Беларус спазняўся на самалёт з Масквы ў Мінск, а каб затрымаць рэйс і ўсё ж паспець, ён не прыдумаў нічога лепшага, як паведаміць, што машына замініраваная, паведамляе МУС Беларусі. Супраць яго завялі крымінальную справу.
Спачатку пасажыр, бачачы, што спазняецца на самалёт, прасіў па тэлефоне працягнуць яму час рэгістрацыі. Яму, натуральна, адмовілі, і тады мужчына адразу паабяцаў замініраваць борт, а потым напісаў на электронны адрас авіякампаніі і ліст з тымі ж пагрозамі.
У выніку свайго чалавек дамогся і месца ў самалёце заняў, аднак міліцыя яго неўзабаве вылічыла і затрымала.
«Мінёрам» аказаўся 40-гадовы жыхар Полацка, якога затрымалі адразу ж пасля прылёту ў Мінск. Супраць яго завялі крымінальную справу за загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы. Цяпер мужчыну пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, з яго спагоняць матэрыяльную кампенсацыю за выдаткі па затрымцы рэйса і правядзенні праверкі.
Каментары