«Тут дзейнічае прынцып: галоўнае, каб чалавек быў добры». Што піша з-за кратаў Андрэй Скурко
Ужо 46 дзён у зняволенні знаходзіцца кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэй Скурко. Днямі ад яго прыйшоў першы за два тыдні ліст.
«Ты ў апошнім лісце пішаш, што нічога не атрымлівала ад мяне. Дзіўна, я дасылаў шмат лістоў за гэты час», — піша ён жонцы ў лісце, датаваным 17-га жніўня.
Андрэй Скурко — не адзіны палітвязень, ад каго лісты даходзяць нерэгулярна. Гэта частая сітуацыя ў нашы дні.
Андрэй піша, што займаецца англійскай мовай, чытае Ключэўскага, Стывена Хокінга, у камеры ёсць і падручнікі па праграмаванні.
«Турма — гэта побытавы выклік. Набываю тут уменні, якія ў жыцці пасля ніколі не прыдадуцца. Таксама гэта цікавы псіхалагічны досвед. Калектыў з 15 чалавек ужываецца, адаптуецца да новых удзельнікаў, знаходзіць баланс. Усё гэта ў абстаноўцы нетрываласці. Любога могуць у найбліжэйшы час перавесці. Тут многае адыходзіць на другі план, напрыклад, палітычныя погляды. Часам бываюць спрэчкі, але ў цэлым дзейнічае прынцып «галоўнае, каб чалавек быў добры».
З тэлевізара вязні даведаліся аб прызнанні партала Тутбай экстрэмісцкім. Што яшчэ глядзяць вязні?
«Нядаўна ўсе разам глядзелі мультфільм пра смурфікаў. У цэлым мультфільмы тут добра заходзяць», — піша Андрэй.
Штодзень а 6-й ранку, 12-й дня і 17.30 ды 21.30 вечара Скурко водзяць мераць цукар і калоць інсулін — у яго цяжкая форма дыябету.
Скурко ставіцца да сваёй сітуацыі па-філасофску: «З адлегласці часу мы будзем успрымаць гэтыя дні як нейкі эпізод, узяўшы з іх толькі самае смешнае і цікавае».
На просьбу нашаніўцаў, Скурко — адзін з найлепшых культурных рэпартажыстаў — апісаў і свой любімы маршрут па Беларусі — па Гарыні і Прыпяці. Яго мы апублікуем неўзабаве на сайце і канале, каб кожны з вас мог праехаць тым жа шляхам.
Андрэй Скурко і раней пісаў казкі, вершыкі і складаў сцэнары коміксаў для дзіцячых выданняў, але тыя, якія ён дасылае з турмы — неперавершаныя. Ён піша іх для свайго паўтарагадовага сына. Вершы Скурко запамінальныя і светлыя адначасова, поўныя цёплага гумару.
Добры воўк жыве ў лесе:
Ні да кога ён не лезе,
Не хапае, не кусае —
Ён слабых абараняе.
Зайчаняты, лісяняты,
Барсучкі і бабраняты
Лезуць смела на калені.
І крычыць у захапленні
Самы смелы барсучок:
«Пакатайце нас, ваўчок!»
Скурко быў арыштаваны 8 ліпеня падчас разгрому «Нашай Нівы». 13 дзён ён правёў на Акрэсціна без матраца і халадзільніка для інсуліну.
Падтрымайце Андрэя лістом!
Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1
Каментары