Грамадства1

Гэты фатограф здымаў Плошчу Перамен (і не толькі). Вось 10 яго здымкаў і іх гісторыі

Яўген Атцецкі — фатограф і былы жыхар пратэснай Плошчы Перамен у Мінску. На сваіх здымках ён фіксаваў гісторыю свайго знакамітага двара, мінскіх маршаў і ўсёй краіны. Яўген паказаў свае самыя яркія кадры і распавёў, што за імі стаіць.

Зараз Яўген рыхтуе да друку кнігу, прысвечаную Плошчы Перамен. Там будзе 70 фатаздымкаў, звязаных з дваром, і 13 асабістых гісторый па-беларуску і па-англійску. Кніга плануюць выдаць у жніўні 2022 года, падтрымаць праект і замовіць сабе асобнік можна па спасылцы.

Разам з Яўгенам мы адабралі 10 выразных здымкаў яго аўтарства. Большасць з іх — з Плошчы Перамен, дзе ён сам жыў, але мы не абышлі ўвагай і іншыя яркія кадры ды праекты фатографа.

«У 2014 годзе ўпершыню ў гісторыі Беларусь прымала чэмпіянат свету па хакеі. Горад пачалі рыхтаваць да імпрэзы за некалькі месяцаў: з'яўляліся плакаты, то тут, то там можна было заўважыць зубраня, сімвал чэмпіянату, якога ў народзе ахрысцілі Валерай.

Я добра памятаю атмасферу чэмпіянату — велізарная колькасць расійскіх і чырвона-зялёных сцягоў, рэкі алкаголю і п'яныя братанні. За кадрам засталіся прэвентыўныя арышты, якімі звычайна ў Беларусі суправаджаецца падрыхтоўка да такіх мерапрыемстваў.

Гэты здымак для мяне расказвае пра адваротны бок свята, пра тое, што за прыгожым фасадам ёсць цэлы комплекс унутраных праблем».

«У 2017 годзе я пачаў здымаць гісторыю пра панк-гурт Messed Up з Гродна. Messed Up — гэта Ліза, Каця, Маша і Насця. Дзяўчынкі сабралі гурт у 2015-м, тады ім было ад 15 да 17 гадоў, і мне было цікава, як панк-культура ўплывае на фармаванне іх каштоўнасцяў.

Я пачаў падарожнічаць з гуртом і здымаць жыццё яго ўдзельніц. Летам 2017-га мы тройчы з'ездзілі ў Польшчу, а зімой я выбраўся на канцэрт у Баранавічы. Гэта было мерапрыемства ў знакамітым у вузкіх колах клубе «Шакалад»: спачатку панк-канцэрт, а пасля — дыскатэка.

На здымку ўдзельніцы гурта Messed Up і іх сябры вяртаюцца ў клуб пасля паходу ў краму па алкаголь. Па дарозе я зачапіўся вокам за навакольны краявід. Мне падалося, ён добра перадае адчуванне Баранавічаў у снежні, і таму я зрабіў гэтую фатаграфію».

«У 2020-м Беларусь нечакана ўзарвалася ад палітычнай актыўнасці. Як фатограф і грамадзянін, я не мог заставацца ўбаку ад усяго гэтага, таму выйшаў на вуліцу і пачаў шукаць тэму. Адной са з'яў, за якую я зачапіўся, сталі чэргі.

З-за спецыфічнасці беларускага заканадаўства і асабліва яго аднабокіх трактовак судом у беларусаў практычна не засталося законных спосабаў праявіць сваю пазіцыю і салідарнасць. Але людзі знайшлі выйсце. Каб падтрымаць бізнэсы, якія па палітычных матывах атакуе дзяржава, каб падаць скаргу ў ЦВК, прагаласаваць на выбарах — для ўсіх гэтых мэтаў людзі выстройваліся ў чэргі.

Я хацеў паказаць на здымках адначасова з'яву і месца, таму выкарыстоўваў агульны план. Часта на маіх фатаграфіях чэргаў можна пабачыць будынкі, якія з'яўляюцца спадчынай савецкай эпохі. Яны, напэўна, памятаюць іншыя чэргі, людзі ў якіх стаялі зусім з іншых матываў.

На фота чарга ў краму Symbal.by, якую пасля шматлікіх праверак прыйшлося закрыць. 23 чэрвеня 2020 года на чаргу напаў АМАП».

«Як і гісторыя пра Messed Up, гэта фатаграфія пра маладосць. Гэты сюжэт нагадаў мне фільм Берталучы «Летуценнікі»: на фоне рэвалюцыйнага ўсплёску ў Парыжы 1968-га героі пазнаюць сябе і сваю сэксуальнасць. Дзве вельмі эмацыйныя падзеі адбываюцца адначасова, што максімальна зараджае сцэну.

Гэты здымак я зрабіў 23 жніўня 2020 году. Тады нядзельны марш упершыню рушыў у бок Палаца Незалежнасці на праспекце Пераможцаў».

«Гэта галоўная фатаграфія майго праекта «Плошча Перамен». Глядач пераносіцца ў ціхі жнівеньскі вечар: свеціць сонца, дзеці катаюцца на каруселі, на лавачцы размаўляюць людзі. Менш як праз тры месяцы тут здарыцца трагедыя: проста з гэтага двара выкрадуць нашага суседа Рамана Бандарэнку. Пасля збіцця ён трапіць у бальніцу і ад атрыманых траўм памрэ. Вось так гэтае месца перажыве галоўную сваю трансфармацыю, а дзіцячая пляцоўка ператворыцца ў мемарыял памяці.

Фота зроблена 31 жніўня 2020. Тады мы яшчэ не ведалі, якія выпрабаванні нас чакаюць».

«Мурал з дыджэямі стаў галоўным сімвалам Плошчы перамен. Улады ўсімі сіламі спрабавалі знішчыць выяву, але яна ўвесь час з'яўлялася зноў. Дзякуючы суседзям я змог сабраць і зафіксаваць усе змены мурала — іх аказалася крыху больш за 20.

Зусім нядаўна ў Мінску быў знішчаны мурал Міці Післяка, а таксама савецкая мазаіка на адной са школ горада. Эстэтычныя перавагі і, падобна, жыццёвыя перакананні чыноўнікаў, якія здзяйсняюць такія ўчынкі, можна апісаць цытатай аднаго з іх: «Будзе проста звычайная сценка, акуратненькая, шэрая».

На фатаграфіі жыхары Плошчы перамен адмываюць мурал пасля чарговага зафарбоўвання. Большасці жыхароў двара падабалася гэта выява, але ўлады традыцыйна не лічыліся з меркаваннем людзей».

«У верасні 2020 года барацьба ў двары вялася ў асноўным за мурал і за стужкі на плоце. Суседзі паведамлялі, калі на двор нападалі, што дазваляла людзям дастаткова хутка збірацца. Мяне, як жыхара Плошчы Перамен, моцна абуралі такія атакі.

Выпадак на фота здарыўся 9 верасня 2020 года. Калі я пабачыў чарговую атаку, схапіў фотаапарат і выбег на двор. Зрабіў пару здымкаў і пасля гэтага загаварыў з мужчынамі, што зрэзалі стужкі: «Навошта вы гэта рабіце? Вы не абавязаныя іх зразаць. Жыхарам двара падабаюцца стужкі, не чапайце іх».

І што вы думаеце? Мужчыны пакідалі нажніцы і пакеты і проста пайшлі, часам здаралася і такое.

Чаму выкарыстаныя стужкі менавіта такіх колераў? Гэта адсылка да працы Цэслера, дзе да БЧБ-сцяга дададзеная невялікая зялёная палоска, да таго ж гэтае фота яшчэ з таго перыяду, калі людзі верылі ў абодва сцягі. Крыху пазней улады зрабілі ўсё, каб чырвона-зялёны сцяг пачаў асацыявацца выключна з тэрорам».

«На гэтай фатаграфіі сцэна затрымання Сцяпана Латыпава. Гэтая гісторыя адбылася 15 верасня 2020 года, калі Сцяпан засланіў сабой сцяну з муралам і не даваў яго знішчыць. Ён звяртаўся да людзей у міліцэйскай форме і прасіў іх назваць сябе і паказаць дакументы, што яны і абавязаныя зрабіць перад тым, як рабіць якія-небудзь дзеянні.

Тыя мужчыны хаця і былі ў форме, але ўсе яны хавалі твары, у некаторых з іх былі схаваныя нават пагоны. Адкуль нам было ведаць, што гэта сапраўды міліцыя?

Аднойчы ў двары я разгаварыўся з хлопцам гадоў 10. Ён паказаў мне нашыўкі АМАПа і міліцыі, якія мы звычайна бачым на форме супрацоўнікаў. «Яны каштуюць 2 рублі», — паведаміў тады мне юны сусед. Дык хто былі тыя людзі ў масках, з газавымі балончыкамі і дубінкамі? Няўжо так павінен сябе паводзіць супрацоўнік праваахоўных органаў?»

«12 лістапада людзі даведаліся, што Раман Бандарэнка, выкрадзены і збіты напярэдадні, памёр, не прыходзячы ў прытомнасць. На працягу пары гадзін двор цалкам запоўніўся людзьмі. Яны неслі кветкі, свечкі і лампады, усе суседнія вуліцы спыніліся ад аўтамабільных затораў. Сігналы клаксонаў у знак салідарнасці з хлопцам не сціхалі да позняй ночы.

Здымак зроблены з агульнага балкона дома 52 па вуліцы Чарвякова. Дзякуючы падтрымцы суседзяў я меў паролі ад вялікай колькасці дзвярэй на нашым раёне, што дазваляла знаходзіць лепшыя ракурсы. У гэтым выпадку мне патрэбна было паказаць маштаб, я паехаў на 19 паверх і зрабіў гэты здымак».

«Гэта партрэт жыхара Плошчы Перамен.

У першай палове 2021 года я сустракаўся з суседзямі, збіраў гісторыі для будучай кніжкі і рабіў іх партрэты: адзін чорна-белы і ў масцы і адзін каляровы з адкрытым тварам. Тады я думаў, што чб-фатаграфіі пойдуць на сайт, а каляровыя — у кнігу. Рэпрэсіўная машына ў Беларусі так і не спынілася, але час каляровых фатаграфій яшчэ прыйдзе.

Чалавека на здымку клічуць Васіль».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Нават у Гітлера былі саюзнікі, у Пуціна іх няма». Беларус-фатограф застаўся ў Адэсе, каб дакументаваць жыццё падчас вайны, і гэтыя здымкі натхняюць

«Дом там, дзе я?» Выйшаў фільм пра беларускіх творцаў, якія не могуць вярнуцца дахаты

Каментары1

  • Чудесный Ирокез
    18.07.2022
    Нужное дело печатать фотки из Двадцатого!

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →