Чыркалі запалкамі і кідалі іх паміж ложкам і сцяной: у Астравецкім раёне ледзь не згарэў дом
Малалетнія дзеці засталіся без нагляду і ўчынілі пажар у доме. Здарэнне адбылося 22 снежня ў Індрубцы (Астравецкі раён), паведамляе Рэгіянальная газета.
У доме жылі гаспадыня, яе двое дзяцей дашкольнага ўзросту і яе брат. Сям’я стаяла на ўліку — знаходзiцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, яе неаднаразова наведвала назіральная камісія.
У нядзелю раніцай жанчына пайшла на працу на ферму, яе брат у гэты час спаў.
Дзеці прачнуліся і ўбачылі запалкі, якія ляжалі на бачным і даступным месцы. Яны чыркалі імі і кідалі паміж ложкам і сцяной. Тады і загарэўся дом.
Дзеці спалохаліся, абудзілі дзядзьку. Мужчына кінуўся заліваць агонь вадой, паведаміўшы пра пажар сястры, якая тут жа прымчалася на дапамогу. Разам яны каля гадзіны змагаліся з полымем і, толькі калі зразумелі, што не могуць патушыць, выклікалі выратавальнікаў.
У выніку пажару агнём пашкоджаны маёмасць у доме, сцяна, столь.
За гульні дзяцей з агнём дарослыя будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Каментары