Зміцер Дашкевіч назваў тры словы, якія могуць скалануць асновы сённяшняй сітуацыі
Зміцер Дашкевіч, які ўчора вызваліўся пасля 20 сутак арышту, у сваім фэйсбуку паразважаў, што рабіць далей у бягучай сітуацыі.
«Стаміўся зьдзіўляцца вычварнай фантазіі турэмшчыкаў, але такі ўжо час — кожны раз зьдзіўляешся новым адкрыцьцям. Што я зразумеў са сваёй апошняй Менска-Жодзінскай вандроўкі — дна не існуе.
Трэба ўзброіцца думкай, што наперадзе нас чакаюць няпростыя часіны, бо логіка любой злачыннай сыстэмы аднолькавая: сыстэма вар'яцее болей і болей — да самага свайго скону.
Зло разбурыць само сябе. Таму сёньня нам трэба не пра злачынцаў думаць, нам трэба думаць пра саміх сябе, пра нашу сям'ю — наноў народжаную нашу нацыю.
Мы ўсё стараліся абазначыць сябе, каб даказаць, што нас большасьць. Мы абазначалі сябе шматсоттысячнымі маршамі, мы абазначалі сябе Сьцягамі. Цяпер за марш — 30 содняў, за сьцяг — 30 содняў. Усё гэта немагчыма для абазначэньня мільёнаў. Што тады нам рабіць? Здацца? Не, але разьвівацца далей — наноў народжаная нашая нацыя павінна загаварыць, загаварыць на роднай мове.
Сёньня спаўняецца 26 год, як рэжым разадраў Бел-Чырвона-Белы сьцяг і вынес сьмяротны прысуд роднай Мове.
Але вось паўстала нацыя — і ўзьняла свой Сьцяг. Пакуль нам было добра, калі мільёны маглі абазначыць сябе маршамі ці сьцягамі, мы ня думалі пра Мову. Цяпер нам кепска, цяпер мы стогнем у бетонных камерах і на жалезных нарах, плачам, чытаючы жахлівыя навіны. Цяпер нас непакоіць думка: што рабіць далей?! Далей вярнуць сабе родную Мову, як мы вярнулі сабе родны Сьцяг!
Сёньня, у 26-ю гадавіну першага антыканстытуцыйнага перавароту няхай кожны патрыёт пачне гаварыць.
Калі сёньня мільёны прыхільнікаў пераменаў скажуць у краме замест «спасибо» — «дзякуй», а набываючы жэтончык замест «пожалуйста» — «калі ласка», а на працы замест «здравствуйце» — «прывітаньне», то толькі гэтыя тры словы скалануць асновы акупацыйнай адміністрацыі.
14 траўня 1995 году, у той найчарнейшы дзень гісторыі Беларусі, манкурты былі перакананыя, што перамаглі назаўжды. Дакажам ім сёньня, што перамаглі мы, бо што перамагла Праўда, бо перамагла мова Янкі Купалы і ягонае Слова, Слова «Жыве Беларусь!».
Каментары