United World Colleges: унікальная стыпендыя для старшакласнікаў
У гэтым годзе маладыя беларусы могуць паўдзельнічаць у конкурсе і атрымаць месца і стыпендыю ў адным з 18 каледжаў United World Colleges па ўсім свеце, паведамляе нацыянальны камітэт Каледжаў аб'яднанага свету ў Беларусі.
Навучанне праходзіць на англійскай мове па праграме International Baccalaureate і доўжыцца 2 гады.
Конкурс адкрыты для кандыдатаў, якія:
— нарадзіліся ў жніўні 2005 — верасні 2007 года;
— маюць беларускае грамадзянства, дазвол на жыхарства ў Беларусі або пасведчанне ўцекача, выдадзенае беларускай дзяржавай. Можна падавацца і з-за мяжы.
Адбор праходзіць у 3 туры цалкам анлайн на беларускай і англійскай мовах. Заяўка на 1 тур прымаецца да 24 лістапада праз платформу па спасылцы.
Кошт навучання ў UWC — ад 20 да 60 тысяч даляраў на год. Але фіналісты конкурсу атрымоўваюць стыпендыю на навучанне ў адпаведнасці з фінансавай патрэбай сям'і, то-бок будзе пакрытая частка кошту адукацыі, якую сям'я не зможа заплаціць, альбо ўвесь кошт для самых малазабяспечаных фіналістаў.
«United World Colleges — глабальны адукацыйны рух, што робіць адукацыю сілай, якая яднае людзей, нацыі і культуры дзеля дасягнення міру і ўстойлівай будучыні. Беларускія студэнты атрымліваюць стыпендыі ў каледжах UWC з 1992 года, а першым выпускніком UWC у 1994 годзе быў Віктар Фянчук, у будучыні кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны».
UWC налічвае ўжо больш за сто выпускнікоў з Беларусі, многія з іх сталі выбітнымі прафесіяналамі і дзеячамі ў сваіх сферах: архітэктары, настаўнікі, прадпрымальнікі, музыкі і г.д.», — паведамляе нацыянальны камітэт Каледжаў аб'яднанага свету ў Беларусі.
Каментары