Паэт Дзмітрый Строцаў заклікаў рускую культуру ў Беларусі да свядомага «самаўмалення» дзеля адраджэння беларускасці
«Кенозіс — задача рускамоўных у Беларусі».
У часы калі ў Расіі квітнее рускі шавінізм, рэзкім кантрастам прагучаў голас значнага рускамоўнага паэта з Беларусі Дзмітрыя Строцава.
На «Днях рускай кнігі і рускамоўных літаратур у Парыжы» ён двойчы паўтарыў наступныя тэзісы:
«Першае, пра што сёння трэба казаць, — гэта пра кенозіс рускай мовы ў Беларусі, пра кенозіс як пра ўсвядомленую задачу, аб новай мадэлі паводзін, аб самаўмаленні рускага ў сітуацыі памежжа, у сітуацыі сустрэчы з другой моўнай стыхіяй — беларускай, — 51-гадовы Дзмітрый Строцаў пераказаў змест сваіх выступаў у сябе ў фэйсбуку. — Неабходна забыцца пра якую-кольвек барацьбу за ўплыў, аб спаборніцтве, аб праявах «мяккай» сілы.
А сіла ёсць і вось якая: у дзевяноста выпадках са ста, камунікацыя з дзецьмі і падлеткамі ў беларускіх дзіцячых садках і школах вядзецца на рускай мове, ва ўсіх вышэйшых навучальных установах выкладанне вядзецца на рускай мове, амаль у ста выпадках тэлевізійнае і радыёвяшчанне — на рускай, газеты і часопісы — амаль усе на рускай, кнігі ў кнігарнях практычна ўсе на рускай мове.
Немагчыма паўплываць на камерсантаў, якія змагаюцца за рынкі, але мы, літаратары, павінны ўсвядоміць сваю адказнасць. З нашага папушчальніцтва, з-за нашых крыўдаў беларуская мова можа раптам знікнуць у Беларусі, як ужо адбылося з ідыш, які яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя быў адной з дзяржаўных моў у Савецкай Беларусі. Неабходна саступальная камунікацыя, уважлівая сустрэча з беларускай славеснасцю, неабходна актыўна перакладаць беларускіх аўтараў на рускую, прапагандаваць беларускую літаратуру, прыцягваць беларусаў да ўдзелу ў расійскіх праектах ўсюды, дзе толькі можна.
І мы павінны дапамагчы тым расейскамоўным аўтарам Беларусі, якія яшчэ не зусім адарваліся ад каранёў, перайсці з рускай на беларускую. Гэта годна, гэта па-хрысціянску, гэта — кенозіс. Нельга скнарнічаць», — падсумоўвае Строцаў.
Дзмітрый Строцаў — паэт-метафізік, сябар Беларускага ПЭН-Цэнтра, і выдавец (выдавецтва «Вінаград»). Праваслаўны вернік, ён выдае шмат непрыбытковай беларускамоўнай праваслаўнай літаратуры.
Кенозіс — гэта тэалагічны тэрмін, які азначае ахвярнае і прыніжанае сыходжанне бога ў свет, з любові да людзей, ад грэч. κένωσις — спусташэнне.
Сам Строцаў мае расейскія карані. Па прафесіі ён архітэктар, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Ён тата Андрэя Строцава.
Заклік Строцава да свядомага самаўмалення рускай культуры ў Беларусі, заклік да рускамоўных беларусаў вяртацца да мовы сваіх прашчураў — каштоўны маральны жэст, рэдкасны на планеце, дзе часцей адбываецца вайна культур.
Каментары