Гомельскія мытнікі знайшлі ў цягніку Кіеў — Санкт-Пецярбург кантрабандных пітонаў і малочных змей.
Рэптыліі былі знойдзеныя 28 студзеня ў пункце мытнага афармлення «Цяруха» Гомельскай мытні пры правядзенні кантролю пасажырскага цягніка.
Як паведамляе прэс-група Гомельскай мытні, правадніку аднаго з вагонаў было прапанавана правесці мытнае дэклараванне тавараў, якія яна перамяшчае цераз мяжу. Ад гэтай прапановы яна адмовілася, што было дакументальна зафіксавана. Пасля гэтага супрацоўнікі мытні прынялі рашэнне правесці агляд вагона.
У міжстолевай прасторы аднаго з купэ сярод схаваных ад мытнага кантролю прамысловых тавараў былі знойдзеныя жывыя рэптыліі. Гэта шэсць тыгравых пітонаў даўжынёй прыблізна 60-65 см, якім ад трох да шасці месяцаў, і шэсць малочных змей, якім прыблізна тры месяцы.
Падчас апытання грамадзянкі і з яе пісьмовых тлумачэнняў было ўстаноўлена, што жывёл і тавар яна ўтаіла ад мытнага кантролю, каб незаконна перамясціць цераз мытную мяжу і затым перадаць нібыта незнаёмым ёй людзям у Гомелі, Магілёве і Санкт-Пецярбургу.
Кантрабанда канфіскаваная, яе кошт складае прыкладна 73 млн рублёў.
Каментары