Меркаванні

Алег Латышонак: Мы верым, што дыяспара падхопіць наш сцяг

Ці быў Беласток «беларускім» у часы PRL? Як беларусы спрабавалі ўвайсці ў польскую палітыку на пачатку 1990-х? Як вынікла гісторыя збройных фарміраванняў БНР і гераізацыя Балаховіча? Ці мае беларускае Падляшша перспектывы? Пра ўсё гэта — вялікая размова з гісторыкам Алегам Латышонкам на сайце Mostmedia.io.

Алег Латышонак. Фота: Настасся Уткіна / MOST

Алег Латышонак — адзін з найбольш аўтарытэтных беларускіх гісторыкаў Польшчы. Аўтар легендарных «Жаўнераў БНР» — найбольш поўнай працы пра войскі нашай першай рэспублікі і армію легендарнага генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Адначасна — былы палітвязень, шматгадовы дзеяч беларускай меншасці на Падляшшы, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы.

«Для беларускага камуністычнага асяроддзя тата быў нацыяналістам»

— Вы паходзіце з беларускай сям’і?

— Мой бацька з Віленшчыны. Па вайне апынуўся ў Польшчы. Бацькі майго бацькі пабаяліся вяртацца з нямецкага лагеру для остарбайтараў у СССР. Спачатку хацелі, але палякі папярэдзілі, што гэта скончыцца ў Сібіры… Селі ў першы цягнік, які ішоў у Ziemie Odzyskane (былыя нямецкія тэрыторыі, якія атрымала Польшча — MOST). Так апынуліся ў Эльблонгу, дзе я і нарадзіўся.

У 1965-м пераехалі ў Беласток, тут я пайшоў у другі клас. Сям’я была патрыятычная. Маці з беларускай вёскі на Падляшшы, бацька выхаваны ў СБМ. Не скажу, што я сам быў вялікім патрыётам у юнацтве: ёсць перыяд, калі чалавек адмаўляе аўтарытэты, у тым ліку бацькоўскі. Але мне наканавана было быць беларусам. Калі паехаў вучыцца ў Кракаў, то ўжо дэклараваў сябе беларусам.

— Ці лёгка было захаваць беларускую ідэнтычнасць у польскім асяроддзі?

— Скажу больш: мае бацькі размаўлялі са мной па-польску. Бацька меў сваё кола сяброў: з Юркам Геніюшам заўсёды гаварылі па-беларуску, з ім мог адвесці душу. Мяне таксама вучылі беларускай мове. Не памятаю нават, што хутчэй вывучыў: лацінку ці кірыліцу. Заўсёды была беларуская песня, кніга. З паэтаў я найбольш любіў Багдановіча. У ім, як гарадскі хлопец, знайшоў сваю душу: мне тая сялянская паэзія не падабалася (смяецца).

Калі быў які абед урачысты, то ў госці прыходзілі беларусы. Мы сядзелі з сястрой у сваім пакойчыку. Урэшце, пасля выпітага і пад’ёму патрыятызму, з-за стала нас клікалі чытаць беларускія вершы — так было штораз!.. Разам з тым, мая родная мова польская. Мне дагэтуль цяжка даецца беларускае «л».

Алег Латышонак. Фота: Настасся Уткіна / MOST

— Вы казалі пра беларускую кампанію бацькі, а ў вас было з кім паразмаўляць на беларускай мове?

— Міхал Геніюш — сын Юркі. З братам яны заўсёды гаварылі па-беларуску. Агулам жа, мне здавалася, адзінымі сапраўднымі беларусамі ў Беластоку на той час былі мой тата і Юрка Геніюш.

— Але ў 1960-80-х у Беластоку ўжо выдавалася «Ніва», працавала БГКТ…

— Мой тата там лічыўся нацыяналістам. Гэтае асяроддзе яго не прыняло: не быў ён там сваім. Меў непрыемнасці ў 1968-м, яго цягала на допыты Служба Бяспекі. Камуністычныя беларускія арганізацыі ў PRL (Савецкай Польшчы — MOST) былі нацыянальнымі па форме, але з такім духам, што мой тата, напрыклад, не мог сябе з імі атаясамліваць.

«З першым БАС не паспеў пазнаёміцца, бо запёрлі ў турму»

— Вы прымалі ўдзел у руху «Салідарнасць» 1980-х?

— Акурат скончыў вучобу ў Кракаве і далучыўся. Таксама хацеў рабіць беларускую справу ў «Салідарнасці». Тады яшчэ не ведаў Сакрата Яновіча: ён спрабаваў, але яго не паслухалі. Пасля «Салідарнасць» разграмілі. Я быў у падполлі і трапіў у турму на 8 месяцаў. «За распаўсюджванне бюлетэняў «Салідарнасці» і арганізацыю нелегальных структур» — так гэта называлася.

У Беластоку мяне звольнілі, таму паехаў у Кракаў: там можна было знайсці працу. Гэта ў Беларусі зараз адно закручваюць гайкі, а тады ў Польшчы пасля першага задушэння неяк давалі жыць, ставала больш свабодна. Дзякуючы гэтаму меў працу ва універсітэце.

— А што з беларускім рухам?

— Яшчэ на пачатку 1980-х з’явіўся першы, незарэгістраваны БАС (Беларускае аб’яднанне студэнтаў). З імі я не паспеў пазнаёміцца, бо запёрлі ў турму. У 1987-м, калі быў другі БАС, то знайшоў там аднадумцаў. Гэта была сіла! Мы пасябравалі на ўсё жыццё.

Разам з гэтымі людзьмі я пазнаёміўся з Падляшшам: ладам жыцця, сем’ямі, фэстамі, шлюбамі. Я закахаўся ў гэтае жыццё! Гэта была сапраўдная беларускасць. Спалучэнне народнай і высокай культуры. З сябрамі можна было заехаць на вёску, папрацаваць, выпіць, паспяваць, а пасля — абмяркоўваць паэзію Разанава. Гэтага больш няма, усё змянілася. Але той перыяд быў найлепшым у жыцці.

Алег Латышонак. Фота: Настасся Уткіна / MOST

«Толькі 10-15% выбаршчыкаў нас падтрымлівалі — як у Пазняка»

— Ці былі ў беларусаў спробы на пачатку 90-х увайсці ў польскую палітыку?

— Мы высоўвалі дэпутатаў яшчэ на першыя выбары, якія ладзілі камуністы ў 1989-м. Сакрата Яновіча на сенатара, а Яўгена Мірановіча на пасла ў Сойм. Спрабавалі дамовіцца з «Салідарнасцю», каб тыя ўключылі нашых людзей у свой спіс. Яны адмовіліся. Нічога, стварылі самі. Нават партыю займелі: Беларускае Дэмакратычнае Аб’яднанне. Спрабавалі з іншымі сіламі, з царкоўнымі праваслаўнымі групоўкамі… Але на выбарах нам не шанцавала: выбаршчык не хацеў за нас галасаваць.

— Бо мясцовыя беларусы хацелі быць палякамі?..

— Ды не. Спачатку галасавалі за посткамуністаў, бо хацелі жыць «як раней». Вядомая з’ява — як у Беларусі. Пасля мы аслабелі, не было таго імпэту. Частка пайшла ў польскія партыі. Адзін з нашых настаўнікаў, Юры Туронак, увесь час лічыў, што мы не маем ісці на выбары асобна, а трэба высоўваць людзей у польскія спісы.

У нас былі беларускія нацыянальныя лозунгі, ясна, але і добрая эканамічная праграма — найлепшая на Падляшшы. Але толькі 10-15% выбаршчыкаў нас падтрымлівалі, больш не набіралі. Гэта нагадвае сітуацыю з Пазняком і выбарамі ў Беларусі — вельмі падобна на яго адсоткі.

«Алег, хлопцам патрэбны герой…»

— Як даследчык вы найбольш вядомы вывучэннем вайсковых фармацый БНР і генерала Балаховіча. Чаму такая тэма?

— Калі яшчэ БАС быў нелегальны, было нешта кшталту Рады студэнтаў нацыянальных меншасцей. Іх шэф Пятро Багроўскі мне сказаў: «Алег, хлопцам патрэбны герой. А ўсе ж чулі пра Балаховіча…». Так я пачаў з Балаховіча, а з гэтага вынікла кніга пра ўвесь узброены беларускі рух таго часу. Гэта мая кандыдацкая. Польскамоўнае выданне «Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923» з’явілася ў 1995-м. Беларускае «Жаўнеры БНР» — у 2009-м. Але ад пачатку гэта была кніжка на замову моладзевага руху (смяецца).

— Можна назваць вас «бацькам» Бацькі Балаховіча?

— Но так! (смяецца). Кожны аўтар любіць і разумее свайго героя, але я, па праўдзе, не лічу Балаховіча беларускім нацыянальным героем. Ён быў беларусам, але не прысвяціў жыццё нацыянальнай справе. Авантурыст.

— Але такія людзі найчасцей і ствараюць дзяржавы…

— Яшчэ як! Каб яму ўдалося стварыць беларускую дзяржаву, то быў бы нацыянальным героем — як маршал Манэргейм. Але не пашчасціла. А пасля адышоў ад беларускіх спраў, займаўся сваімі. Значыць, Беларусь не была яго ўнутранай патрэбай.

— Ці ёсць у вас героі з беларускай гісторыі?

— Скажу так: я вырас з герояў. Героі добрыя для школьнікаў, для моладзі. А для мяне Беларусь — гэта не героі. Яна цэласная. Я не патрабую ўзораў, герояў: я ў пенсійным узросце (смяецца). З гэтага я вырас недзе пасля 40 год.

— Добра, але для скаўтаў ці школьнікаў у новай Беларусі героі патрэбныя, хто б гэта мог быць?

— Мой улюбёны герой — Усяслаў Чарадзей. Персанаж вельмі маляўнічы, якога няма ў гісторыі народаў-суседзяў. Прыгожая легенда, міф. Найперш ён. Пасля — звычайны набор, з якога б вылучыў братоў Луцкевічаў. Яны зрабілі неймаверна шмат. Іх прозвішчы маюць быць у кожным падручніку.

Алег Латышонак. Фота: Настасся Уткіна / MOST

«Каб не дыяспара, мы былі б ужо дакананыя»

— Як вам бачыцца беларускае Падляшша? Уключна з тымі беларусамі, чые продкі адсюль, але і з тымі, хто прыехаў за апошнія гады?

— Беларускае асяроддзе тут заўсёды было неаднародным. Ці вы ведалі, што некалі тут Лукашэнку падтрымлівалі да 80% мясцовых беларусаў? Людзі думалі, што ў Беларусі жывецца добра. Паволі толькі даходзіла. Было БГКТ, якое шчыльна супрацоўнічала з консульствам Беларусі і мела рэальную падтрымку.

Адначасова была бел-чырвона-белая супольнасць са сваімі людзьмі і працай. Сыходзілі старыя, прыходзілі маладыя. Але моладзь шмат у чым цягнецца да польскасці… Пасля 2020-га шмат што змянілася. Да Ціханоўскай ці Бабарыкі тут шмат хто ставіўся з недаверам, але адбылася рэвалюцыя: нават калі расіяне ёй кіравалі, як кажа Пазняк, то яна выйшла ў іх з-пад кантролю.

Прыехалі новыя людзі з Беларусі, але — гавораць па-расійску. Мы дзесяцігоддзямі стараемся захаваць і развіваць беларушчыну, а тут — «чырыкаюць» па-маскоўску. Першая думка: а ці яны нашыя?.. Зрэшты, новай Беларусі, яе людзей і арганізацыі, якія паўставалі апошнімі гадамі, мы наўпрост не ведалі.

— Дык можа спрабаваць кантактаваць, супрацоўнічаць?

— Я належу да тых, хто стараецца, але — цяжка. Мы разышліся ў часе. Каб гэтыя людзі прыехалі сюды яшчэ 10 год таму, то была б іншая карціна. Яны поўныя энергіі. А мы ўжо ўсяго наглядзеліся. Мы выпаленыя. Тыя, хто змагаўся ў 80-х, маюць ужо досыць. Наймалодшым — па 40 гадоў. Беларускі актыў тут у такім узросце, калі сяброў не шукаюць. Іх выкрэсліваюць.

Але вельмі цешуся, калі тыя, хто едзе, ладзяць беларускае культурнае жыццё. Супер! Застаецца пытанне інтэграцыі. Пачалі дзеці эмігрантаў з нашымі хадзіць у тыя самыя класы, але зараз ім забаранілі беларускую мову. Чаму? Бо не грамадзяне Польшчы. Важны момант інтэграцыі губляецца. Што казаць, калі няма дзе сабрацца: даўно абяцаюць стварыць дом культуры пад беларускія справы, але яго няма.

— Якая перспектыва беларускага Беластока і, шырэй, Падляшша?

— Калі ідзе пра мясцовых, то каб не дыяспара, мы былі б ужо дакананыя. Бельскі ці Гайнаўка яшчэ не, але Беласток — так. Таму вітаем дыяспару! Верым, што яны перахопяць наш сцяг і панясуць далей. Агулам падавалася, што беларусы і ўкраінцы ў Польшчы — усё. А пасля ў краіну прыехалі сотні тысяч беларусаў, мільёны ўкраінцаў: Варшава, Уроцлаў, Гданьск, але таксама і Беласток.

Беларуская меншасць зноў стае заўважнай. Маем надзею, што беларусы гэтай апошняй хвалі некалі ўспрымуць нашу гісторыю як сваю. Прынамсі, каб паказаць тут свае карані: што беларусы тут не ад 2020-га, а маюць 1000-гадовую гісторыю прысутнасці ў рэгіёне. Далей захочуць пазнаёміцца з гісторыяй Падляшша, зразумеюць, што тут іх дом, ім тут жыць.

Усё пачынаецца нанова!

Каментары

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»22

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Усе навіны →
Усе навіны

У Шчучынскім раёне двое дзецюкоў скралі, а затым вярнулі назад двух парсючкоў

Пакаленне «ні-ні»: хто яны такія і наколькі гэта небяспечная тэндэнцыя?12

У Данецку пасля выбуху ў машыне загінуў начальнік Аленаўскай калоніі ДНР. Яго жонцы адарвала нагу10

Пентагон назваў выдаткі Расіі на вайну з Украінай1

Даляр каштуе менш за 3,4 рубля

Барысаў чакае Лукашэнку — тэрмінова кладуць асфальт і косяць траву5

Беларускі IT-прадпрымальнік Маханёк расказаў, чаму выбраў для жыцця дарагі Нью-Ёрк3

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў15

«Асад паў. Не бойцеся». Як вызваляюць вязняў сумна вядомых турмаў Сірыі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»22

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Галоўнае
Усе навіны →