіць пэўныя музычныя штукі, нават магу сам цалкам сабраць песню, запісаўшы ўсе інструменты сам як мінімум для дэма-версіі.

«Дом там, дзе школьны дзённік з налепкай «Лінкін Парку»

«НН»: Чаму пераехалі менавіта ў Амстэрдам?

СБ: Праз некалькі асабістых момантаў, але ў першую чаргу праз працу. У Амстэрдаме ёсць некалькі буйных еўрапейскіх кампаній, дзе цікава папрацаваць, ды яшчэ гэта інтэрнацыянальны горад, дзе складана адчуць сябе чужынцам. Шмат у чым гэта горад экспатаў, тут даволі зручна і лёгка жыць.

«НН»: Ён мае свой вайб?

СБ: Безумоўна — ён эстэтычны, жвавы, вельмі яго люблю. Да пераезду быў тут 12 год таму ў нейкім тэрмаядзерным аўтобусным туры: начным пераездам прыехалі ў Амстэрдам з Берліна, тры гадзіны там пахадзілі, з’елі бульбу фры і зайшлі ў раён чырвоных ліхтароў, а пасля абеда ўжо паехалі ў Брусэль.

Пасля таго часу не быў у Амстэрдаме, таму пераязджаў сюды з пэўнай засцярогай. Але мне падабаецца мясцовая эстэтыка. У першыя дні хадзіў па вуліцах і разглядаў дамы, зазіраў у вокны. І да гэтай пары так раблю.

«НН»: Калі вы пераязджалі, гэта было як па адчуваннях — на год, два, назаўсёды?

СБ: Адчуваў, што пераязджаю як мінімум на некалькі год — і з працоўных перспектываў, і з пункту гледжання вяртання ў Беларусь. Але калі пачалася вайна, я ўсвядоміў, што з’ехаў сапраўды на доўгі перыяд, аднак дакладна не назаўжды.

Мне хацелася б у сталасці вяртацца ў Беларусь, проста каб пабыць там, каб гэтая сувязь заставалася. У маім альбоме ёсць песня пра слімака, за якім застаецца след. Такі ж след застаецца і за мной, і я па гэтым следзе яшчэ назад прыпаўзу.

«НН»: Што для вас стварае адчуванне дома?

СБ: Кот — дзе кот, там і дом. З аднаго боку, дом там, дзе мне камфортна і бяспечна, і ў гэтым плане можна казаць пра Амстэрдам. Але ў маім альбоме ёсць іншае вызначэнне: «Дом — не пра сцягі, не пра тую чарку-скварку. Дом там, дзе школьны дзённік з налепкай «Лінкін Парку». І мой дзённік з налепкай Лінкін Парку ляжыць у Ашмянах.

Фота: bashlykevich / Instagram

«НН»: Як завуць вашага ката?

СБ: Імбрык, а нядаўна з’явілася яшчэ і котачка Рэха. Жадаў знайсці другую котку, бо некалі ў мяне была яшчэ адна ў дадатак да Імбрыка, Хмарка.

Падчас пандэміі мы сталі праводзіць час на лясной фазэндзе пад Валожынам, Хмарка сышла ў лес і не вярнулася. Па ўсіх суседніх вёсках клеіў аб’явы з яе фатаграфіяй, мне ў вайбер тры месяцы слалі здымкі катоў — маўляў, не ваш, але вазьміце!

У Амстэрдаме таксама захацелася знайсці другога ката, каб Імбрыку было весялей. Высветлілася, што тут складана ўзяць ката з прытулку, бо іх там мала: людзі падчас пандэміі разабралі ўсіх жывёлак, бо адчулі патрэбу, каб нехта быў каля іх. Цяпер, каб знайсці сабе тут котку, трэба больш высілкаў і часу. Хацелася менавіта абісінскую котачку, і выявілася, што прасцей прывезці харошую котачку з Беларусі.

«Мая беларускасць усё роўна ў Ашмянах»

«НН»: Вы казалі, што не ведалі, ці варта працягваць спяваць за мяжой. Што гэта было — неразуменне сябе ці кантэксту?

СБ: Нібыта адчуванне непатрэбнасці. Веру, што мая музыка — вельмі лакальны прадукт, патрэбны толькі Беларусі і беларусам, без разумення сэнсаў і кантэксту мая музыка будзе проста кропляй у акіяне музыкі без індывідуальнасці. Для замежнікаў, напэўна, гэта ўсё было б незразумела. Мне хацелася выступаць, але не думаў, што такія канцэрты будуць мне прыносіць задавальненне.

А вясной 2022-га прыехаў у Варшаву забіраць Імбрыка. Вечарам у суботу адпісаў сябрам, што прылятаю, і варшаўскі сябар прапануе мне: «Давай канцэрт зробім, хто прыйдзе той прыйдзе!» У ноч з суботы на нядзелю мы зрабілі афішу, гітару ў Варшаве я пазычыў у Алеся Дзянісава з Dzieciuki, і назаўтра ў Моладзевым хабе зладзілі акустычны канцэрт, на які прыйшло шмат людзей. Адчуў, што выйшла неяк вельмі жыва, радасна і прыемна і што мне гэта сапраўды патрэбна. 

«НН»: Будуеце Беларусь вакол сябе?

СБ: Не ведаю.

Адчуваю, што крыніца маёй Беларусі — у дзяцінстве, і ўсё, што імкнуся зрабіць праз сваё жыццё — не згубіць парэшткі таго, што ў мяне ёсць.

Бо я забываюся пра гэта, пра тыя рэчы, якія ў дзяцінстве былі для мяне натуральнымі. Сучасны асяродак шмат у чым робіць мяне беларусам — мае сябры, мастацкая тусоўка навокал. Але мая беларускасць усё роўна ў Ашмянах, Сідляроўшчыне, Барадоўшчыне.

«НН»: Якая яна — Беларусь вашага дзяцінства?

СБ: Яна для мяне была натуральная. Усё тое, што рабіла маё дзяцінства беларускім, проста існавала, не мусіў прыкладаць для гэтага высілкі: размовы, паездкі на вёску, паходы ў жакі. Проста жыў у гэтым сваім беларускім сусвеце і не ўяўляў, што можа быць па-іншаму.

Не хачу, каб было адчуванне, быццам тады быў адзін сусвет, а зараз — іншы. Час — хваля, якая не перарываецца, і той перыяд перацякае ў тое, што ёсць зараз. Я спажыву цяперашні досвед і ўзбагачу яго, і пры гэтым мне хацелася б не забыцца на тое, як усё было тады. 

Не ідэалізую сваё дзяцінства, яно ў мяне было досыць звычайнае.

Нарадзіўся і жыў у Ашмянах, невялікім горадзе, школа ў мяне была беларуская — шмат у каго так было, асабліва ў тыя часы. Кожнае лета мяне адпраўлялі на вёску, дзе трэба было шмат працаваць, і чым ты старэйшы, тым больш. Кожны тыдзень хадзіў у касцёл на катэхэзу, пару разоў нават з’ездзіў на бульбу ад школы, яшчэ застаў гэты савецкі рытуал.

Больш за тое, мяне ў школе нават прынялі ў піянеры (вітанне Ксеніі Дзягелька!).

«Пакуль ёсць прастора нешта рабіць і гэта не два квадратныя метры ў камеры, нешта будзе»

«НН»: У вашым альбоме ёсць песня «Сат'яграха»

. Гэта пра беларускі шлях?

СБ: У песні ёсць на гэта адказ. Для мяне гэта адна з самых кпліва-балючых песняў альбома пры ўсёй пазітыўнасці: 

Як не будзе ў краме чарла, 
Тады будзем піць аліфу.
Вось такая сат'яграха
Беларускага разліву.

Гэта шлях пра пакуты, цярпенне. Сама песня з’явілася з песні Андруся Такінданга з гурту «Рэха», і сам Андрусь у ёй удзельнічае. Але не думаю, што ў гэтым ёсць нешта беларускае, увесь свет жыве сат'яграхай.

«НН»: Патлумачце.

СБ: Усе цярпяць, проста ўзровень праблем ва ўсіх вельмі розны. У нас праблема, што багата людзей сядзіць ні за што, ва Украіне багата людзей памірае. У Грузіі ці еўрапейскіх краінах іншыя праблемы. Кожнаму ёсць у чым адчуць сваю сат'яграху, проста яна праяўляецца на розных узроўнях піраміды Маслоу.

«НН»: Ці правільна адчуваю, што вам гэты шлях не блізкі?

СБ: Гэта шлях, які я прымаю.

Песня пра сат'яграху ледзь не самая песімістычная з альбома пры ўсёй яе мажорнасці:

Хто сядзяць, усе даседзяць,
Час цячэ як тая ртуць.
Не даседзяць толькі тыя,
Што ужо не дажывуць.

Не магу сказаць, што я песіміст, але адчуваю ў сябе беларускую рысу «спадзявацца на лепшае і рыхтавацца да горшага».

Гэтай песняй, напэўна, я і рыхтуюся да чагосьці горшага і нярадаснага, але гэта хутчэй канстатацыя эмоцый і перажыванняў.

Фота: bashlykevich / Instagram

«НН»: Штосьці цяпер вам дае надзею?

СБ: Мы жывыя, людзі навокал жывыя і абсалютная большасць на волі. Нешта будзе. Хочацца верыць, што ўсё так ці інакш будзе добра, гледзячы што лічыць добрым, і культура ў Беларусі будзе патроху ачуньваць. Нягледзячы на тое, што шмат людзей выехала, будуць з’яўляцца новыя творцы, нешта будзе стварацца.

«НН»: Напрыканцы 2022 года вы запісалі песню-зварот, дзе казалі пра тое, што вам шмат за што баліць. За што вам баліць зараз?

СБ: У першую чаргу за маіх беларускіх сяброў і харошых знаёмых, якія прыселі, за тых, хто таксама вымушана з’ехаў і каму гэта нашмат ускладніла жыццё. Таксама за маіх украінскіх сяброў, бо я шмат ездзіў ва Украіну. Гэта і пра агульную несправядлівасць і крыўду ў шмат якіх праяўленнях, але збольшага пра людзей, якія цяпер губляюць час ці ўвогуле гэты час ужо ніяк не правядуць.

Пакуль я жывы, іншыя жывыя, пакуль ёсць прастора нешта рабіць і гэта не два квадратныя метры ў камеры, нешта будзе. За людзей, якіх пазбавілі гэтай прасторы, якія замест двух квадратных метраў камеры маюць метр на два магілы, нясцерпна балюча. Усё астатняе перажывем.

Фота: bashlykevich / Instagram

Калі хочаце падтрымаць праз краўдфандынг выпуск новага альбома Leibonik, гэта можна зрабіць па спасылцы. А калі хочаце падтрымаць «Нашу Ніву», гэта можна зрабіць на Патрэоне.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Максим Дизайнер
    26.08.2023
    Кек

    А зепки петуха на заводе хватит на билет?
  • Кек
    27.08.2023
    А што такое жакі?
  • Максим Дизайнер
    27.08.2023
    Почему все эти хипстерки, как клоны, так друг на друга похожи?Вроде музыкант, богема, а одевается, как шпингалет из ПТУ. Наверное и песни такие же поет, ты меня любила, а потом забыла, капли по лице текут, а ты не течешь.

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Галоўнае
Усе навіны →