Моды

«Галоўнае — паводзіцца ўпэўнена і па баках глядзець, каб “бобік” міліцэйскі з-за кута не прыехаў»

Вулічны мастак Продак пра будучыню стрыт-арту ў беларускай правінцыі.

Ужо цэлы год з піянерскім запалам і будысцкім спакоем вулічны мастак Максім Самасевіч, таксама вядомы як Продак, упрыгожвае сцены Віцебска і Брэста сваімі знакамітымі птушкамі. Каб пабачыць іншыя працы майстра, паразважаць на тэму стрыт-арту за межамі Менска і дазнацца, чаму важна «сачыць за сваёй тэрыторыяй», мы адправіліся ў Віцебск, пасябравалі з мастаком і нават схадзілі з ім у некалькі рэйдаў.

Дзень першы. Птушкі

«Калі б чалавек 10–20 у Віцебску шчыльна заняліся стрыт-артам, камунальнікі б ніколі не справіліся»

Мы рушым у бок інтэрната ў адным са спальных раёнаў Віцебска. Тут нічога не нагадвае пра тое, што ў горада было нейкае жыццё да 1960-х гадоў. Міма праплываюць панэлькі, крамы, школы, дзіцячыя садкі і «Хутка-смачна» як цэнтр начной дзвіжухі — Шагал бы расплакаўся.

Крыху паблукаўшы па змрочных калідорах інтэрната, знаходзім патрэбны пакой і ныраем у логава Максіма Самасевіча — вулічнага мастака, які за апошні год упрыгожыў сваімі працамі палову сценаў Брэста і Віцебска.

Максім — 22-гадовы студэнт Віцебскага тэхналагічнага ўнівера, вучыцца на дызайнера. Нарадзіўся і вырас у Брэсце, дзе часцяком бывае, каб паесці мамінага баршчу і здзейсніць якую-небудзь стрыт-арт-дыверсію.

Наш сумесны план на наступныя дзве гадзіны: прайсціся па горадзе і наляпіць на сцены каля дзясятка рознакаляровых птушак. Каб не губляць часу, Максім хутка кладзе ў партфель увесь неабходны стаф: шпалерны клей у зялёнай клізме і дадатковую запраўку ў бутэльцы з-пад мінералкі, дзясятак папяровых птушак ды анучы, каб было чым выціраць рукі.

Усе птушкі намаляваныя на «крафце» — мастацкай версіі абгортачнай паперы. Максім у спрынтарскім тэмпе дэманструе фатографу, як з кавалка такой паперы атрымліваецца птушка, і паралельна дзеліцца сваімі думкамі наконт вулічнага мастацтва ў рэгіёнах.

«Не думаю, што стрыт-арт павінен рабіцца масавым. Бо колькасць рэдка перарастае ў якасць. Пары дзясяткаў хлопцаў, якія ўмеюць маляваць і не баяцца выходзіць на вуліцу, цалкам дастаткова,
— разважае Максім, малюючы контуры чарговай птушкі. — Калі б чалавек 10–20 у Віцебску шчыльна заняліся стрыт-артам, ніякія камунальнікі б не справіліся. Але пакуль гэтых дзясяткаў няма. Ёсць толькі адзінкі».

«Ты не падрыхтаваны да сустрэчы з мастацтвам, таму яно аказвае на цябе больш моцнае ўздзеянне».

На вуліцы сонечна, на гадзінніку 18:00. Увесь Віцебск вяртаецца з працы. Мы выходзім на шумнае скрыжаванне побач з універсітэтам імя Машэрава. Максім хутка намазвае клеем чырвоную птушку і становіцца на выступ, я прыціскаю яго да сцяны. Потым мы адыходзім метраў на дзесяць, намазваем цёмна-блакітную птушку і зноў паўтараем усе аперацыі. Ніхто з паўсотні чалавек, якія праходзяць за гэты час побач з намі, не кажа ні слова.

«Галоўнае — паводзіцца ўпэўнена, быццам ты нейкую штодзённую працу выконваеш, — вучыць Максім. — Ну, і па баках трэба глядзець, каб “бобік” міліцэйскі выпадкова з-за кута не прыехаў».

Год таму Максім пачаў наносіць свае працы на гарады. За гэты час ён пасяліў на брэсцкіх і віцебскіх вуліцах больш за сотню птушак ды пару дзясяткаў фальклорных прыгажунь і сівых дзядоў.
Да таго ж размаляваў каля дзесяці вялікіх сцен. Паверыць у такую прадуктыўнасць нескладана. Па-першае, па дарозе мы сустракаем шмат старых работ Максіма. Па-другое, рухаецца ён з хуткасцю чэмпіёна свету па спартовай хадзе. Пры гэтым заўсёды ідзе напралом — сцежак і тратуараў не прызнае: толькі чыстае поле, толькі хардкор!

«Стрыт-арт — гэта яшчэ і вельмі дасціпны спосаб трымаць сябе ў добрай фізічнай форме, — кажа будучы дызайнер, выцягваючы з кювету здаравеннае бервяно. — Чым вышэй павесіш працу, тым складаней камунальнікам і быдлу будзе яе сарваць. Таму ўвесь час даводзіцца шукаць і цягаць тое, на што можна стаць».

Паступова выходзім са спальнага гета ў гістарычны цэнтр. Колькасць птушак на дамах расце: у гэтым раёне Максіму больш падабацца ляпіць свае працы. Праходзячы міма дома супрэматыстаў, цікаўлюся, навошта наогул выходзіць на вуліцу, калі можна мірна працаваць у студыі і заваёўваць музеі суседніх краін?

«Вуліца — гэта больш цікавая размова з гледачом, чым музей, — тлумачыць Максім. — Ты не плаціш за квіток на вуліцу. Ты не чытаеш крытыкаў, калі ідзеш у краму ці на працу. Ты не падрыхтаваны да сустрэчы з мастацтвам, і таму яно аказвае на цябе больш моцнае ўздзеянне».

Мы хутка знаходзім месца жыхарства для яшчэ трох птушак і дамаўляемся сустрэцца заўтра, каб прыклеіць нешта больш маштабнае, чым папяровая птушка.

Працяг гісторыі чытайце па гэтай спасылцы.

Каментары

Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе19

Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе

Усе навіны →
Усе навіны

«Панёс такую лухту, што нават я здзівіўся». Кізім пракаментаваў заявы Лукашэнкі13

Алег Гайдукевіч заявіў, што будзе балатавацца ў прэзідэнты19

Якая з карцін Марка Шагала стала самай дарагой на апошнім аўкцыёне Christie’s

Мінздароўя б'е трывогу — высокатэхналагічнае абсталяванне для дзіцячых хірургаў у крытычным стане3

Што ў беларускай эканоміцы добра, а што можа выбухнуць? Адказвае эканаміст4

У Будславе разбіраюць унікальны алтар з ілюзорнай перспектывай, якой падманвалі гледача найвялікшыя дойліды Рыма2

«Машы трэба ратаваць сваё жыццё». Сястра Калеснікавай адрэагавала на ўчарашнія словы Лукашэнкі8

Мелатанін дапаможа заснуць, але ёсць нюансы4

Партугалія адмовілася выдаваць гуманітарныя візы, нягледзячы на ранейшую згоду7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе19

Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе

Галоўнае
Усе навіны →