«Ян Павел ІІ: Папа, які быў са сваім народам на шляху да свабоды». Артыкул пасла Польшчы Артура Міхальскага
18 мая спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Папы Яна Паўла ІІ. Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі даслаў у «Нашу Ніву» з гэтай нагоды свой артыкул. Ён пісаў яго не як дыпламат, а як сведка і ўдзельнік тых гістарычных падзей, якія былі звязаныя з абраннем першага папы-славяніна.
Вечар 16 кастрычніка 1978 года быў вечарам здзіўлення і радасці. Тады не было мабільных тэлефонаў, інтэрнэту, сацыяльных сетак, і ўсё роўна не было, бадай, ніводнага чалавека ў Польшчы, да якога не дайшла ў гэты вечар ашаламляльная навіна — кардынал Караль Вайтыла, архіепіскап Кракаўскі, стаў папам рымскім. Гэта навіна перадавалася з вуснаў у вусны, у чэргах, у аўтобусах, у трамваях. Людзі хутчэй вярталіся дадому, каб уключыць тэлевізар. Гэта не было грамадскае тэлебачанне, гэта было дзяржаўнае, партыйнае тэлебачанне, якое дзесяцігоддзямі карміла грамадства догмамі сацыялізму, які называўся прагрэсам, якое свабодны свет, свет свабодных еўрапейскіх народаў паказвала як гнілы Захад, якое змагалася са светам хрысціянскіх каштоўнасцей, якое насуперак перакананням большасці грамадзян усхваляла свет без Бога, дзе панавала ідэалогія, навязаная палякам насуперак іх волі, супярэчная з іх традыцыямі і гісторыяй. Аднак…
Аднак у гэты вечар нават кантраляванае камуністычнай партыяй тэлебачанне прызнала, што гэта не той момант, калі можна змагацца з народам, што гэта момант, калі ўсе адчуваюць гонар, нават прадстаўнікі навязанай улады. Нечакана была зменена праграма, гэты вечар быў прысвечаны адной тэме, у гэты вечар мы адчулі ў Польшчы супольнасць, мы сядзелі перад тэлевізарамі, глядзелі на тое, што адбывалася ў Рыме, на Караля Вайтылу на балконе, ужо папу рымскага Яна Паўла ІІ, які вітаў натоўп на плошчы Святога Пятра, і запомнілі гэты вобраз: раскрытыя абдымкі і яго заклік: «Не бойцеся шырока расчыніць дзверы Хрысту». Такі заклік быў глыбока евангельскім, але ў свеце, у якім мы тады жылі, больш за 40 год таму, калі ўлада лічыла нармальным панаваць над сумленнем людзей, якая нахабна ўрывалася ў прастору свабоды сумлення чалавека, у сямейнае і грамадскае вымярэнні нашага жыцця, быў заклікам, які меў рэвалюцыйнае адценне, меў палітычнае вымярэнне.
Чытайце таксама: «Мы, славяне, тысячу гадоў чакалі свайго папу, дык нашто ж я тут сяджу?!» Ян Павел ІІ і беларусы
Рэвалюцыйнае, але мірнае, рашучае, але пазбаўленае насілля. І так ужо засталося на гады ў нашым польскім успрыманні, што словы яго казанняў, прамоў мы чыталі і ў палітычным сэнсе, мы бачылі, што яго словы патэнцыяльна здольны злучыць у адзін струмень наша імкненне да свабоды і незалежнасці, права на фарміраванне нашага жыцця згодна з нашымі перакананнямі і традыцыямі. Насамрэч навучанне Яна Паўла ІІ мела перш за ўсё рэлігійнае, духоўнае вымярэнне, палітычны пасыл не быў асноўным. Але кантэкст, у якім мы жылі, у дзяржаве з навязаным нам звонку ладам, у дзяржаве, дзе ігнараваліся асноўныя свабоды, правы чалавека, нават фундаментальныя ісціны мелі палітычнае вымярэнне. Бо чым менш было індывідуальнай і грамадскай свабоды, тым большая частка нашага жыцця, нашых паводзін, пазіцый набывалі палітычнае вымярэнне.
Пасля першых хвілін душэўнага пад’ёму, гонару, прыйшоў час роздуму, час працы, доўгая ўверцюра да вялікіх перамен, грамадскіх, палітычных, але перш за ўсё перамены сэрцаў, расло пачуццё нацыянальнай супольнасці, якая мае права жыць згодна з уласнымі ўяўленнямі, якая можа сказаць «не» навязанаму чужой ідэалогіяй парадку, якая мае права будаваць сваю будучыню як свабодны народ, у свабоднай дзяржаве, якая мае права адчуваць сябе часткай супольнасці свабодных еўрапейскіх народаў. Так я адчуваў настрой тых дзён, складана было канкрэтна ўявіць, да чаго гэта ўсё прывядзе, але подых свабоды, гордасці і радасці мы ўжо адчувалі ў сваіх сэрцах. Ужо было вядома, што не будзе так, як было раней, што гэта падзея — гэта толькі пачатак перамен, вялікіх перамен. Такім я запомніў той памятны вечар 16 кастрычніка 1978 года.
Ужо праз паўгода Ян Павел ІІ да нас прыехаў — у чэрвені 1979 года ён наведаў сваю радзіму.
У Варшаве было цудоўнае надвор’е, самалёт італьянскіх авіяліній прызямліўся ў аэрапорце «Акенце». З’явілася белая постаць чалавека, які, узняўшы рукі, прывітаў сваіх землякоў, а пасля, схіліўшыся ў глыбокім паклоне, пацалаваў родную зямлю. Пазней ужо на адкрытай платформе грузавіка Ян Павел ІІ ехаў па сонечных вуліцах сталіцы і вітаў вялізны натоўп людзей, якія віталі яго.
Гэты натоўп сапраўды быў вялізны. На працягу дзесяцігоддзяў людзей заганялі на розныя грамадскія акцыі, на першамайскія дэманстрацыі, прымушалі ўдзельнічаць у іх, як у школах, так і на працы, і, нягледзячы на гэта, многія не прыходзілі. А тут ніхто нікога не прымушаў, а быў натоўп, спантанны натоўп. Тэлебачанне, якое перадавала ўрачыстасць з плошчы Перамогі ў Варшаве, адчувала сябе вартаўніком афіцыйнай ідэалогіі. Яно рабіла, што магло, каб паказаць пераважна пажылых людзей, жанчын, святароў. Панарамных ракурсаў не было. Кадры старанна падбіраліся, аднак падмануць рэчаіснасць не атрымалася, людзі, якія ў той час былі на плошчы, ведалі — мы ўсе там былі: і святары, і звычайныя грамадзяне, жанчыны і мужчыны, моладзь і дзеці, быў народ. Я помню, як нехта тады сказаў: паглядзі… бачна, дзе народ, а дзе ўлада…
Менавіта гэтаму натоўпу Ян Павел ІІ адрасаваў сваё казанне, згадваючы гісторыю народа, пакуты Варшавы, і якраз у канцы гэтага казання прагучалі славутыя словы, якія часта цытуюць: «Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі». Гэта сказаў не толькі папа рымскі, а сказаў менавіта гэты папа рымскі, на гэтай зямлі, першы папа рымскі — славянін. Гэта сказаў папа рымскі, які паходзіў з краіны з-за жалезнай заслоны, які ведаў нашу рэчаіснасць і хацеў, як і ўсе мы, прысутныя ў цэнтры Варшавы, як мільёны тых, хто сабраўся перад тэлевізарамі, вялікіх перамен, проста свабоды.
У рэшце рэшт гэта сказаў папа рымскі — літаратар і акцёр, які выдатна разумеў прыгажосць і сілу сказанага слова. І гэтыя словы сталі прарочымі. Мінула менш за год, і ў Польшчы распачаліся забастоўкі, была створана «Салідарнась», людзі сказалі «досыць», але гэта не было «досыць», спалучанае з агрэсіяй і насіллем, хоць гэта было рашучае «досыць». І хоць першая «Салідарнась», першы легалізаваны ў камуністычным свеце прафсаюз праіснаваў як легальны толькі паўгода, калі ён у снежні 1981 года быў жорстка задушаны разам з увядзеннем ваеннага становішча, ужо было вядома, што шлях да аднаўлення гэтай зямлі відавочны, дарогі назад ужо няма, гэта можа быць складаны, доўгі, поўны пакут шлях, але дарогі назад ужо няма. Зняволеныя дзеячы «Салідарнасці», іх сем’і, людзі, якія адразу пачалі супраціўляцца, сышоўшы ў падполле, і вялікія, вялікія групы насельніцтва ўважліва слухалі тады голас з Ватыкана, голас свайго папы рымскага — земляка. І гэты голас быў голасам у абарону прыгнечаных, даваў суцяшэнне, надзею, дадаваў адвагі. Гэту падтрымку народ адчуваў увесь час, у тым ліку і падчас чарговых візітаў Яна Паўла ІІ на радзіму.
У 1987 годзе ў Гданьску, адкуль падзьмуў вецер перамен, у калысцы «Салідарнасці», ён звяртаўся да вялікага натоўпу: я гавару «Вам, але і за Вас», таму што ўсё яшчэ панавала камуністычная ўлада, усё яшчэ не было свабоды слова. Я помню, як яго голас рэхам адбіваўся ад жылых дамоў у гданьскім раёне Заспа. Тады ён таксама гучна прамовіў слова, якое зненавідзелі ўлады і якое так паважаў народ, — Салідарнасць. Яго словы выклікалі шквал апладысментаў, якія доўга не сціхалі. Я помню сцягі, транспаранты, якія ўзносіліся над натоўпам, нібыта хвалі Балтыйскага мора.
Тут, у Гданьску, да моладзі, якая сабралася на Вестэрплатэ, дзе 1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, ён сказаў: «Вы павінны патрабаваць ад сябе, нават калі іншыя не будуць патрабаваць ад вас». Гэтыя словы знайшлі і працягваюць знаходзіць водгук у сэрцах моладзі, гэта быў заклік высока падняць планку, гэта зноў былі словы, якія проста заклікалі да маральнага аднаўлення, да фарміравання характару маладых, але ў той час гэта былі таксама словы, якія неслі ў сабе моцны палітычны зарад: не згаджайцеся з усім, што вам падсоўвае ўлада, думайце крытычна, вучыцеся, майце ўласнае меркаванне, самі распараджайцеся сваім жыццём, у вас ёсць права будаваць свабодную, незалежную радзіму сваіх мар, у вас ёсць права свабодна развівацца, ісці ўласным шляхам.
1989 год, таксама чэрвень — праз 10 год пасля памятнага першага візіту Яна Паўла ІІ у Польшчу і таго памятнага закліку да Святога Духа, змянілася аблічча гэтай зямлі. У Польшчы адбыліся першыя ў гэтай частцы свету, за жалезнай заслонай, часткова свабодныя парламенцкія выбары — усё, што можна было выйграць, «Салідарнасць» выйграла, падтрымка грамадства была пераважнай і адназначнай — гэта ўжо быў вялізны крок на шляху да свабоды. На гэтым шляху з’яўляліся новыя выклікі, таму што свабода — гэта выклік і гэта няпросты шлях, але ў Польшчы заўсёды было адчуванне, што мы не пакінуты на волю лёсу, што на гэтым шляху нас суправаджаў Ян Павел ІІ, які пракладваў нам шлях да жаданай свабоды.
Мінула дакладна 100 год з таго дня, калі ён нарадзіўся 18 мая 1920 года ў Вадавіцах каля Кракава. Ён перажыў жахі Другой сусветнай вайны, складаную эпоху камунізму, балюча перажываў адсутнасць свабоды, засілле прапаганды і хлусні, замоўчванне праўды. Ён імкнуўся да пераадолення падзелу — і паміж людзьмі, народамі, цэрквамі, і палітычнага. Ён заклікаў да адзінства і Еўропы, і хрысціян, асабліва Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў, а таксама людзей розных культур і канфесій. З гэтым пасланнем ён ездзіў па свеце, наведаў 129 краін, хацеў прыехаць і ў Беларусь…
Комментарии