Гісторыя99

Шляхта ВКЛ паміж русінствам і польскасцю

Беларускі гісторык з Падляшша Алег Латышонак у эфіры «Радыё Свабода» распавёў пра тое, наколькі Скарына — беларускі першадрукар, чаму ўкраінцы маюць невялікае права на спадчыну ВКЛ, а таксама пра першую рэвалюцыю на беларускіх землях. Прафесар Латышонак вылучае смелыя гіпотэзы і гаворыць пра тое, пра што іншыя не задумваліся.

Шляхта Рэчы Паспалітай Gentry of the Commonwealth Шляхта Речи Посполитой
Ян Матэйка. Шляхта Рэчы Паспалітай (1576—1586). Фота: Wikimedia Commons

Кім сябе лічыла шляхта Вялікага Княства Літоўскага ў XVI стагоддзі

«Руская» эліта Вялікага Княства Літоўскага вельмі рана, яшчэ ў XVI стагоддзі, пачала ўспрымаць літоўскі міф пра сваё паходжанне ад рымскага Палямона. У той жа час у прадмове да Статута ВКЛ 1588 года Леў Сапега піша:

«А еслі катораму народу ўстыд праў сваіх не ўмеці, пагатовю нам, каторыя не обчым якім языкам, але сваім уласным права спісаныя маем».

У Статуце адзначалася, што пісар земскі павінен «па-руску» выпісы і позвы пісаць.

Статут ВКЛ 1588 Statut Grand Duchy of Lithuania 1588
Статут ВКЛ 1588 года. Фота: «Наша Ніва»

Латышонак лічыць, што прадмова Льва Сапегі — водгалас спрэчкі паміж тымі, хто хацеў захаваць «рускую» мову, якую лічылі сваёй, і тымі, хто хацеў увесці лаціну. Сам Леў Сапега лічыў сябе русінам. Сапегі сталі «літоўцамі»-Палямонавічамі толькі ў XVII стагоддзі.

«Літоўцы не мелі настолькі распрацаванай сваёй мовы, каб зрабіць яе мовай канцылярыі. Таму яны стварылі міф, што іх мова вельмі блізкая да лаціны, што яна ёсць папсаваная латынь. І хацелі ўвесці менавіта лаціну ў якасці дзяржаўнай мовы. Гэтаму супрацьстаялі пратэстанты, якія баяліся, што ўвядзенне латыні шырока адкрые вароты каталіцызму. Такім чынам, пратэстанты разам з праваслаўнымі гэтую «рускую» мову на няпоўных сто гадоў абаранілі», — распавядае прафесар гісторыі.

На яго думку, XVI стагоддзе яшчэ нельга лічыць перыядам страты арыстакратамі сваёй ідэнтычнасці. Хіба толькі Міхал Глінскі адзіны са сваёй сям'і стаў католікам. Але шляхта пераходзіла ў пратэстантызм, а пазней — у каталіцызм. Даволі распаўсюджанай з'явай была змена веравызнання на працягу жыцця ад праваслаўя ў пратэстантызм і затым у каталіцызм. Часам адбываўся пераход непасрэдна ад праваслаўя ў каталіцызм.

Латышонак распавядае, што самі католікі «дараблялі сабе адпаведнае паходжанне». Гісторык падкрэслівае, што трэба памятаць аб іншай інтэрпрэтацыі ў той час такога паняцця, як «гістарычная праўда». «Тады такім лічылася нешта «добра прыдуманае». І ў катэгорыях таго часу яно станавілася праўдай».

Ці памятала шляхта ў XVIII стагоддзі пра сваё «рускае» паходжанне?

З літаратуры вядома, што нават у XVIII стагоддзі шляхта на тэрыторыі сённяшняй Беларусі памятала пра сваё «рускае» паходжанне, размаўляла дома «па-руску», падчас застолляў у замках і палацах спявалі «рускія» песні. Вядомы нават выпадак, калі кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які паходзіў з Берасцейшчыны, прыехаўшы ў Нясвіж у госці да Радзівіла з мянушкай Пане Каханку, сышоў з каня, пакланіўся і, паводле старога «рускага» звычаю, сказаў: «Пане гаспадару, кажы віна даці, каб у тваёй хаце ліха не знаці».

Станіслаў Нідэрман (1746) Партрэт Станіслава Панятоўскага ва ўзросце 14 гадоў. Станислав Нидерманн (1746 г.) Портрет Станислава Понятовского в возрасте 14 лет. Stanislas Niedermann (1746) Portrait of Stanisław Poniatowski at the age of 14
Партрэт Станіслава Панятоўскага ва ўзросце 14-ці гадоў. Каралеўскі замак у Варшаве. Станіслаў Нідэрман (1746). Фота: Wikimedia Commons

На думку Латышонка, «звычайна яны ўсё ж карысталіся пальшчызнай, гэта была мова палітыкі і нават размоўная мова дому. Але гэта праўда, што да канца XVIII стагоддзя нават магнаты ўмелі гаварыць і на сваёй мове. А ўжо перыяд вялікай паланізацыі — гэта пачатак XIX стагоддзя, бо ўжо пры падзелах Рэчы Паспалітай была вельмі моцная паланізацыя ў выніку школьнай сістэмы, якую завёў Чартарыйскі».

Гісторык адзначае, што частка магнатаў доўга трымалася сваёй «рускасці». Асабліва тыя, хто меў «суперпаходжанне» — быў Рурыкавічам. Ім рабіцца Палямонавічамі не было ніякага сэнсу, і яны трымаліся свайго паходжання. Такіх магнатаў была вялікая колькасць. І гэта былі пераважна княжацкія сем’і.

«Але фактычна, калі апошні князь Агінскі — Марцыян — перайшоў ва унію, а яго браты — у каталіцтва, і гэта скончылася», — гаворыць Латышонак.

Паланізацыя як цана абʼяднання «рускай» і «літоўскай» шляхты

Алег Латышонак адзначае, што не называе жыхароў беларускіх зямель у XVI стагоддзі беларусамі. На яго погляд, «адносна гэтага стагоддзя мы маем выразнае акрэсленне наконт таго, хто літовец, а хто русін. Але мы маем права і на «літоўскую» спадчыну, і на «рускую».

Латышонак лічыць беларусаў новай нацыяй, якая ўвабрала ў сябе дзве спадчыны — «рускую» і «літоўскую». Таму беларусы маюць права і на тое, што было рускае, і на тое, што было літоўскае.

«Натуральна, я не буду забіраць у літоўцаў людзей, якія былі літоўскімі патрыётамі і ўсяляк гэта падтрымлівалі. Але трэба сказаць, што гэтыя дзве этнікі — літоўская і руская — былі вельмі розныя і вельмі цяжка спалучаліся ў адзін палітычны народ, які практычна ніколі не ўзнік», — падкрэслівае прафесар і адзначае, што пагаджаецца з Вячаславам Насевічам у меркаванні, што паланізацыя — гэта цана аб’яднання рускай і літоўскай шляхты.

«Яны не маглі аб’яднацца на грунце «русчызны», якая літоўцам-каталікам была не даспадобы, і ўжо даволі рана сталі пісаць, што ўсё, што кірыліца, — усё тое маскоўшчына. А славяне, у сваю чаргу, не маглі перайсці на літоўскую мову. Таму літоўцаў і русінаў [у той час] інтэгравала якраз польская мова».

Калі ў XVI стагоддзі не было беларусаў, то чаму мы называем Скарыну беларускім першадрукаром

Латышонак адзначае, што сам не ведае, як называлі сябе яго продкі, але ж ён ад іх паходзіць.

«Ведаю, што ў маёй сям’і толькі дзед быў беларусам, а прадзед не ведаў, навошта гэта яму і яго братам. Але ж ён мой прадзед, і прапрадзед, і прапрапрадзед. Таму змена назвы ні пра што не сведчыць — гэта не азначае, што гэта не наша», — даводзіць гісторык.

Franziska Skaryna's printing house on Sklyana Street in Vilnius. Типография Франциска Скорины в Вильнюсе. Друкарня Францыска Скарыны па Шкляной вуліцы ў Вільні
Будынак па вуліцы Шкляной у Вільні, дзе размяшчалася друкарня Францыска Скарыны. Фота: Wikimedia Commons

Гісторык падкрэслівае, што абсалютна згаджаецца з тым, каб называць Скарыну беларускім першадрукаром, бо ён друкаваў свае кнігі па-беларуску. «Цяпер спрачаюцца, ці гэта царкоўнаславянская з беларускім уплывам, ці старабеларуская. Я лічу, што мы маем права лічыць гэта старабеларускай мовай. Хоць я і не заўсёды быў такой думкі, я ж таксама маю права сваю думку мяняць», — кажа ён.

Хто мае больш правоў на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага

Прафесар заўважае:

«Скарына нарадзіўся на нашай зямлі з дзядоў і прадзедаў, гаварыў і пісаў на нашай мове, то якім чынам ён можа не быць нашым? Гэта ўжо зласлівасць [была б адмаўляць беларускасць Скарыны]. Я лічу, што гэта ўжо тыя навукоўцы-«русацяпы» па ўсім свеце, асабліва на Захадзе, хто намі цікавіцца (далей ад нас і гэтага няма), то яны ўсё «рускае» лічылі расійскім, а цяпер усё, што русінскае, аказваецца ўкраінскае, бо цяпер такая мода, усё рутэнскае называецца ўкраінскім, хаця гэта ўсё балбатня».

Алег Латышонак звяртае ўвагу, што ў гісторыі Украіны погляд на Вялікае Княства Літоўскае не вельмі важны. «Яны нейкі час належалі да яго, таму таксама могуць сказаць, што маюць права на частку спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, але гэта абсалютна непараўнальна з беларусамі, якія проста ёсць вынікам літоўска-рускага сінтэзу, а ўкраінцы — гэта тое рускае, што засталося без уплыву літоўшчыны», — лічыць прафесар гісторыі.

У той жа час, як адзначае Латышонак, ёсць вялікая частка нашай спадчыны, якая супольная з літоўцамі. Таму нельга пісаць, як пісаў Мікола Ермаловіч, што Вялікае Княства Літоўскае — гэта беларуская дзяржава. Гэта была літоўска-беларуская дзяржава.

Латышонак згаджаецца з прапановай аб тым, каб у навуковых тэкстах адносна XVI стагоддзя пісаць «беларусы» і побач у дужках — «русіны», а ў папулярных кніжках — проста «беларусы». Гэта ён абгрунтоўвае тым, што

«людзям не растлумачыш. Калі нават навукоўцы нахабна хлусяць, то як жа людзі могуць у тым разабрацца? Мы тут маем дачыненне з нахабнай хлуснёй з боку ўсіх суседзяў. Так што, зноў кажу, цяжка людзям растлумачыць, як насамрэч было з русінамі і літоўцамі».

«Казацкая рэвалюцыя» ў Беларусі

Латышонак піша тэксты пра так званых беларускіх казакаў XVII стагоддзя — Канстанціна Вацлава Паклонскага, Івана Нячая.

Гісторык распавядае пра тое, што, калі ў 1654 годзе ўкраінцы папрасілі Маскоўскую дзяржаву аб дапамозе і пачалася вайна, Канстанцін Паклонскі палічыў, што будзе непасрэдна падпарадкоўвацца маскоўскаму цару. Ён назваў сябе беларускім палкоўнікам, падгаварыў Магілёў да капітуляцыі. Паклонскі стварыў войска колькасцю некалькі тысяч чалавек. Пазней ён здрадзіў яму і пайшоў да Радзівіла. Гэта быў канец яго палітычнай карʼеры.

Пасля Паклонскага прыйшоў з Украіны Іван Нячай, сямʼя якога паходзіла з беларускіх зямель. Нячай падчас падпісання Гадзяцкай уніі (пагадненне, заключанае 16 верасня 1658 года паміж Рэччу Паспалітай і Гетманшчынай, якое прадугледжвала ўваходжанне апошняй у склад Рэчы Паспалітай як трэцяга раўнапраўнага члена уніі Польшчы і ВКЛ. — «НН») ужо выступаў як самастойны субʼект.

Але, як адзначае Латышонак, пра гэтыя падзеі мала хто ведае: «Гэта было «невядомае паўстанне» ў «невядомай вайне». Прафесар прыгадвае, што ў 1658 годзе было сялянскае паўстанне Дзяніса Мурашкі — наказнога беларускага палкоўніка.

«Гэта была казацкая рэвалюцыя ў Беларусі. Украінцы цяпер гавораць пра ўкраінскую рэвалюцыю. Але гэта было нешта большае. Гэта была казацкая рэвалюцыя таксама на тэрыторыі Беларусі. І яна скончылася крахам. Паўстанцаў разбіла Масква. Але гэта было першае антымаскоўскае паўстанне на тэрыторыі Беларусі», — адзначае гісторык.

Латышонак падкрэслівае, што ні Паклонскі, ні Нячай не называлі сябе беларусамі. У той жа час яны праводзілі нейкую палітыку ў імя насельніцтва тэрыторыі, якая называлася Белая Русь.

«Яны былі беларускім палкоўнікамі, таму я лічу, што гэта протадзяржаўная думка. Відаць, што яны ствараюць нейкую самастойную сілу, якую Паклонскі называе беларускай і падкрэслівае (даслоўна), што «гэтыя беларусы не ўкраінскія падданыя». Але гэта толькі пробліскі дзяржаўнай думкі», —

гаворыць гісторык і нагадвае выпадак, калі герой украінцаў гетман Мазепа папрасіў у шведскага караля Карла ХІІ у прыватную ўласнасць княства не ўкраінскае, а менавіта Полацкае. А казацкія палкоўнікі якраз змагаліся за Белую Русь — тэрыторыю, якая складае палову сённяшняй Беларусі.

Чытайце яшчэ:

Хто схаваў гісторыю Полацкай дзяржавы

Алег Латышонак: Мы верым, што дыяспара падхопіць наш сцяг

Алег Латышонак: ВКЛ было рабаўладальніцкай дзяржавай, а Гедымін — акупантам ВІДЭА

Каментары9

  • Цэбэр
    30.07.2023
    Шовинизм это белезнь!! Признаки этой хваробы прям видно в работах некоторых профессороф, и не важно откуда они с востока или запада!!
  • Литвин
    30.07.2023
    русский мир = руские, русины, белорусцы - как ни называй, Расея в корне торчит.
    Продвигая Русь в любом виде на территории сегодняшней РБ - это продвижение орды, это гибридное уничтожение остатков западной цивилизации и ментаоитета.
    западный мир - литвины! 

  • Хай Бог крые!
    30.07.2023
    Цяжка ўцяміць ці гэта гістарычны дзед так фрагментарна спрабуе давесці нешта адваротнае, ці гэта аўтара НН насыпалі торбу аскепкаў, замест складанага апавядання
    Схільны думаць, што "б'е посуд" менавіта гістарычны дзед. У каментарах зусім не выпадае перабіраць усё гэтае "бітве шкло" ягоных уяўленняў. Скажу толькі, што есь такая даволі канкрэтная рэч як "Гістарычная граматыка" і амаль канкрэтная "Гісторыя беларускай мовы" паводле каторых мы можам даведацца гісторыю нашае мовы ад рунічных запісаў да сённяшняга дня. Відавочна, і няма сумневаў, што мовай нашай сярэднявечнай дзяржавы ВКЛ была беларуская мова. Гэта была мова дзяржаўная і мова народу. Словы Сапегі пры выданні Статута "не обцым усім языком але сваім валасным права пісаныя маем" - гэта словы гонару, што Статут "права пісаныя" выдадзены на дзяржаўнай (нацыянальнай) мове. Гэта быў вялікі, нечуваны прагрэс ў галіне права, бо у Еўропе ўсё справаводства было на лаціне (на латыні) і шырокія масы не маглі карыстацца правам. ВКЛ, надрукаўгы права на старабеларускай мове, зрабіла Права і Закон зразумелымі і даступнымі для ўсіх грамадзян. На астатнія фрагменты дзядоўскай фантазійнай свядомасці нават не буду звяртаць увагу.

Вось чаму ў Кітаі могуць прыслухоўвацца да Польшчы16

Вось чаму ў Кітаі могуць прыслухоўвацца да Польшчы

Усе навіны →
Усе навіны

Камароўскі рынак ператварыўся ў сапраўднае мора ВІДЭА6

Сілавікі ў Брэсце затрымалі дырэктара кампаніі за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года

У Мінску з-за патопу закрылі станцыю метро «Парк Чалюскінцаў» ВІДЭА

«У Беларусі маю музыку рэкламавала КДБ, а ў Польшчы — паліцыя». Банцар пракаментаваў сваё затрыманне ў Варшаве9

Літва развярнула на мяжы больш за 20 машын з Беларусі — у тым ліку з грамадзянкай Літвы за рулём4

Амерыканец у 14 гадоў стаў самым маладым футбалістам у гісторыі Амерыканскай футбольнай лігі

«Рыхтуюцца да вайны, а генератары не ў стане купіць». Што расказваюць пра сітуацыю ў Мазыры мясцовыя жыхары3

Зямля ўвайшла ў метэорны паток Персеідаў. Дзе і калі пабачыць гэту незямную прыгажосць?

Прэс-сакратар польскага МЗС пра адносіны з Беларуссю: Чакаем першага рэальнага кроку з беларускага боку8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось чаму ў Кітаі могуць прыслухоўвацца да Польшчы16

Вось чаму ў Кітаі могуць прыслухоўвацца да Польшчы

Галоўнае
Усе навіны →