За хвіліну да адпраўлення цягніка з Гомеля на прыступцы стаіць правадніца і паказвае жоўты сцяжок.
«Жоўты — значыць, што ўсе пасажыры на месцах, што ўсё спраўна, што мы гатовыя да адпраўлення. Машыніст бачыць жоўтыя сцяжкі і разумее, што можна смела рухацца», — тлумачыць правадніца.
Здараецца, што і чырвоны трэба паказаць.
Бывае, што пасажыр спазняецца, бяжыць за цягніком, вось-вось скочыць на прыступку. У некаторых праваднікоў ёсць свая «фішка»: калі яны бачаць, што чалавек зараз ухопіцца за парэнчы, яму могуць крыкнуць: «Мужчына, а вы тэлефон згубілі». Чалавек спыняецца і адстае ад цягніка. Робяць гэта не для таго, каб нашкодзіць, а каб чалавек не атрымаў траўму.
Дарэчы, ужо ў Калінкавічах мы на свае вочы ўбачым, як за цягніком бег мужчына і не хацеў адпускаць тую жанчыну, якую праводзіў. Але пра гэта пазней.
Начальніца цягніка: у праваднікі пайшла, каб выхоўваць сына па чарзе з мамай
Вольга Бінда працуе начальнікам цягніка Гомель — Гродна ўжо трэці год. А на чыгунку прыйшла ў 2001 годзе.
«За гэты час здаралася шмат чаго. Гэта ж дарога, людзі. Па-рознаму бывае. І п'яных даводзілася ссаджваць, і сваркі паміж пасажыркамі супакойваць, і роды прымаць, і Новы год у дарозе сустракаць. Няпраўда, што ў святы працаваць складаней. Не. Весялосці ў цягніку няма. Ніхто нават спіртнога не ўжывае. Чаму? Ды таму што ў навагоднюю ноч ездзяць сумныя людзі. Тыя, хто кудысьці спазніўся, або тыя, каго ніхто не чакае», — адказвае Вольга.
«Да чыгункі я працавала бухгалтарам, сямейнае жыццё не склалася, адна выхоўвала шасцігадовага сына. Мама мая працавала правадніцай. Яна і прапанавала перайсці да яе. Заробкі на чыгунцы былі вышэйшыя. Мы ездзілі ў розныя рэйсы і па чарзе выхоўвалі сына», — расказвае Вольга.
Прафесія правадніцы настолькі зацягнула жанчыну, што ўжо другую адукацыю яна атрымала па спецыяльнасці.
«А калі прапанавалі пасаду начальніка цягніка, з радасцю пагадзілася. Хоць адказнасці і болей, але гэта новы, цікавы досвед. І пасажыры ў мяне самыя лепшыя, і брыгада самая прыгожая», — усміхаецца Вольга Бінда.
У Гомелі да самога Гродна ў цягнік сядаюць толькі 13 пасажыраў. Асноўны пасажырапаток пачнецца ў Калінкавічах.
Пакуль жа у вагоне едуць па 2-3 чалавекі. Адзін з першых пасажыраў — Руслан Бондараў. Ён едзе ў працоўную камандзіроўку.
Не пайшоў працаваць азеляняльнікам, бо на вуліцы працаваць холадна
Хлопец ходзіць па вагоне, просіць зарадзіць мабільны тэлефон. Праваднікі бачаць, што ён спрабуе ўтыкнуць зарадку ў разетку, над якой напісана: «Зарадка мабільных прыладаў забароненая», сварацца.
Начальніца цягніка Вольга Бінда тлумачыць, што цягнікі старыя і не прыстасаваныя для зарадкі мабільнікаў. Можа скокнуць напруга — мабільнік перагарыць. Пасажыр у такім выпадку мае права напісаць скаргу. Вось каб пазбегнуць непаразуменняў, у цягніках і забаронена зараджаць мабільныя прылады.
У чыгунцы разумеюць нязручнасць сітуацыі. Правадніцы могуць прапанаваць паўэрбанк. Паўгадзіны карыстання каштуюць 1 рубель 60 капеек.
Марафонбет сярод падпісчыкаў у сацыяльных сетках неўзабаве разыграе такую бескантактную зарадную прыладу. Падпісвайцеся і сачыце за навінамі.
Руслан Бондараў жа садзіцца ля акна, адкладае мабільнік убок і расказвае:
«Я сам з Гомеля. Працую на «Гомельдрэве», вырабляю мэблю: шафы, тумбы, сталы. Заробак у мяне 450 рублёў. Для мяне гэта нармальна. Я жыву адзін, без бацькоў. Заканчваў я Гомельскі прафесійна-будаўнічы ліцэй па спецыяльнасці «азеляняльнік». Але вельмі рады, што знайшоў гэтую працу. Бо азеляняльнікам давялося б працаваць увесь дзень на вуліцы. А тут, у цэху, цёпленька. У Гродна еду ў працоўную камандзіроўку. А так падарожнічаю не так часта. Мару з дзяўчынай сваёй у Маскву з’ездзіць. Нам яна падабаецца больш, чым Гомель. Там прыгожа», — расказвае пасажыр.
«Я выконваў усе фігуры вышэйшага пілатажу»
З Гомеля ў Рось, што на Гродзеншчыне, едзе Аляксандр Кульчыцкі. Ён гасцяваў у свайго бацькі, цяпер вяртаецца дадому. Аляксандр у дарозе чытае гістарычную кнігу.
«Я цяпер пенсіянер, часу вольнага шмат, вось і чытаю. Я — ваенны лётчык. Выйшаў у адстаўку ў званні падпалкоўніка, цяпер працую на пошце кіроўцам, развожу пенсіі па вёсках. І, ведаеце, бывае, заўважаю, што ў звычайнай вясковай бабулі пенсія большая за маю. Пытаюся: як так? А мне адказваюць, што то ж былая дзяржслужачая», — распавядае Аляксандр.
Канкрэтную суму Алякандр так і не назваў, але прызнаецца, што памерам пенсіі задаволены. Хапае яе і на яго з жонкай, і дзвюм дочкам дапамагаць.
Калі размова заходзіць пра авіяцыю, у Аляксандра запальваюцца вочы:
«Я ведаю пра авіяцыю ўсё», — прызнаецца суразмоўца.
Ён расказвае, што скончыў ваеннае вучылішча ў Стаўрапалі. Калі тут, у Росі, яшчэ існавала ваенная база, накіравалі на працу сюды.
Аляксандр не раз удзельнічаў у авіяпарадах на знішчальніках, выконваў і пятлю, і бочку.
«Я лётаў амаль у касмічным скафандры на вышыні 20 000 метраў. Гэта столь для некаторых знішчальнікаў. Лётаў вышэй за аблокі, там ужо неба бэзавага колеру».
Чаго не даводзілася рабіць за многія гады службы — гэта катапультавацца.
«У гэтым і адрозненне былой савецкай авіяцыі ад той жа амерыканскай. Наша авіяцыя разлічаная на тое, што пілот застаецца ў салоне самалёта да апошняга, часам рызыкуючы сваім жыццём, але ніколі не пакіне самалёт, калі яго падзенне можа прывесці да трагедыі. У цяперашніх самалётах пад крэсламі захоўваюцца неабходныя рэчы, каб выжыць, калі пілот вымушаны будзе катапультавацца ў тайзе. Дарэчы, тайга — самае сумнае месца для палётаў. Ляціш, а пад табой на 1000 кіламетраў лес. І ўявіць страшна, што тут давядзецца катапультавацца. Выратавальныя верталёты лётаюць на адлегласць 400 кіламетраў, і ты разумееш, што ў выпадку чаго цябе проста не дастануць. І гэтыя неабходныя рэчы, кшталту запалак ці сігнальных ракет, у лётчыкаў з’явіліся толькі пасля вайны. Быў выпадак, калі лётчык прызямліўся недзе ў тайзе. Яго доўга шукалі, але знайшлі, на жаль, ужо памерлым. А пры ім запіска была: «Ну і сволачы ж вы! Я абсалютна здаровы, але праз тое, што пры мне няма нават запалак, відаць, памру», — распавядае Аляксандр.
Акрамя працы пілотам, Аляксандр Кульчыцкі доўгі час быў інстуктарам па скачках з парашутам.
«Цяпер, канечне, неба не хапае. Толькі і застаецца глядзець кіно пра лётчыкаў. Паглядзеў «Экіпаж» новы. І мне спадабалася. Ёсць ляпы і недарэчнасці, але глядзіш і ганарышся. Галоўны ж герой фільма наш, прыйшоў у грамадзянскую авіяцыю з ваеннай. Пілоты пасажырскіх самалётаў так не ўмеюць», — разважае Аляксандр Кульчыцкі.
***
БК Марафон: Хто атрымае «Оскар» за найлепшы фiльм — «Аднойчы ў Галівудзе», «1917», «Паразіты», «Джокер» ці іншы?
***
Як я магу варажыць людзям, калі ў сваім жыцці разабрацца не магу?
У Калінкавічах на пероне разыгралася драма. За хвіліну да адпраўлення цягніка, калі правадніца падняла платформу і дастала жоўты сцяжок, нейкі мужчына бег за цягніком, чапляўся за парэнчы і крычаў жанчыне, якую праводзіў:
«Не пушчу, калі ты зараз з’едзеш — ты больш ніколі да мяне не вернешся».
Спрабаваў ускочыць у цягнік, але правадніца патлумачыла, што будзе вымушана аштрафаваць яго за безбілетны праезд. Мужчына яшчэ крыху прабег па пероне, дацягнуўся да шаліка жанчыны, якую ён праводзіў, сцягнуў яго з яе шыі і застаўся ў Калінкавічах.
Жанчына, якую ён праводзіў, заняла бакавое месца, замовіла сабе кавы. Спачатку казала, што яе жыццё наўрад ці будзе нам цікавым, але, адпіваючы глыток за глытком, падзялілася сваёй гісторыяй.
«Я наогул не павінна была прыязджаць у Калінкавічы. Я сама са Слоніма. Завуць мяне Валя, мне 35 гадоў. Я замужам, у мяне 8 дзяцей. Я адношуся да той нацыянальнасці, дзе аддаюць замуж без жадання дзяўчыны. І я нават уявіць сабе не магла, што калісьці змагу па-сапраўднаму пакахаць. Мы пазнаёміліся ў інтэрнэце. У нас абаіх аднолькавае, рэдкае для цыган, прозвішча. Ён напісаў, думаў, што мы сваякі. Сталі перапісвацца ўсё часцей. На гэтыя выходныя ён упершыню паклікаў мяне да сябе. Мужу я схлусіла, што еду па справах. А цяпер я не ведаю, што мне рабіць. Я адразу прызналася, што ў мяне 8 дзяцей, а ён даказвае мне, што гэта не праблема, што ён працаўладкаваны, што гатовы забяспечваць і мяне, і маіх дзяцей, і сваіх дзвюх дачок. А я не ведаю, што мне рабіць. Мужу прызнацца страшна. Адказваць давядзецца не толькі перад сям’ёй, але і перад народам», — расказвае Валя.
Валя расказвае, што яна выйшла замуж у 17 гадоў. Муж яе скраў.
«Я паехала ў Баранавічы на хрэсьбіны да сваякоў, а там звычайна ўся радня збіраецца. Свайго будучага мужа я ведала даўно, ставілася да яго як да свайго сябра. І заўважыла, што на застоллі ён усё падлівае і падлівае мне віно. І ўгаворвае: усё будзе добра, я прасачу за табой. А я ачуняла толькі ў машыне, ён мяне вёз да сябе дадому. Я плакала, прасілася. Ён сілай узяў. І што мне было рабіць: дадому вяртацца нельга. Інакш адзелі б хамут», — расказвае Валя.
Валя расказвае гісторыю і круціць у руках тэлефон, які бясконца звоніць:
«У нас бывае і такое, што муж ад рэўнасці можа і зарэзаць жонку. А ў цыган не прынята па дапамогу звяртацца ў міліцыю, толькі да старэйшага цыгана. Калі здараецца такое, збіраюцца старэйшыя цыганы і вырашаюць, як караць таго, хто правініўся. Самае страшнае пакаранне — гэта калі цыгана адлучаюць ад народу. Яму даецца асобная міска, асобная лыжка, асобная шклянка. За агульны стол яго не садзяць. Калі рашуся пакінуць сям’ю, то мяне можа чакаць такое пакаранне», — разважае Валя.
Калі мы з Валяй закранулі тэму стэрэатыпаў, звязаных з цыганамі, яна сказала:
«Вось кажуць, што ўсе цыгане варожаць. А як я магу варажыць камусьці, калі я ў сваім жыцці разабрацца не магу? Цыгане варожаць усё радзей і радзей, коней больш не крадуць. Цыгане спяваюць. Гэта праўда. Калі ты не ўмееш спяваць, ты не цыган. Цыгане становяцца больш цывілізаваныя. Маёй старэйшай дачцэ 15 гадоў. У гэтым узросце яна павінна насіць спадніцы за калена. А яна мне адказвае: «Мама, адвалі, я не хачу жыць па цыганскіх законах. Хачу па беларускіх. І калі яна захоча выйсці замуж за беларуса, мы павінны будзем з гэтым пагадзіцца. А вы ведаеце, як у нас палохаюць непаслухмяных дзяцей? «Будзеш сябе блага паводзіць, аддамо цябе рускім», — усміхаецца Валя.
Саладуха — ідэальны пасажыр, а вось Жукаў з «Руки вверх» засмеціў увесь вагон
Увесь шлях нас суправаджае правадніца Ганна Курэйка. Працуе яна на чыгунцы даўно. Расказвае, што нават пазнае некаторых пасажыраў і прызнаецца, што здаралася вазіць і зорак.
«Саладуха ехаў. Прычым набыў квіток у звычайнае купэ, з ім разам іншыя пасажыры ехалі. Вельмі сонечны чалавек. Сфатаграфаваўся з намі, аўтограф пакінуў. Песні пра вінаград, праўда, не спяваў. А быў выпадак, калі расчаравалася ў так званых «зорках».
Мужчына ехаў, выйшаў з купэ ў цёмных акулярах, у кепцы, падышоў да мяне, кажа: «Я Жукаў, дзе можна пакурыць». А я думаю: што за начальнік такі на чыгунцы Жукаў, што я павінна яму дазволіць пакурыць? Пасля дзяўчаты-правадніцы патлумачылі, што гэта саліст «Руки вверх». Яны ехалі ў купэ, але на 12 чалавек выкупілі ўвесь вагон. Пасля сябе такі бруд пакінулі! Я вынесла шэсць вялізных мяхоў для смецця», — расказвае правадніца.
Ганна лічыць прафесію правадніцы падобнай да прафесіі псіхолага.
«Гісторый шмат здараецца. Бывае, што плачуць пасажыры, дзеляцца нейкімі сваімі сакрэтамі, перажываннямі. Выслухоўваеш, супакойваеш. Бывае, што пасажыры адстаюць ад цягніка. Даводзіцца складаць акты і здаваць рэчы на найбліжэйшай станцыі. Бывае, што больш бегаеш за дзецьмі па вагоне, чым іх бацькі. Тлумачыш, што па вагоне бегаць небяспечна, вось і даводзіцца даганяць дзяцей, спыняць, каб выпадкова не параніліся дзе», — расказвае Ганна Курэйка.
***
БК Марафон: Хто стане супернікам Карлсена Магнуса ў барацьбе за шахматную карону?
***
«Мама, выпі соку!»
У адным з вагонаў едзе сапраўдны дзіцячы садок. На гадзінніку каля дзесяці гадзін вечара, у вагоне прыглушанае святло, дзеці ўкладаюцца спаць і рагочуць. Разам з імі смяецца іх мама Рыма і бабуля Валянціна.
«Мы нашым табарам едзем у госці да маёй дачкі ў Гарадзею з Хойнікаў», — расказвае Валянціна.
«Муж Рымы — дальнабойшчык, адразу з рэйсу паехаў туды, нас там чакае. Вось вы, карэспандэнты, адкажыце нам на пытанне: чаму ў нашай краіне шматдзетнаму бацьку нельга знайсці працу каля дому, каб добра аплачвалася, чаму ён вымушаны па замежжах ездзіць?» — пытаецца Валянціна.
«Мама, памаўчы, выпі соку!» — жартуе Рыма.
А Валянціна працягвае:
«У нас вельмі дружная сям’я. Мы жартамі толькі і ратуемся. Збяромся разам і смяёмся, хаця, бывае, плакаць хочацца. Чатыры гады таму я пахавала свайго сына, яму 32 гады было, усе Хойнікі прыйшлі яго хаваць, сем месяцаў таму пахавала мужа», — працягвае Валянціна.
«Мама, папі соку, ты зараз усе сямейныя таямніцы выдасі», — зноў усміхаецца Рыма.
На паліцах спрабуюць заснуць чатыры хлопчыкі і дзяўчынка. Усе — дзеці Рымы.
«Так, я шматдзетная маці, нават дакументы збірала на тое, каб атрымаць ордэн, але мяне завярнулі, сказалі, што калі ёсць нейкія правапарушэнні, штрафы, то ордэн не дадуць. А ў мяне ёсць штраф за перавышэнне хуткасці», — прызнаецца жанчына.
«Што за законы такія? Суседку шматдзетную таксама развярнулі, калі даведаліся, што ў яе быў штраф за тое, што пераходзіла дарогу без флікера. А ў Рымы быў штраф, калі везла сына ў бальніцу. Вову, нашаму старэйшаму, тры разы аперацыю на сэрца рабілі. А калі Рыма везла малодшага з раддома, наогул у страшную аварыю трапілі», — расказвае Валянціна.
«Мама, сок!» — спрабуе спыніць маму Рыма.
«Перад Новым годам гэта было. Рыма якраз нарадзіла, сама за рулём везла сына з раддома. Трапілі ў аварыю, іх выкінула з салона. Дактары, што прыехалі на месца, нават не звярнулі ўвагі спачатку на немаўля, падумалі, што лялька на снезе валяецца, ратавалі Рыму. Дзякуй Богу, што ўсё абышлося»,— расказвае Валянціна.
У Валянціны зараз васьмёра ўнукаў і дзве ўнучкі.
«Я шчаслівая бабуля», — усміхаецца жанчына і нарэшце налівае ў кубачак сок.
***
Ноч у цягніку прайшла спакойна. Ніхто не спяваў песень, не плакаў, не сварыўся. Людзі развітваліся, дзякавалі праваднікам і сыходзілі ў ноч.
Раніцай у Гродна прыехала не так шмат чалавек. З мінскай 61 гімназіі прыехалі на экскурсію старшакласнікі, з букетам руж да дзяўчыны Вікторыі прыехаў з працы Фёдар. Расказвае, што сеў у цягнік у Гомелі, па кветкі паспеў выбегчы ў Мінску, пакуль стаяў цягнік.
Калі мы таксама сышлі на канцавой станцыі Гродна, пачулі, як наша правадніца зычыць правадніцы цягніка, які толькі-толькі адышоў ад перона:
«Зялёненькага табе!» —
гэта значыць «у добры шлях» па-чыгуначнаму.
Партнёр матэрыяла — Букмекерская кантора Марафон
Марафонбет — гэта заўсёды высокія каэфіцыенты, велізарны выбар спартыўных падзей і хуткія выплаты!
Каментары