«Досвед палітычна матываванага арышту дае самы важны ўрок: ты адзін, ніхто не прыйдзе і не выратуе». Сацыяльная менеджарка падзялілася развагамі
«Мне дужа пашанцавала, бо ў мяне было толькі восем дзён адміністрацыйнага арышту», — кажа Дар’я Царык. Яна прафесійна займаецца грамадскай дзейнасцю. Як і тысячы беларусаў, пабывала ў засценках на Акрэсціна.
«Нельга спадзявацца на вонкавыя апоры»
Спецыялістка па філантропіі і сацыяльным інвеставанні Дар’я Царык штораз вяртаецца да перажытага ў Беларусі. Яна разлічвае, што яе досвед і парады дапамогуць землякам справіцца з бядою.
«Досвед палітычна матываванага адміністрацыйнага (і не толькі) арышту дае самы важны ўрок і аксіёму: ты адзін, ніхто не прыйдзе і не выратуе. Веды, якія потым вельмі дапамагаюць і мяняюць жыццё», — такой думкай актывістка падзялілася ў сацыяльных сетках.
Яна раіць: апынуўшыся ў няволі, не падманвацца ілюзіяй, што нехта выбавіць адтуль.
«Не будзе ніякага паўстання, і справядлівасць не пераможа», — лічыць яна. —
Вядома ж, нейкія дзеянні адбываюцца звонку. Людзі аб табе турбуюцца, намагаюцца атрымаць інфармацыю, дапамагчы з адвакатамі. Усё гэта ёсць. Але кардынальна для людзей, якія ўнутры, гэта нічога не мяняе. Ніхто не прыйдзе, не адчыніць дзвярэй і не дастане цябе адтуль, пакуль не скончыцца ўтрыманне».
Дар’і не дае спакою тое, што суайчыннікі вымушаныя жыць ва ўмовах, якія пагражаюць іх жыццю. Яе клапоціць лёс вязняў, пра якіх не чуваць месяцамі.
«Апошнім часам у мяне вельмі мінорныя думкі. Я разумею, што іх ніхто не зможа выратаваць», — кажа суразмоўніца.
Удалечыні ад радзімы «нявольніцкі досвед» падказвае ёй, што нельга і тут спадзявацца на вонкавыя апоры, якія «маюць уласцівасць абрынацца».
«Дбаць трэба пра сябе, пра свае рашэнні, свае магчымасці. Гаворка не пра тое, што ніхто не дапаможа. Гаворка пра тое, што толькі ты самому сабе можаш дапамагчы: нешта прыдумаць і зрабіць», — настойвае Дар’я Царык.
«Умовамі ўтрымання застрашваюць палітычных»
Дар’ю Царык забралі 13 студзеня 2022 года. У той дзень губазікаўцы праводзілі «апытанне» сяброў праўлення няўрадавай арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагала ахвярам хатняга гвалту. У тэлефоне актывісткі аператыўнікі адшукалі спасылку на публікацыю з рэсурсу, які быў прызнаны «экстрэмісцкім».
«Я 30 гадоў пражыла ў Беларусі, таму разумела, што адбываецца. Ехала на «апытанне» з выразным разуменнем, што мяне адправяць на «суткі». Так і выйшла. Прысудзілі восем дзён адміністрацыйнага арышту», — згадвае яна.
Дар’ю завезлі на Акрэсціна і кінулі адразу ў карцар. Праз некалькі гадзін перавялі ў камеру. З яе зноў вярнулі ў карцар.
Умовы ўтрымання палітычных былі значна горшымі, чым у астатніх зняволеных, кажа яна. У перапоўненых камерах панавала антысанітарыя. Спаць даводзілася на падлозе. З-за таго, што было холадна, жанчыны мелі праблемы з мочапалавой сістэмай.
«Не было матрацаў, а спаць на незасланых з металічнай рашоткай нарах было немагчыма. На маё шчасце, сукамерніцы далі мне паліто і дублёнку, — расказвае далей Дар’я. — Камера стандартная акрэсцінская. Навідавоку санвузел. Усе кураць. На прагулкі не выводзяць. Праз два ці тры дні амаль ва ўсіх вошы. Ад педыкулёзу я ўратавалася. У мяне доўгія валасы, і мне заплялі іх у дужа тугую касу».
Дар’я кажа, што ў карцары сядзелі дзве бяздомныя. Ім дазволілі ўзяць з сабою паліто, курткі і шапкі. Палітычныя ж не мелі верхняй адзежы. Ад настылай бетоннай падлогі веяла холадам.
«Ахоўнікі лічылі, што палітычных бяздомныя павінны дужа напалохаць. Але ніхто ў бяздомных не ўбачыў пагрозы, — расказвае актывістка. — Гэтым жанчынам не падабалася быць у карцары. Раней іх утрымлівалі ў камерах, а тут з'явіліся палітычныя, і ім давялося разам з імі пакутаваць. Бяздомная Кацярына чытала па памяці баладу «Руслан і Людміла» і іншыя творы Аляксандра Пушкіна».
Строгае абмежаванне волі з разнастайным формамі фізічнага здзеку зняволеныя пераносілі па-рознаму. Нехта заміраў, а ў некага, наадварот, пачыналася актыўная разумовая дзейнасць.
«У некага на адрэналіне было вымушанае пазітыўнае ўспрыняцце рэчаіснасці. Нехта хутка ўпадаў у тугу і дэпрэсію. На «сутках» ніхто не ведаў, ці працягнуць ім зняволенне», — адзначае актывістка.
«Сваімі дзеяннямі дзяржава спараджае новую генерацыю апазіцыі»
Дар’я перакананая: утрыманне чалавека ў нялюдскіх умовах ізалятара катастрафічна ўплывае на здароўе. Цярпяць абсалютна ўсе сістэмы арганізма.
«За псаванне свайго здароўя трэба было яшчэ і заплаціць», — абураецца яна.
А ці разумеюць супрацоўнікі ізалятара, што яны чыняць?
«Усе яны больш чым дастаткова суровыя, і калі ёсць выбар паводзіцца па-людску ці ўдаваць з сябе жорсткага, страшнага персанажа, то спыняюцца на жорсткасці.
Яны гвалт успрымаюць як форму камунікацыі з усімі: палітычнымі, залежнымі, бяздомнымі», — адказвае актывістка.
Дар'я адзначае, што ў беларускіх вязніцах шмат засталося з савецкай мінуўшчыны.
«Калі чытаеш творы вязняў ГУЛАГа Дзмітрыя Ліхачова ці Аляксандра Салжаніцына, то ўмовы зняволення засталіся з той эпохі. Нейкі апгрэйд адбыўся, але па вялікім рахунку ўсё засталося тагачаснае», — падкрэслівае суразмоўніца.
Дар’ю Царык уразіла, як выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі на сілавікоў, занятых рэпрэсіямі.
«Калі разглядаць мой адзін маленькі кейсік, то мною былі занятыя чатыры сілавікі цягам 7—8 гадзін. А ў выніку — «распаўсюджванне экстрэмісцкага матэрыялу» ў жніўні 2021 года і затрыманне некага тыпу мяне. Былі занятыя прасейваннем вялікай колькасці пяску праз сіта, але глабальнай сваёй задачы так і не вырашылі», — разважае суразмоўніца.
Дар’я Царык лічыць, што сваімі дзеяннямі рэжым спараджае новую генерацыю апазіцыі. Вялікая колькасць людзей, якая была апалітычная, нейтральная, сутыкнуўшыся з беззаконнем, выходзіць з Акрэсціна з выразнай устаноўкай, хто ў краіне хто.
«Жыццё краіны не паставілі на «стоп»
Пакуль дзяржава пускае сродкі на рэпрэсіі, многія грамадзяне маюць патрэбу ў фінансаванні праграм, ад якіх залежыць іх жыццё.
Апошнія дзесяць гадоў Дар’я з паплечнікамі апякуецца дзецьмі і дарослымі з рэдкімі генетычнымі нейрамышачнымі захворваннямі. З такімі хваробамі ў Беларусі жыве блізу 700 чалавек.
У іх парушана функцыянаванне мышцаў і нерваў, з-за чаго яны не могуць самастойна хадзіць, глытаць і дыхаць. Для падтрымання жыццядзейнасці патрэбныя вельмі дарагія прэпараты.
Беларуская сістэма аховы здароўя не пакрывае выдаткаў на лячэнне, а праблема людзей з нейрамышачнымі захворваннямі не мае шырокага розгаласу, бо ахоплівае адносна невялікую групу пацыентаў.
«Людзі стаяць перад выбарам: збіраць на лячэнне мільёны еўра ці зʼязджаць у іншыя краіны. Беларусы з такімі хваробамі пачалі пакідаць радзіму нашмат раней за 2020 год. Застацца азначае ў літаральным сэнсе смерць, прычым у 100 працэнтах выпадкаў», — канстатуе Дар’я.
Цяпер чыноўнікі кажуць, што трэба ствараць адмысловы фонд, як у Расіі.
«У Расіі і Казахстане неабходныя прэпараты набываюцца дзяржавай, таму некаторыя пацыенты атрымліваюць расійскае грамадзянства і маюць лекі», — адзначае Дар’я.
На яе погляд, у Беларусі неабходная рэформа сістэмы аховы здароўя і стварэнне страхавой медыцыны, якая рэальна здольная дапамагчы людзям з нейрамышачнымі захворваннямі. Цяпер жа яны могуць разлічваць толькі на сродкі з «нейкага ўмоўна запланаванага бюджэту».
Дабрачынныя арганізацыі, у якіх працавала Дар’я Царык, частка трэцяга сектара, які складаецца з няўрадавых, некамерцыйных грамадскіх аб’яднанняў. Большасць ліквідаваная пасля пратэстаў 2020 года. Іх пазбаўлялі рэгістрацыі, не зважаючы на тое, якія праблемы яны вырашалі.
Дар’я Царык адзначае, што недзяржаўным арганізацыям у Беларусі ніколі не працавалася камфортна.
Цяпер сітуацыя ўскладнілася. Суполкам, якія засталіся, даводзіцца працаваць ва ўмовах санкцый, уведзеных супраць Беларусі. Стала складаней рэгістраваць сродкі з-за мяжы для рэалізацыі праектаў. Але яны спрабуюць і працягваюць працаваць.
«Людзі і сістэмы адаптыўныя. Працаваць і дапамагаць трэба надалей, бо ёсць адказнасць перад бенефіцыярамі», — адзначае актывістка.
На яе погляд, рэпрэсіі працягваюцца, але без паскарэння.
Краіну тым не меней «не паставілі на «стоп».
«Жыццё ў ёй працягваецца. У некага ёсць эканамічны прывілей зʼехаць і працаваць за межамі. А ў некага няма такіх магчымасцяў. Закрытасць у асабістых стасунках ёсць. Людзі не гавораць пра тое, што не могуць змяніць», — кажа яна.
У стане кансервацыі краіна можа перабываць дзесяцігоддзі
Дар’я Царык лічыць, што Беларусь чакае эканамічная стагнацыя, павелічэнне розніцы ў дастатку паміж заможнымі і беднымі пластамі насельніцтва.
«Са сваёй працы я бачу, што людзям больш складана адміністраваць свае дабрачынныя зборы. Запытаў на дапамогу становіцца ўсё болей, бо людзі бяднеюць. Дзяржаўная дапамога не перакрывае такіх патрэб. Крыніц фінансавання з боку донараў значна паменела», — даводзіць актывістка.
Яна кажа, што апошняе, пра што дбае аўтакратыя, — гэта людзі і іх паспяховасць. Чалавек ці кампанія разглядаюцца ёю як доступ да эканамічнага рэсурсу. З іх высмоктваюць патрэбнае.
«Абвал, які мы назіраем цяпер, звязаны з тым, што вялікая колькасць прафесіяналаў у Беларусі не бачыць сваёй будучыні і з’язджае. Яны асцярагаюцца за сваю бяспеку.
Ім агідна знаходзіцца на радзіме, бо яны сталі сведкамі вялікай несправядлівасці», — акцэнтуе ўвагу актывістка.
З іншага боку, застаюцца Расія, Кітай, куды можна дыверсіфікаваць беларускі рынак, таму стагнацыя можа працягвацца, пакуль не адбудзецца нейкага глабальнага катаклізму, разважае Дар'я.
«У стане кансервацыі краіна можа перабываць дзесяцігоддзі», — лічыць яна.
На яе погляд, у пратэстах 2020 года больш актыўным было пакаленне беларусаў, якое не мела досведу жыцця ў Савецкім Саюзе.
Перамены для іх былі жыццёва неабходнымі. Па здушэнні пратэстаў яны страцілі веру ў тое, што на радзіме іх чакае добрая перспектыва.
«Новае пакаленне 20-30-гадовых найбольш адаптыўнае. Яно прымае рашэнне пакінуць Беларусь, зыходзячы са сваіх эгаістычных патрэб.
Яны, безумоўна, напалоханыя пагрозамі арышту, але не гэта асноўная прычына, па якой яны пакідаюць радзіму. Тут яны не бачаць для сябе будучыні», — мяркуе Дар’я.
Добрага прагнозу для Беларусі ў яе няма.
«У Беларусі будуць заставацца самыя ўразлівыя, непрафесійныя, — лічыць актывістка. — Я не ведаю, чаго яны мусяць баяцца. Яны заўжды трымаліся нейтралітэту, пазбягалі выказваць сваё меркаванне і змагацца за свае правы. Яны заўжды жывуць у сітуацыі недахопу рэсурсаў».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Жахлівы лёс «прыпыненай рэвалюцыі» ў Беларусі — новая кніга французскага сацыёлага Ранана Эрвуэ
«Кулацкая аперацыя». Як выглядалі рэпрэсіі ў беларускай вёсцы і сялянскі супраціў 1930-х гадоў
-
ГУБАЗіК перастаў выкладаць відэа з затрыманымі. З дня, калі да гэтага заклікаў канал, блізкі да Маркава
-
Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?
-
Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?
Каментары