Самы папулярны ютуб-блогер Беларусі Мікіта Мелказёраў шчыра пра адмову ад алкаголю, знаёмствы ў інтэрнэце і журналістыку
Журналіст Мікіта Мелказёраў уварваўся ў беларускі ютуб са сваім праектам. Атрымалася бадзёра: канал «Жыццё-маліна» стартаваў толькі летам, а некаторыя выпускі ўжо б'юць рэкорды — гутарка з Арцёмам Шрайбманам сабрала больш за 500 тысяч праглядаў, з Сяргеем Чалым, Вольгай Хіжынковай і Аленай Леўчанка — больш за 350 тысяч праглядаў. Але жыццё самога Мікіты не менш цікавае, чым у яго суразмоўцаў. Пра дзяцінства ў Хабараўску, завязку з алкаголем, спіс жанчын, журналістыку і заробак у ютубе — у гэтай шчырай і іранічнай гутарцы.
«У футбольнай раздзявалцы дачытваў Дастаеўскага, пацаны гэтага не разумелі»
«Наша Ніва»: Ты нарадзіўся ў Хабараўску. Часта бываеш там?
Мікіта Мелказёраў: Вельмі даўно не быў. У мае 5 год мама мяне адправіла сюды, у Мінск. Я быў з бабуляй і дзядулем, пакуль яна там разводзілася і давучвалася ў інтэрнатуры. Праз год мама вярнулася, і з гэтага пачалася мая мінская гісторыя. З татам мы апошні раз стэлефаноўваліся, калі мне год 11 было. Патрэбны быў дазвол на выезд за мяжу, і мама сказала: ну табе ж ён патрэбны, таму ты і звані. Цяпер з хабараўскіх сваякоў я камунікую толькі з бабуляй — яна ў мяне вельмі крутая: Марсельеза Серапіёнаўна, дырэктар дзіцячага садка, у які я хадзіў. Яна валодае WhatsApp, дасылае розныя відэа.
«НН»: Чаму так і не з’ездзіў туды?
ММ: Не ведаю. Я тры гады назад лятаў у Японію, і там маніторчык паказваў, што я пралятаю над Хабараўскам. Думаю: гэта максімум, на які я забраўся за 25 год. У мяне няма нейкага асаблівага цяпла да таго месца. Я разумею, што гэта мае сваякі, я ўдзячны, што бабуля пра мяне памятае, але гэта нешта вельмі далёкае. Было б цікава ў плане турызму, і я разумею, што трэба з’ездзіць, можа, з Кітаем сумясціць падарожжа, але часу няма.
І каб даляцець туды, канечне, трэба нырку прадаць, а я пакуль планую з ёй пажыць.
«НН»: А якія-небудзь успаміны захаваліся пра Хабараўск?
ММ: Мы жылі на вуліцы ці Авіяцыйнай, ці Аэрадромнай, дзед быў лётчыкам, і адтуль мая слабасць да сцюардэс (усміхаецца). Мяне не даглядзелі, я аб батарэю галаву разбіў — усё ў крыві, бабуля раве. Добрыя ўспаміны.
Тата быў старшынёй хабараўскага камсамолу, яго нават у савецкі час па тэліку паказалі. А потым ён стаў займацца бізнэсам, ганяць з Азіі машыны праварульныя.
Памятаю, што было шмат ікры, чырвонай рыбы, я яе люблю. Мама расказвала, што ў ардынатарскай у іх стаяў трохлітровы слоік ікры з уторкнутай лыжкай і ніхто яе не еў.
«НН»: Чаму не стаў футбалістам? Было ж: трэніроўкі, ДзЮСШ…
ММ: Не хачу, каб пацаны-футбалісты крыўдзіліся, але з цяперашнім узроўнем беларускага футболу, думаю, у мяне былі б шанцы, бо ён моцна дэградуе апошнім часам. Тут у прынцыпе патрэбны прысутнасць і стараннасць. У мяне яны былі, але не было таленту. А там была дастаткова таленавітая генерацыя (Ягор Філіпенка, Міша Сівакоў), якая пасля стала трэцяй на моладзевым чэмпіянаце Еўропы. Плюс мне не хапала смеласці, нахабства, каб прабівацца. Я ў раздзявалках дачытваў Дастаеўскага, пацаны гэтага не разумелі.
Прыкладна з 10 класа я перайшоў з футбола на піва, таму спакойна паступіў ва ўніверсітэт, на журфак.
«НН»: Гуляеш дагэтуль?
ММ: Хаджу гуляць, часам з мужчынкамі старэйшымі за мяне, я ўсё бліжэй да ветэранскай групы. Міні-футбол — не мой від спорту, вялікі я ўжо не цягну, таму гуляем у сярэдні. Аматарская каманда «Захад-3» — гэта ўсё было вельмі даўно. Я на «Анлайнер» перабраўся год пяць таму, і скончылася ўсё. Максімум, што мы гуляем — гэта з журналістамі збіраемся павесяліцца. Мне падабаецца ўся гэта атмасфера, гумар — ён не столькі інтэлектуальны, колькі разлічаны на рэакцыю, фанетычны, на нейкім нахабстве, грубасці пабудаваны. Плюс гэта карысна для здароўя.
«Гэта была нармальная тэма, калі мы замест пар ішлі піць піўко»
«НН»: У 21 ты завязаў з алкаголем. Чаму?
ММ: Мне здаецца, нават у 20. Памятаю, жартаваў, што ў Амерыцы з 21 дазваляюць яго прадаваць, а я ў 20 ужо дыскваліфікаваўся. Я позна дастаткова пачаў, у 16, і зразумеў, што мае гены дрэнна адбіваюцца, я ўцягваюся. Я вучыўся на свабодным факультэце, дзе ў прынцыпе гэта была нармальная тэма, калі мы замест пар ішлі піць піўко ці не піўко, і заўважыў, што нейкі я сумненькі станаўлюся, нецікавы і некантралюемы.
Таму было прынята рашэнне заканчваць з гэтай фігнёй.
«НН»: Гены — гэта што? Хтосьці ў сям’і любіў выпіць?
ММ: Тата ў мяне з такімі праблемамі — гэта сумная гісторыя, я не хацеў бы яе паўтараць. Навошта гэта маці: яна спачатку цярпела майго бацьку, потым мяне — too much. Дый станавілася зразумела, што па здароўі гэта ў любым разе будзе біць. Таму я вельмі рады, што хапіла мазгоў прыняць рашэнне ўсё скончыць.
Я разумею, што сітуацыя ненармальная. Я чалавек полюсаў — або так, або не, пасярэдзіне нічога не бывае.
«НН»: Як гэта было? Проста сказаў сабе: «усё, не п’ю»?
ММ: Я прачнуўся ў інтэрнаце — гэта быў май, фінал чэмпіянату свету па хакеі прайшоў. Напярэдадні была нейкая тусоўка на Мінскім моры: цёпла, я ў гавайскіх шортах. Зранку ў панядзелак надвор’е перамянілася, усе ў доўгіх штанах, ухутаныя, а я сяджу як дурачок пад факультэтам у гэтых гавайскіх шортах. Нейкі ўвесь пабіты, затра**ны, настрою ісці на пары няма. Я адпаведна зноў іх прагульваю. У мяне было дрэнна з вучобай, я рэдка наведваў універсітэт.
«НН»: Гэта было проста валявое рашэнне ці дапамога доктара?
ММ: Маці мне дапамагала — павадзіла па спецыялістах. Не ведаю, што яны нада мной рабілі, але гэта аказала эфект. Мяне, напэўна, моцна напужала ўся гэта гісторыя, таму годзік я стабільна трымаўся. Была сітуацыя, калі мне на эмоцыях захацелася выпіць, але добры чалавек адгаварыў. І ўсё, пасля намераў асаблівых не было.
У грамадстве дзіўныя адносіны да гэтых працэсаў. Калі ты вылечыў рак — ты прыгажун, устаў пасля пералому пазваночніка — таксама. А калі ў цябе былі праблемы з алкаголем і ты перастаў піць, то ты проста аднавіў статус-кво. Таму важна казаць, што гэта хвароба.
Калі я скончыў піць, мы ўсё адно працягвалі збірацца кампаніяй. І ў нас жа канон — нешта трэба трымаць у руцэ. Ты бярэш колу. І ў нейкі момант я стаў разумець, што калі заліваўся півам, я траціў прыкладна тыя ж грошы. Ад гэтага стала крыху страшна. Гэта гісторыя пра фінскі алкаголь, які каштуе шалёных грошай, яна правільная. Даступнасць яго ў нас мяне пужае.
«НН»: Якія цяпер адносіны са здаровым ладам жыцця?
ММ: Мне крыху наломна, і я сябе лаю за гэта. ЗЛЖ дагэтуль успрымаецца як мода. Я нядаўна рабіў тэкст з хлопцам, які казаў: важна зразумець, што гэта здаровы лад жыцця, а не перыяд. І мне б вельмі хацелася ў сябе гэта замацаваць — з-за апошніх падзей, якія на маю псіхіку ўплываюць, я ў залу не хаджу. ЗЛЖ — крутая тэма, і яго трэба прышчэпліваць з юнацтва. Я б мяняў урокі фізкультуры — тлумачыў школьнікам, што трэба клапаціцца пра цела з самага дзяцінства. Бо мы, дзеці постсавецкія, прыходзім да гэтага толькі цяпер.
У мяне то пуста, то густа. Я ў пачатку мінулага года пахудзеў на 14 кілаграмаў, а пасля набраў 12. Мне 32 гады, мой арганізм «дзякуй» за гэта не скажа.
«НН»: А калі быў у сваёй найлепшай форме?
ММ: Мне здаецца, у гадоў 26, калі зразумеў, што трэба ісці ў залу. На першыя спробы водгук арганізма заўсёды добры.
Мне спадабалася хударлявасць, якая была ў мяне вясной у разгар пандэміі. У мяне эстэтыка руху змянялася нават, гэта вельмі прыкольна. Я тады якраз глядзеў «Last dance», дакументалку пра Джордана — і там баскетбалісты ўсе высокія, у іх даўгія пальцы. Нават па «Маліне»: калі глядзець вокладкі з Гурковым і пасля з Чалым, дык я ў два разы шырэйшым станаўлюся. Тая форма мне падабалася. Калі ў краіне не пазачыняюць залы, то планую заняцца.
Цікава, што тры гады таму заняцца здароўем — гэта значыла пайсці ў залу, а цяпер — пайсці па ўрачах, аналізы здаць.
«Я б хацеў, каб у мяне была адна жанчына і мы жылі шчасліва»
«НН»: Колькі разоў на дзень заходзіш у ціндар?
ММ: Перастаў заходзіць. Мяне засмуціў неяк ціндар насамрэч. Апошнім часам ты заходзіш, і перапіска пачынаецца з таго, што «о, «Маліна», прыкольны праект». І ўжо не так цікава.
«НН»: А што не так?
ММ: У ціндара ж які механізм? Ты заходзіш туды, а потым максімальна павінен перавесці ўсю камунікацыю ў інстаграм. Бо інстаграм — больш паказальная сацсетка. Плюс у мяне мінулай восенню за тыдзень было два выпадкі, калі ў дзяўчат стаялі не іх фоткі. Я такое дзіка не люблю, па-дзіцячы засмучаюся, калі такое здараецца.
«НН»: Гэта ты высветліў ужо на спатканні?
ММ: Не, высветліў, калі пачалі перапісвацца і яна такая: я магу табе нешта даслаць. І я разумею: блін, ну навошта мяне падманваць, я ж да вас з усёй душой, свае найлепшыя фатаграфіі выклаў.
Таму да ціндара ў мяне ёсць недавер. Лепш знаёміцца ў інстаграме, заўсёды зразумела, як сябе чалавек паводзіць. Можна праглядзець сторыз: калі чувіха неадэкватная, яна гэта адразу пакажа. Лепш за ўсё знаёміцца ў жыцці, але гэта для смелых.
«НН»: А які алгарытм знаёмства ў інстаграме?
ММ: Ведаеш гэтыя мемы: я лайкнуў цябе чатыры разы, чаму ты не адказваеш мне? (усміхаецца) Глядзі, як гэта робіцца. Самыя прыгожыя жанчыны заўсёды ў акаўнтах фатографаў, якія здымаюць ню ці бялізну. Таму заходзіш, бачыш нармальныя формы і клікаеш на чалавека.
Мінск — такі маленькі горад, асабліва праз палітычную міграцыю, усе адно аднаго ў выніку будуць ведаць. І ў плане прыгожых людзей таксама.
Вельмі добрым механізмам для сустрэч была б праца, бо ты бачыш людзей у крызісных сітуацыях. Але на працы нельга.
«НН»: Ты ў падкасце «Паўгадзіны кардыё» расказваў, што ў цябе было каля 50 жанчын. Гэта шмат?
ММ: Не ведаю. Упэўнены, што ў горадзе хапае людзей, у якіх было гарантавана больш. У ідэале я б хацеў, каб у мяне была адна жанчына і мы жылі шчасліва. Пасля 30 мяне стала хіліць да таго, што торгацца не ахвота (знаёмствы — гэта шмат рухаў: даведвацца пра чалавека, разводзіць яго), хацелася б вызначыцца і мець надзейны тыл, бо гэта сапраўды вялікая падтрымка. Калі ўспрымаеш адносіны як крыніцу сваёй сілы, мне здаецца, гэта правільна. Але я ні ў якім выпадку не хэйчу тых, хто цяпер гуляецца ў накапленне.
«НН»: А як вёўся гэты спіс?
ММ: Мой спіс мог патрапіць у РУУС некалькі разоў, бо тэлефон, у якім ён быў, я аддаў сябрам, калі яны хадзілі на акцыі. Але яны знеслі ўсе наладкі, і спісу майго не засталося. Таму цяпер я нічога не дакажу.
«НН»: На журфаку папулярнасцю карыстаўся?
ММ: Не. Гэта цікавы момант — прыходзіш на журфак і думаеш: вось цяпер пачнецца такое студэнцтва, як паказваюць у «Амерыканскім пірагу». Нічога такога не было. Тым больш першыя два курсы я піў. Хоць калі хлопцаў на курсе умоўна 10, вы ўсе цікавыя, бегаеце, як зубры з Чырвонай кнігі.
Але заўсёды добрае я чуў пра лінгвістычны — што там цудоўныя жанчыны, у плане кахання ўсё выдатна. Напэўна.
«НН»: Як гэта — у 27 год з’ехаць ад мамы?
ММ: Позна, але нармальна. Мне было дзіўна насамрэч, я занадта прывык, занадта доўга знаходзіўся ў бацькоў. Крута з’ехаць, бо ў цябе нармалізуюцца адносіны: бытавуха вельмі напружвае. І калі я цяпер прыязджаю да мамы, бабулі, іх двух катоў, я зараджаюся там.
У мяне з’явілася фінансавая магчымасць жыць асобна, і гэта стала весела. Хаця б таму, што ёсць пэўныя моманты па побыце, якія ты хочаш сам весці, і па жанчынах, якіх ты хочаш прыводзіць. Мая мама вясёлая, яна кажа: я не супраць, прыводзь. Але я, напэўна, не змог бы.
Гэта трэба было зрабіць, безумоўна, раней. Я за ўвядзенне канону, што 18 год — і, хлопец, ідзі, спрабуй жыць сам. Мне здаецца, што рабяты з рэгіёнаў, якія з’язджаюць у інтэрнаты, больш рвуцца да поспеху і больш дасягаюць у пэўным перыядзе. Яны больш галодныя.
«Мае аранжавыя красоўкі прадалі нейкім артыстам — ці ў цырку, ці то ў тэатры спатрэбіўся імпазантны абутак»
«НН»: Ты моднік?
ММ: Так. Мне падабаецца эстэтыка, калі нешта прыгожа выглядае. Падабаецца, напрыклад, заганяцца па кадру. Мне пасля інтэрв’ю з Чалым пісалі: трэба было надзець кашулю, каб вы былі на роўных. А я разумею, што ў мяне сваё бачанне.
У мяне праблема са спажываннем. Дзяцінства абмежаванае ў нас усіх было, не развіты мас-маркет, не тыя магчымасці ў сям’і, і калі ты сам пачынаеш зарабляць, першы час займаешся пераборам: купляеш усё, што ты бачыш. Плюс пачынаецца нейкая інерцыя, калі табе нешта дораць ці падганяюць. Таму раз на паўгода я ўсё чышчу, адпраўляю частку адзення ў «Бананавы фургон» (сэрвіс, які збірае і перапрадае непатрэбныя рэчы, а грошы з гэтага накіроўвае на сацыяльныя праекты — «НН»).
Я люблю стылёвы абутак. Нядаўна глядзеў серыял «Люпэн» на Netflix — яго можна глядзець толькі за тое, як галоўны герой носіць першыя «джорданы». Мне падабаецца фантазія, якую праяўляюць людзі, што Мінск становіцца прыгажэй — прынамсі да жніўня станавіўся. З’явіўся доступ да адзення, і многім западло выглядаць аднолькава. Цікава спалучаць дарагое і таннае, сёрфіць сэканд-хэнды.
Я кайфую ад таго, як адзенне можа памяняць чалавека. Сёння да вас збіраўся і разумею, што ў мяне ёсць моманты па чорным, паліто ад старызніка таксама прыкольнае. Апранаюся і бачу, што настрой стаў лепшы.
Я хутчэй буду чытаць часопіс GQ, чым [адзін тэлеграм канал]. Тым больш цяпер гэта добрая магчымасць выпасці з гэтай павесткі.
«НН»: Колькі ў цябе пар красовак?
ММ: Тут якая гісторыя. Cпачатку ты проста купляеш красоўкі, бо можаш гэта зрабіць. Пасля пачынаеш выбіраць. Памятаю, быў момант, калі я вельмі захапіўся тэмай снікерхэдства, стаў сядзець у пабліках і ў нейкі момант злавіў сябе на думцы, што спрабую замовіць чарговыя красоўкі. У мяне быў фэйл — я замовіў сабе аранжавыя красоўкі Nike (ці нават боты, бо яны высокія), прытым што мне не было з чым іх насіць. Згубіў вялікія грошы на іх, аддаў пасля рабятам знаёмым у краму. Яны прадалі іх нейкім артыстам — людзям ці то з цырка, ці то з тэатра спатрэбіўся такі імпазантны абутак.
Цяпер у мяне ў актыўнай носцы пар восем. І, напэўна, пар пяць ёсць тыпу да бабулі на лецішча з’ездзіць. Кеды яшчэ ёсць..
Першыя «джорданы» класічныя — пара абутку, якую сапраўды хачу купіць, але гэта дзікія грошы.
«НН»: Колькі?
ММ: На рэлізе яны будуць каштаваць $200-250, але на перапродажы цана моцна павысіцца. $200 — гэта псіхалагічны максімум, якія я магу заплаціць за красоўкі.
Абутак у мужчын павінен быць у парадку, як мне здаецца. І ўмець насіць і спалучаць яго — вельмі класна. Тым больш гэта самая даступная радасць: паглядзеў уніз — выдатна, прыгожа.
«Горшае, што ёсць у праекце «Жыццё-маліна», — гэта вядучы»
«НН»: Давай пра журналістыку. Самы складаны суразмоўца на тваю памяць?
ММ: Я раней пісаў пра футбол і часта параўноўваў Чыжа і Капскага. Гэта былі дзве асноўныя сілы ў беларускім футболе, і прытым што Капскі асацыяваўся з дабром, а Чыж са злом, і ў нас былі цёплыя адносіны з Капскім, мне было камфортней размаўляць з Чыжом, бо ён адказваў на твае пытанні. А Капскі заўсёды быў зацікаўлены ў стварэнні сваіх сэнсаў. Ён гарманічна ўводзіў цябе ад пытання і пачынаў казаць пра праграмныя рэчы, якія яму патрэбны былі.
У ютуб-праекце ўсе больш-менш размаўляюць. Але ў мяне вось якая думка: у нас жа няма паняцця вядомасці і папулярнасці. Мне здаецца, гэта дрэнна і кажа пра адсутнасць інтарэсу да ўнутранага рынку. І таму многія людзі, якія нешта ўяўляюць, дзіўна паводзяць сябе, калі прыходзяць на інтэрв’ю. Пачынаюць закрывацца, маўчаць. Гэту культуру трэба ствараць.
«НН»: Калі б выкладаў на журфаку, якія б тры парады для добрага інтэрв’ю даў?
ММ: Рыхтавацца. Не ў рэжыме «гадзінку пачытаю ў гугле», а тэлефанаваць сябрам, пачытаць папярэднія інтэрв’ю, каб адштурхнуцца, але пры гэтым не ствараць паўтораў. Праверыць тэхніку абавязкова, бо ў мяне пару раз злятала ўсё. І кайфаваць. Мне падабаецца, калі ў гутарцы адно выліваецца з іншага і я не абломліваю чалавека, трэба чапляцца за тэму. Пасля я дастану тэлефон, даб’ю нейкія пытанні. Таму парада — не надта быць залежным ад пытанняў, якія ў цябе падрыхтаваныя. Бо часам героі цытуюць самі сябе і не расказваюць нічога новага.
«НН»: А ты сам сябе камфортна адчуваеш на відэа?
ММ: Горшае, што ёсць у праекце «Жыццё-маліна», — гэта вядучы (цытата маіх аператараў). Я цудоўна разумею, што не тэлевізійны чалавек, у мяне лянівая губа верхняя, не хапае гукаў у роце, мне часам не падабаецца, як я сяджу. Але я працую з гэтым усім. Мне падабаецца варушняк. Калі стаіць святло, людзі бегаюць, і мы робім нешта вялікае. А адчуваю сябе, як у радзільні.
Я вельмі натхняюся усім гэтым. Такая тэрапія класная. Калі ты 4-5 гадзін без навін, цалкам у працэсе. Калі мы выпусцілі пілотны выпуск, да мяне Саша Івулін прыбег, які канал «ЧестнОК» вядзе, і такі: давай я цябе зафорсю крыху? Ён запісвае відэа, трымае GoPro, і яго так адрэналін б’е, што рука трасецца. І я думаю: а калі мяне так апошні раз калбасіла ад працы? Гэта ні ў якім разе не папрок майму «Анлайнеру», я працаваў з задавальненнем, але менавіта перадаргазменнага стану ў мяне не было даўно.
Тым больш ёсць рацыянальны момант: Беларусь — краіна незанятых ніш. І тут можа проста браць і спрабаваць рабіць па-свойму.
«НН»: Наколькі разумею, ты з «Анлайнера» звольніўся.
ММ: Не, не звольніўся. Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву за разуменне. Цяпер ва ўсіх медыя пасля жнівеньскіх падзей калегі калі не сваякамі сталі, то вельмі блізкімі прыяцелямі.
Я сумяшчаю. Працую ў відэааддзеле, раз-два на тыдзень пішу тэксты — гэта трымае мяне ў форме. Гэта важна, бо, як мне здаецца, пісьмо дапамагае, калі ты фармулюеш і структуруеш свае думкі.
Відэа мне вельмі цікава. Ты разумееш, што цяпер гэта тваё жыццё — нейкія здымныя пляцоўкі, пошукі лакацый, усе гэтыя пятлічкі, нагледжанасць. Мне пасля Чалага напісала калега: у цябе бачная база ад мікрафона. А мы перад гэтым заганяліся, што амерыканцы паказваюць усю ўнутранку, і адмыслова не хавалі. З такімі момантамі можна гуляцца, каб людзі нерваваліся не толькі наконт маёй чырвонай шапкі ў кадры, але і наконт мікрафона, каб прылятала плюс 50 каментароў.
«НН»: Канал прыносіць ужо грошы?
ММ: Не-а. У нас жа няма рэкламы. Пакуль працуем над гэтым. У нас быў шалёны рост першы сезон, мы ўзляцелі так, як не чакалі. У любым разе першая задача — паказаць рэкламадаўцу, што мы можам рабіць прыгожа.
«НН»: Па тваіх падліках магчыма нармальна зарабляць у беларускім ютубе?
ММ: Напэўна. Я хачу гэтага. Зарабляюць жа ў Расіі на гэтым неяк. Я разумею, што ў іх большая рэкламная база, але… Ёсць момант рамантычны. Мне нічога не гарантавана: умоўна, праз год я закрыю ютуб і буду спакойна пісаць навіны. Але трэба паспрабаваць цяпер.
У нас галоўны чалавек па праглядах — гэта А4, нас з ім нельга параўноўваць: там і іншы кантэнт, і працуе ён на рускую аўдыторыю ў асноўным. У нас 80-90 % публікі — беларусы, і гэты механізм камерцыйны можа спрацаваць, таму што ўмоўныя тэлефоны рускай публіцы будуць прадаваць рускія блогеры, а беларусам, магчыма, спатрэбяцца рабяты накшталт мяне. А калі што — прадам красоўкі і штосьці даздымаем.
«НН»: Скончу тваім пытаннем: жыццё — маліна?
ММ: Я вельмі хачу, каб жыццё было малінай, імкнуся да гэтага, імкнуся ў цяперашняй сітуацыі ўсяляк радавацца. Я пісаў восенню пост, што шчасце ў наш час — гэта таксама форма пратэсту.
Жыццё час ад часу — кусок г**на, але гэта яўна не нагода яго не любіць. І калі ты бярэш на сябе адказнасць, ты можаш зрабіць усё вельмі класна і кайфова.
Каментары