Выбары-2020

Вераніка Цапкала: на ўсіх месцаў у турмах не хопіць, перамога непазбежна

Пасля выбараў Вераніка Цапкала з мужам і дзецьмі вымушана была з'ехаць за мяжу. Цяпер сям'я жыве ў Латвіі. Спыталі Вераніку пра тое, як склаўся для яе гэты год, а таксама пра ролю жанчын у пратэстах і тое, як улады з імі «не ваююць».

«Наша Ніва»: Часта кажуць, што ў беларускай рэвалюцыі жаночы твар. Чаму так атрымалася? Чаму жанчыны не пабаяліся?

— Так склалася гістарычна, што жанчыны ў Беларусі мусілі быць моцнымі. Пасля Другой сусветнай вайны шмат сем’яў засталіся без карміцеля. Жанчыны самастойна расцілі дзяцей, працавалі ў полі, выконвалі працу па доме, зараблялі на жыццё. Многія беларускі менавіта такімі бачылі сваіх бабуль і прабабуль. Калі з нейкай прычыны побач няма мужчыны, жанчына разлічвае толькі на сябе і свае сілы. 

Так здарылася і ў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Нашы мужчыны — Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Валер Цапкала — пачалі справу, а мы, тры жанчыны, яе працягнулі, сталі замест іх, калі яны не змаглі гэта зрабіць. Не будзь мужчын наперадзе — не было б і нашага трыа.

«НН»: Якой вы бачыце ролю жанчын у падзеях мінулага года? 

— Беларуская грамадзянская супольнасць упершыню праявіла сябе як адзіны народ. Ніхто не чакаў такой хвалі салідарнасці і ўзаемадапамогі, прычым як унутры краіны, так і за яе межамі. Асабліва кранальна было назіраць за жаночымі маршамі. Я вельмі ганаруся адважнымі беларускамі, якія, нягледзячы ні на што, працягвалі і дагэтуль працягваюць барацьбу. Маша Калеснікава, Лілія Уласава, Наталля Хершэ, Вольга Хіжынкова, Алена Леўчанка, Алена Маўшук і сотні іншых, каго незаконна ўтрымлівалі ў турмах.

Лукашэнка павінен прыняць адну рэч: беларусы больш ніколі не будуць ранейшымі, прыбяры аднаго чалавека — на яго месца ўстануць два ці тры новыя. І ўнікальнасць нашай барацьбы ў тым, што ў нас няма адзінага лідара, кожны беларус — лідар. На ўсіх месцаў у турмах усё адно не хопіць, таму перамога непазбежна. Гэта толькі пытанне часу.

«НН»: З тых паездак вашага трыа па Беларусі які момант стаў самым запамінальным? Вы наогул думалі, што будзеце не проста жонкай кандыдата ў прэзідэнты, а выйдзеце на перадавую?

— Калі б напачатку кампаніі мне сказалі, што нашых кандыдатаў не зарэгіструюць і мы аб’яднаемся ў жаночае трыа, я б, напэўна, рассмяялася. Тады ў маі я б сказала, што гэта добры сюжэт для кнігі ці кіно. Але, як паказала практыка, у нашай краіне магчыма абсалютна ўсё.

Мяне ўміляе, калі Лукашэнка кагосьці абвінавачвае ў нашых бедах: у нас пастаянна вінаваты Захад ці Усход, усе вакол ворагі нашай дзяржаве, апроч яго самога. Часам у мяне складаецца ўражанне, што ён сам шчыра верыць у тое, што кажа. Але менавіта ён аддаў загад не зарэгістраваць альтэрнатыўных кандыдатаў, завесці на іх крымінальныя справы, пасадзіў у турмы ці выпхнуў з краіны. А цяпер мы чуем пра лялькаводаў, замежнае фінансаванне і іншыя фантазіі.

Што тычыцца прэзідэнцкай кампаніі, то яна застанецца адным з самых яркіх момантаў у маім жыцці. Кожны наш мітынг, які мы праводзілі ў вялікіх і малых гарадах, быў унікальны па-свойму.

Напрыклад, у Магілёве, у маім родным горадзе, я на гадзіну-паўтары вярнулася дадому, калі была дзіцем, у Гродна — на радзіму мужа. У Ваўкавыску, Лідзе, Брэсце, Слоніме мы бачылі тысячы пылаючых, неабыякавых вачэй. Нам дарылі кветкі, хатнюю выпечку, сувеніры. Было проста незвычайна бачыць столькі аднадумцаў перамен у кожным горадзе. Атмасфера стаяла неверагодная!

«НН»: Што вам хочацца адказаць, калі Лукашэнка заяўляе, што з жанчынамі не ваюе?

— Гэтаму чалавеку нельга верыць.

Калі ён не ваюе з жанчынамі, адкуль у нас 74 жанчыны-палітвязні? І гэта лічба пастаянна расце. За што сядзіць Маша Калеснікава і астатнія нявінныя людзі і чаму сапраўдныя злачынцы, якія забіваюць, катуюць, дагэтуль на волі?

Калі я чытаю чарговую навіну пра гэта, я кожны раз задаю сабе пытанні, на якія ў мяне няма адказаў. Хто вашы маці, жонкі, сёстры? Як трэба было выхаваць дзіця, каб ён ператварыўся ў такога монстра? Як вы глядзіце ў вочы сваім сем’ям?

Ведаеце, калі мы кажам пра зняволеных, мы не павінны забываць пра іх сем’і, якія пакутуюць не менш. Я бяру інтэрв’ю ў жонак палітвязняў і бачу, як яны змагаюцца за сваіх родных. У мяне выклікаюць захапленне Дар’я Лосік, Вольга Севярынец, Марына Адамовіч. Не здавацца ні на хвіліну — гэта сапраўдны подзвіг.

«НН»: Як гэты год пасля выбараў склаўся асабіста для вас? Чым займаліся?

— Мы вымушана з’ехалі з Беларусі з двума маленькімі дзецьмі. Супраць Валерыя завялі крымінальную справу (за атрыманне хабару. — «НН»), ён аб’яўлены ў вышук. Мы змянілі некалькі краін, дзе трэба было пачынаць жыццё з нуля — шукаць жыллё, школу для дзяцей, рашаць шмат побытавых пытанняў і адначасова займацца грамадскай дзейнасцю. Але нашы цяжкасці не ідуць ні ў якое параўнанне з тымі выпрабаваннямі, праз якія праходзяць беларусы ў турмах.

У кастрычніку я разам з актывістамі стварыла Беларускі жаночы фонд. Першапачаткова мэтай быў збор сведчанняў пацярпелых ад рэжыму жанчын, якія сутыкнуліся са збіццём і здзекамі. Напрацягу шасці месяцаў мы збіралі інфармацыю і на падставе гэтых матэрыялаў адправілі іскавую заяву ў Міжнародны крымінальны суд Гаагі супраць Лукашэнкі па артыкуле «злачынствы супраць чалавечнасці». Усе тыя, хто датычны да катаванняў, павінні панесці заслужанае пакаранне.

«НН»: Што фонд робіць цяпер?

— Мы запусцілі шэраг праектаў. Напрыклад, «Я — палітзняволеная», дзе ад асобы жанчын расказваем іх гісторыі. Праект запушчана на дзвюх мовах — рускай і агнельскай. Ці Fashion for Freedom — каб прыцягнуць пачынаючых і сусветных дызайнераў да праблемы правоў чалавека ў Беларусі, дзе за нашэнне гістарычных колераў саджаюць у турму ці накладаюць вялізны штраф.

Упершыню пра жаночы фонд я задумалася, калі была арыштаваная Марыя Калеснікава. Раз мы, жанчыны, былі ў кампаніі разам, мы павінны і далей працягваць барацьбу, карыстаючыся тым, што знаходзімся на волі. Маю ідэю падтрымалі дзяўчаты з роўных краін — Беларусі, Аўстрыі, Польшы, Латвіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Мексікі. Мы ўсе валанцёры, якімі, паверце, ніхто не лялькаводзіць, мы робім гэта шчыра.

«НН»: Сумуеце па ранейшым жыцці?

— Я б ніколі сабе не даравала, калі б мы працягнулі жыць папярэднім жыццём, якое ў нас было даволі камфортнае, і не звяртаць увагу на тое, што адбываецца ў краіне. Менавіта таму мы і пайшлі ў прэзідэнцкую кампанію.

Для ўдзелу ў ёй мы заклалі дом, які будавалі восем гадоў і толькі год пажылі ў ім. Астатняя наша маёмасць цяпер арыштаваная. Нягледзячы ні на што, калі б я пра што і шкадавала, дык гэта пра бяздзейнасць.

Мы хочам змяніць нашу краіну, зрабіць яе бяспечнай, багатай, каб тое жыццё, у пошуках якога беларусы едуць за мяжу, было створана ў нас, дома. А цяпер мы абавязаны спыніць увесь той гвалт, які працягваецца ў краіне ўжо больш за год.

Каментары

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Мелказёраў расказаў, як аформіў медыцынскую страхоўку для сабакі і чаму гэта выгадна7

Беларуска і беларус здзівілі ўсіх на турніры па покеры на Багамах2

Самую дарагую кватэру ў Мінску ў лістападзе прадалі ў «Доме Чыжа»

Украінскія вайскоўцы на мяжы акружэння ў чатырох вёсках Данеччыны

Трамп выступае за размяшчэнне еўрапейскіх войскаў ва Украіне для кантролю над будучым перамір'ем4

Генеральны сакратар НАТА заклікаў рыхтавацца да вайны з Расіяй праз 5 гадоў20

Беларускім журналістам у выгнанні акажа шчодрую падтрымку Фландрыя6

Прарыў у чорнай металургіі: новы метад павышае хуткасць вытворчасці ў 3600 разоў4

Затрымалі гаспадыню аграсядзібы пад Баранавічамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →