Общество

Белорус из Прибайкалья Олег Рудаков вернулся на родину и спустя 35 лет заново обживается в родительском доме

Бывший военный, историк, этнограф, один из наиболее известных деятелей белорусской диаспоры Олег Рудаков вернулся на родину. Обживается в родительском доме, который покинул 35 лет назад. Об этом репортаж «Радыё Свабода» из деревни Бездедовичи Полоцкого района.

Гаспадар за звыклым зімовым заняткам — сячэ калуном тоўстыя альховыя круглякі. Каб у дзедавай хаце было цёпла, печы мусяць быць загружаныя. Папоўніўшы дрывотню, узяў рыдлёўку і рушыў на гарод — прадэманстраваць, як даўней беларусы карысталіся прыроднай лядоўняй. Адкінуўшы сьнег і цырату, накапаў вядро сьвежай морквы.

«Некалі ганялі ў поле чатыры статкі, а цяпер адна карова на ўсё навакольле»

У родныя Бязьдзедавічы Алег Рудакоў прыехаў не адзін. На кухні завіхаецца маладая жонка. У канцы мінулага году ў Іркуцку пабраўся шлюбам з магістаркай псыхалёгіі Воляй Галанавай — паплечніцай і партнэркай у справе беларушчыны, якой яны ахапілі ўсё Прыбайкальле. І яна, і яе бацькі нарадзіліся ў Сібіры, а вось прабабчына і прадзедава лініі бяруць пачатак на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Драматычную гісторыю яе сям’і Свабода расказвала.

У той час, як беларусы масава зьяжджаюць з прычынаў няўпэўненасьці ў будучыні, адваротная рэлякацыя, ды яшчэ з паляпшэньнем дэмаграфічнай сытуацыі, здаецца не зусім своечасовай. Алег Рудакоў з гэтым ня згодны.

«Першае і самае галоўнае: я марыў вярнуцца з таго самага моманту, як адсюль зьехаў. Калі жыў у Цюмені, потым у Іркуцку, разважаў так: адной нагой я ў Сібіры, але другой усё ж у Беларусі. Нават не ўзьнікала такога пытаньня — будуць для гэтага ўмовы ці нешта не складзецца. І вось я тут, дакладней мы, — усьміхаецца ён. — Быў даўнейшы плян. Ну, і сямейныя абставіны прысьпешылі: пагоршыўся стан здароўя маці, трэба быць бліжэй, не за 6 тысяч кілямэтраў. А самае галоўнае — гэта мая радзіма, і я хачу тут жыць».

Вёска Бязьдзедавічы некалі была шматлюднай і складалася з двух «канцоў»: гістарычная частка вакол маёнтку паноў Корсакаў — і новая, заснаваная з пачаткам калектывізацыі. Цяпер бальшыня дамоў у лепшым выпадку выкарыстоўваюцца як лецішчы, а то і проста стаяць занядбаныя.

«Неяк сабраліся з хлопцамі і вырашылі палічыцца: колькі ж нас? — згадвае падлеткавую пару Алег Рудакоў. — 43 толькі майго ўзросту! Гэта без старэйшых і малых, ну і безь дзяўчат. Жыцьцё было вельмі насычанае: ганялі на мапэдах і роварах, гулялі ў валейбол і хакей. Тое самае з жыўнасьцю. У маё дзяцінства былі чатыры чарады кароў па 30—40 галоў у кожнай! А цяпер на ўсё навакольле — адна карова! Моладзі няма, старыя паміраюць. На жаль, шмат якія хаты пустуюць, або пакуплялі чужыя людзі пад лецішчы. Пастаянна жывуць літаральна адзінкі».

«Апантаны задумай зрабіць музэй-майстэрню і назваць «Сядзіба Рудаковых»»

Апошнім часам без належнага догляду стаяў і дом Рудаковых. Бацькі ня стала ў 2013-м; маці трымалася да апошняга, але цяпер адна не ўпраўляецца, і на зіму яе забіраюць унукі. Брат і сястра маюць жытло ў Полацку, хату выкарыстоўваюць больш як склад для рэчаў, якія шкада выкінуць, бо «могуць яшчэ спатрэбіцца». Ну і, безумоўна, карыстаюцца садам — тут яблыкі, дулі, іншая садавіна.

Дзеля справядлівасьці, з прыездам новых гаспадароў «сховішча» стала яшчэ большым. Паўсюль у некалькі паверхаў запакаваныя кардонныя скрынкі. Адных толькі кніг Алег прывёз больш за 5 тысяч (бадай, столькі ж пакінуў у Іркуцку), ня кажучы пра рарытэты, здабытыя ў этнаграфічных экспэдыцыях. Самы каштоўны — саламяная лялька, якую беларуская сям’я прывезла ў Сібір звыш 100 гадоў таму падчас аграрнай рэформы Сталыпіна. І вось празь векавое кола цацка вярнулася на радзіму.

Пасьля навядзеньня парадку Алег Рудакоў зьбіраецца рэалізаваць амбітную задуму.

«Так склалася, што ў хаце, дзе я нарадзіўся, няма гаспадара. Брат і сястра маюць кватэры, у іх свае сем’і, і наш дом застаўся бяз догляду. Я мару ня проста яго адрамантаваць, а зрабіць гэткую музэй-майстэрню і назваць, як варыянт, «Сядзіба Рудаковых». Ці, магчыма, адкрыць аграсядзібу. Вось цяпер вычышчаем і знаходзім такія ўнікальныя экспанаты, што дух захоплівае. Тыя ж дзедавы збаны, чыгунная ступа драбіць крупы, куфар са скарбнічкамі. З радасьцю вяртаюся на Бацькаўшчыну, думаю, нешта яшчэ ўчыню. Я ж яшчэ малады!», — выпраменьвае ён аптымізм.

Уладаньні сапраўды дазваляюць разгарнуцца — гектар зямлі з выхадам да лесу, вялікі сад і нават уласная сажалка. За гады закінутасьці тэрыторыя прыкметна зьдзічэла; як вынік, панадзіліся аб’ядаць маладыя дрэвы зайцы, сьледам падцягнуліся казулі, а за імі лісы. Ну, і суседзі, якія павылоўлівалі з сажалкі рудакоўскіх карасёў. Цяпер гаспадар повен рашучасьці навакольле акультурыць.

Ёсьць дзе прыкласьці руку і ў шматлікіх катухах, якія туляцца на панадворку: вызваліць з-пад друзу ў гаражы старэнькі «Масквіч», музэефікаваць скляпаны яшчэ бацькам трактарчык, прывесьці да ладу студню і ганак. А яшчэ нават не пачалі абсьледаваць гумно і пуню!

Натуральна, выходзіць Алег і на гасьцінец, каб аднавіць страчаныя сувязі з аднавяскоўцамі.

«Наладжваю стасункі. Наведаўся да цудоўнага дзядзькі Сяргея Казлова, ён тата маіх сяброў Валеркі і Ваські. Зь імі яшчэ ня бачыліся, але прывітаньне перадаў. Абмяняліся нумарамі тэлефонаў, сказаў, што вярнуўся, будзе весялей. Сяргей Мікалаевіч засьмяяўся: «Ну, з табой не засумуеш. Памятаю, як тут шабуршэў!» Мяне сапраўды ўспрымалі за лідэра. У нас не было інтарэсу да выпіўкі: займаліся спортам, я капітаніў у валейбольнай камандзе, меў свае сетку і мяч, арганізоўваў міжвясковыя чэмпіянаты. Купіў касэтны магнітафон. Іншым разам пойдзем на танцы, дык калі я ёсьць, будзе і дыскатэка, бо з «апаратам». А не — дык і няма, сумуюць».

«Калі камуністы заганялі хутаранаў у калгас, дзед трымаўся да апошняга»

З роднымі Бязьдзедавічамі ў Алега Рудакова непарыўна зьвязаныя першыя 17 гадоў біяграфіі. Цяпер яму 52. Жылі вялікай і тады яшчэ дружнай сям’ёй — бацькі, старэйшы брат, малодшая сястра. Хата ўмоўна падзеленая на «старую» і «новую». Першыя бярвёны паклаў дзед яшчэ ў 1930-я. Пазьней бацька зрабіў прыбудову і вэранду. Апошні пакойчык у 1980-м дапамагаў дабудоўваць Алег, спасьцігаючы гэтак навуку цесьляра.

«Дзеда я не застаў, як і бабулю, — расказвае ўнук. — Адпачатку яны жылі на хутары, мелі вялікую гаспадарку. А як пачалася калектывізацыя, прыйшлі камуністы: давайце ў калгас. Дзед іх паслаў. Другі раз — тое самае. Нават калі трэці раз прыгразілі вывезьці ў Сібір, не паддаўся і тады. Аднойчы ўсё ж прасачылі, як ён пайшоў у лес, сабралі брыгаду з набрыдзі — тыя раскідалі дах ды зьвезьлі ў камуну. Урэшце давялося перасяляцца ў пасёлак, куды зганялі хутарскіх. Набыў зруб у суседнім Сенькаве, і вайну перажылі ўжо тут. Яго, дарэчы, не мабілізавалі, быў цяжка паранены ў Першую сусьветную, цягнуў нагу».

Заадно Алег Рудакоў пераказаў мясцовую легенду, чаму вёска мае такую незвычайную назву. Паводле тутэйшых, вакол маёнтка Корсакаў былі пабудовы для парабкаў, якія трымалі ў парадку палацык, жывёлу, пасевы. І пан стараўся, каб усе былі маладыя, здаровыя, працаздольныя. Як толькі работнік старэў, асабліва не цырымоніліся — разьлічвалі і выстаўлялі. Вось адсюль і пайшло: няма дзядоў, адны маладыя. Адпаведна, Бязьдзедавічы…

Калі Алег канчаў школу, адкрывалася шмат шляхоў. Настаўнік гісторыі раіў гістфак Віцебскага пэдынстытуту: маўляў, з такой уедлівасьцю ў прадмет там самае месца. Шчыравалі фізрук на пару з трэнэрам. Паколькі хлопец прафэсійна займаўся валейболам, агітавалі, што факультэт фізычнага выхаваньня ў Берасьці дасьць пуцёўку ў вялікі спорт. Калгасны аграном «спакушаў» новым трактарам і жыльлём — яшчэ падлеткам хадзіў памочнікам камбайнэра, працаваў на зернетаку. І быў ваенрук, які не сумняваўся, што ягоны «курсант» мае талент да вайсковай справы.

У выніку перамог юнацкі максымалізм, кажа Алег Рудакоў. Паступіў у вайсковую вучэльню інжынэрных войскаў у Цюмені. Ад 1989-га цягам наступных 5 гадоў служыў афіцэрам, быў разьмеркаваны ў Іркуцк камандзірам узводу ракетнай часткі. Калі пачаў развальвацца Саюз, падаў рапарт, каб перавесьціся на радзіму. Адмовілі на той падставе, што ў Беларусі масавыя скарачэньні, выводзяць ракетныя войскі, сваіх няма куды падзець.

А ў Сібіры, наадварот, быў дэфіцыт кадраў. Так і зрабіўся беларус Рудакоў спачатку расейскім афіцэрам, а пасьля і грамадзянінам Расейскай Фэдэрацыі.

«Спаслаліся на адсутнасьць ныркі і звольнілі «па абмежаваным стане», бяз пэнсіі»

У першай палове 1990-х пачаліся праблемы са здароўем, перастала працаваць адна нырка. Лекары пераконвалі, што яе не было ад нараджэньня, і на гэтай падставе звольнілі праз «абмежаваны стан здароўя бяз права пэнсіі». Потым, праўда, высьветлілася, што нырка ўсё ж была, але за час службы чамусьці «сапсавалася».

Вярнуцца дадому не далі эканамічныя прычыны. Грошы трымаў у банку, а той «згарэў» разам з усімі назапашваньнямі. Давялося стварыць у Іркуцку сваю «малую Беларусь», паўжартам кажа Алег Рудакоў.

Атрымаў цывільную адукацыю, вучыўся адразу ў дзьвюх іркуцкіх ВНУ. Скончыў эканамічны факультэт тэхнічнага ўнівэрсытэту і шэсьць гадоў вучыўся на гістарычным факультэце дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У гэты час захапіўся беларускай справай: шукаў у архівах зьвесткі пра добраахвотных і вымушаных перасяленцаў, наведваўся з этнаграфічнымі экспэдыцыямі ў заснаваныя беларусамі вёскі Прыбайкальля, дакумэнтаваў матэрыяльныя і культурныя скарбы, арганізоўваў сьвяты ў аўтэнтычным стылі.

У 1996-м стварыў і наступныя 17 гадоў узначальваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) — адну з самых актыўных у Расеі беларускіх суполак. У 2013-м добраахвотна перадаў кіраваньне новаму актыву, спасылаючыся на тое, што нават «выбітнаму і вельмі разумнаму» доўга заседжвацца на пасадзе старшыні нельга, пачынаецца застой. А на наступны год і зусім выйшаў з ІТБК, бо колішнія аднадумцы жадалі ўжо весьці справы па-свойму.

Каб не рабіць канфліктаў, Алег Рудакоў напісаў заяву. Сьледам за ім выйшаў амаль увесь склад моладзевага клюбу «Крывічы» на чале з кіраўніцай Воляй Галанавай.

«Як ні стараўся, расколу пазьбегнуць ня здолеў, — дагэтуль перажывае ён. — Сабраліся разам, паразважалі. Вырашылі працягнуць культурна-асьветніцкую працу ў межах «Крывічоў» — на карысьць яднаньня беларусаў Іркуцкай вобласьці. Хоць цяпер працаваць давялося ў канкурэнцыі з былымі паплечнікамі, якія засталіся ў ІТБК. Але зноў жа: была адна суполка, а стала дзьве — і беларускіх спраў удвая паболела! Неўзабаве арганізацыя зьмяніла статут і стала «дарослай»: Іркуцкае гарадзкое грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі клюб «Крывічы»». Склаўся моцны актыў, пачалі працаваць на беларушчыну».

«Прашчуры адсюль зьехалі, цяпер хоць праўнукі павінны пачаць вяртацца»

Кожны месяц «крывічане» арганізоўвалі старадаўнія беларускія сьвяты, вандравалі па вёсках перасяленцаў, зьбіралі аўтэнтычны фальклёр, праводзілі рэпэтыцыі ансамбля песьні і заняткі па танцах, кожную нядзелю ладзілі адкрытыя ўрокі беларускай мовы, запрацавалі сэкцыі рамёстваў і г. д. Іншым разам іркуцяне дзівіліся: няўжо гэта ўсё на аматарскіх асновах, без акладаў ды заробкаў?

Воля Галанава — адна з «рэкрутаваных» у беларускую справу. Менавіта Алег Рудакоў дапамог ёй усьвядоміць сваю беларускасьць, а зь цягам часу дзяўчына раскапала і свае сапраўдныя карані. Кажа, што ад першага прыезду на гістарычную радзіму 10 гадоў таму ў рамках праграмы беларусаў замежжа на «Славянскім базары» займела запаветную мару — вярнуцца на зямлю продкаў. А цяпер яе ажыцьцявіла.

А як паставіліся да пераезду сямейнікі? Яе бацькі, два браты і сястра лічаць сябе расейцамі. Воліна захапленьне беларускай радаслоўнай доўгі час наагул не прымалі ўсур’ёз. Пакуль яна не паставіла ўсіх перад фактам.

«Як, куды, навошта? — рэакцыя была прыблізна такая, — успамінае Воля. — Тлумачу ім: нашыя прашчуры адсюль зьехалі, цяпер хоць праўнукі павінны пачаць вяртацца. Дарэчы, да бешанковіцкай вёскі, адкуль маю прабабку Варвару зьвезьлі 8-гадовай дзяўчынкай, крыху больш за 100 кілямэтраў. Таму я на сваёй радзіме, мне тут вельмі камфортна… Натуральна, у бацькоў быў страх. Гэта ж не ў суседні горад зьехаць, другі канец сьвету. Я не змагу наведваць іх у выходныя, прыяжджаць на сямейныя сьвяты. З усьведамленьнем гэтага няпроста зьмірыцца. Але я дарослы чалавек, сама выбіраю, як далей будаваць сваё жыцьцё».

Як псыхоляг Воля працягвае працаваць з кліентамі ў Расеі і за яе межамі дыстанцыйна — балазе сучасныя тэхналёгіі дазваляюць гэта рабіць нават зь беларускай вёскі. Ня траціць сувязі і зь сябрамі па «Крывічах» — бывае, нават даводзіцца прасьпяваць проста ў манітор.

«Як толькі адчуеш свае карані, яны абавязкова паклічуць вярнуцца на радзіму»

Ці падштурхнула ўзбуйненьне сям’і да хутчэйшага вяртаньня? Магчыма, пры іншым раскладзе Алег Рудакоў і далей знаходзіў бы прычыны, каб адтэрмінаваць радыкальны крок, пра які марыў апошнія 30 гадоў.

«Гэта здарылася б у любым выпадку, — катэгарычны ён. — Вельмі доўга з Воляй разам шчыравалі на карысьць беларускай культуры, нашае прыцягненьне з кожным годам узмацнялася. Безумоўна, мы б пажаніліся. Але ўсё разам супала, і нейкія працэсы тым самым прысьпешыліся. У Беларусь мяжа закрытая, Волю проста так не ўпусьцілі б — дарэчы, і так ня вельмі хацелі, бо ня блізкая сваячка, ледзь заехалі. Давялося рыхтаваць паперы, што маці інвалід І групы і ў кепскім стане. То бок гэта не спантаннае рашэньне, усё ішло да такой разьвязкі. Асабліва калі вырашылі, што разам будзе весялей».

Зрэшты, яны былі ня першымі іркуцкімі вяртанцамі. Яшчэ раней тут зьявіўся Рудакоў-малодшы. Пасьля школы Аляксей, сын ад першага шлюбу, самастойна прыняў рашэньне пераехаць на бацькаву радзіму, паступіў у Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, быў адным зь лепшых на курсе. Яшчэ студэнтам пачаў працаваць у сфэры праграмаваньня, зарабляў сабе на жыцьцё, наймаў кватэру. Пачынаў у Віцебску, цяпер на высокіх пазыцыях у кампаніі Epam. Як кажа Алег, паколькі Лёша рэалізаваў мару пра Беларусь нават хутчэй за яго, гэта стала яшчэ большым стымулам да вяртаньня.

«Кожны, хто некалі зьехаў, мусіць вярнуцца на радзіму, — перакананы ён. — Калі адчуваеш свае карані, яны цябе абавязкова паклічуць. У нас такая вялікая тэрыторыя, а пражывае крыху за 9 мільёнаў, зусім мала. Вунь колькі месца: прыяжджайце, жывіце! Трэба аднаўляць наш край разам… Так, па сабе ведаю, наколькі складана адважыцца на такі крок. Але ў нейкі час прыходзіць разуменьне: далей вагацца немагчыма. Таму ўсё абрэзаў, нічога ў Іркуцку не засталося, акрамя сяброў і імя — дагэтуль запрашаюць на пасяджэньні ў адміністрацыю, на прынагодныя сьвяты. Я ўжо ім пішу, што ўсё, не магу… І наогул у мяне яшчэ ноч».

Дарэчы, да беларускіх начэй у Алега асаблівы піетэт. Кажа, знарок прачынаецца і выходзіць на вуліцу, каб атрымаць асалоду ад празрыстасьці паветра і неба. Кажа, што ў Сібіры ночы чорныя як сажа, а ў Бязьдзедавічах можна любавацца ўласным ценем ад месяца.

Цяпер у Алега і Волі будзённыя клопаты, найперш зьвязаныя зь легалізацыяй. Паколькі абое маюць расейскія пашпарты, для пачатку трэба атрымаць дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі. Гэта вымагае езьдзіць у Полацак і Менск, пераадольваць розныя бюракратычныя працэдуры. Калі гэты этап застанецца ў мінулым, можна будзе заняцца працаўладкаваньнем і вяртаньнем да культурнай актыўнасьці.

Таксама Алег Рудакоў зьбіраецца шчыльней засяродзіцца на навукова-дасьледніцкай дзейнасьці, паказваючы новыя беларускія старонкі ў асваеньні сібірскіх рэгіёнаў.

Комментарии

Что записано официальной причиной смерти единственного сына Ермошиной?8

Что записано официальной причиной смерти единственного сына Ермошиной?

Все новости →
Все новости

В Пружанском районе выстрелом из винтовки смертельно ранен охотник4

В агрогородке под Молодечно из-за перебоев с электричеством загораются отопительные котлы?6

В какие европейские страны ездили белорусы в 2024 году?3

Азербайджанский депутат: Россия должна извиниться за атаку на самолет Баку — Грозный10

Разведка Южной Кореи: ВСУ взяли в плен северокорейского солдата2

Халезин: «Беляцкий — хороший кандидат в президенты. Он такой человек, который хотел бы созерцать Беларусь»9

«Почему она бесится? Мужика давно не было!» ОНТ показало комедию собственного производства. Насмешит вас только концовка19

Бразильский язык, аргентинские креветки и белорусские огурцы. Какие цены в предновогоднем Минске?

Глава ВОЗ не может покинуть Йемен из-за израильских авиаударов. Один из них едва не попал в него самого

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Что записано официальной причиной смерти единственного сына Ермошиной?8

Что записано официальной причиной смерти единственного сына Ермошиной?

Главное
Все новости →