Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей адправіў ліст з «запрашэннем да нармальнасці» некалькім дзясяткам міністраў краін ЕС з нагоды 30-годдзя дыпламатычных адносін з Еўрапейскім саюзам. Пра гэта ў эфіры беларускага дзяржаўнага тэлебачання расказаў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, піша reform.by.
Па версіі Глаза, гэта была дыпламатычная руціна, а ілюзій з нагоды крокаў у адказ насустрач з боку ЕС беларускі бок не меў.
«Вялікіх ілюзій у дачыненні да таго, што наша запрашэнне да нармальнасці будзе належным чынам успрынята, мы не мелі, але працягнуць руку — гэта быў наш дыпламатычны абавязак, які мы выканалі», — патлумачыў прэс-сакратар.
Ён расказаў, што ліст быў накіраваны некалькім дзясяткам міністраў, але пазітыўнага адказу не было ні ад каго.
«Міністр напісаў такіх лістоў некалькі дзясяткаў сваім калегам. Ад некаторых у нас ёсць рэакцыя — можа, не пазітыўная, але дакладна канструктыўная. Некаторыя гэты сігнал успрынялі. А той, хто зліў дыпламатычны дакумент у СМІ, паказаў свой узровень прафесіяналізму, такту, жадання нешта вырашаць. І зусім нас не здзівіў», — падзяліўся падрабязнасцямі Глаз.
Паводле версіі прэс-сакратара МЗС, Беларусь хацела яшчэ раз данесці да ЕС сваю пазіцыю, якая ніяк не змянілася. І чарговы раз выказаў пагрозу: калі ЕС не пойдзе на перамовы з беларускім рэжымам, то ў Беларусі будзе яшчэ менш Еўропы.
«Мы выдатна бачым, якая вакханалія дзеецца ў нашым рэгіёне. На Беларусь адбываюцца нападкі. Мы яшчэ раз хацелі выразна і зразумела сфармуляваць сваю пазіцыю, якая не змянялася і складаецца ў тым, што ўсе пытанні трэба вырашаць за сталом перамоваў, абмяркоўваць заклапочанасці і дамаўляцца… ні ціскам, ні шантажом, ні нейкімі іншымі прыёмамі, у тым ліку незаконнымі санкцыямі, ні адно пытанне вырашыць не атрымаецца. Еўрапейскага Саюза ў Беларусі будзе станавіцца ўсё менш і менш», — сказаў Глаз.
Каментары